Яе думкі ляталі ў Гродна

| Без катэгорыі

 

Выданне “Зоська Верас. Я помню ўсё” – першая сёлетняя кніга з серыі “Гарадзенская бібліятэка”.

 

Здаецца, яшчэ нядаўна на адзначэнні 120-х угодкаў з дня нараджэння Людвікі Сівіцкай (сапраўднае імя Зоські Верас), Міхась Скобла зазначаў, што вядзецца праца над двухтомнікам яе эпісталярнай спадчыны. А ўжо сёння мы бачым вынік працы спадара Міхася – выданне, якое цалкам прысвечана Гарадзеншчыне.

Назва “Я помню ўсё” – гэта дэклярацыі Зоські Верас, выказаная ў лісце да аднаго з маладзейшых сяброў. Кніга змяшчае ў сабе ўспаміны ды 386 лістоў, якія былі накіраваны на Гарадзеншчыну.

Адрасатамі пісьменніцы сталі Аляксей Пяткевіч, Данута Бічэль, Мікола Таранда, Аляксандр Госьцеў, Ларыса Геніюш, Алесь Белакоз ды шмат іншых выбітных асоб нашага рэгіёну. Некаторыя з іх узялі ўдзел у сустрэчы і падзяліліся сваімі ўспамінамі.

З Мінску адмыслова на прэзентацыю прыехаў Анатоль Сідарэвіч

 

Аляксей Пяткевіч адзначыў вялікі ўклад Міхася Скоблы ў выданне. Па яго словах, зроблена вялікая даследчая праца, якая стала вядома не толькі спецыялістам гэтага кірунку, але і звычайным чытачам.

Данута Бічэль расказала пра сваё знаёмства з Зоськай Верас. Тая, атрымаўшы пенсію, не ведала, што з ёй рабіць і хацела ахвяраваць на карысць музея Максіма Багдановіча.

 

     
  “Мае думкі часта лятуць у Гродна – да ценяў дзядоў маіх, да ўспамінаў аб шчырай заўзятай працы ў Гродзенскім гуртку беларускай моладзі, дзе я стала на беларускую дарогу, па каторай іду ўжо 71 год”. (З ліста Зоські Верас да паэткі Дануты Бічэль)  
     

Прэзентацыя кнігі завяршылася музычным экспромтам ад Яўгена Петрашэвіча.

 

Здымкі Яна Лялевіча