За што ўкраінцы любяць Лукашэнку?

Кіраўнік дзяржавы застаецца ў гісторыі тады, калі ягоная асоба выходзіць за маштабы гэтай дзяржавы. Пажадана, каб да прозвішча яшчэ дадавалася характэрнае “…ізм”. Чавізм працягвае фармаваць палітычны клімат сярод джунгляў ды плантацыяў кокі, лукашызм – на тусклых заснежаных прасторах СНД.


“Нам такога трэба як Гітлер. Альбо Сталін. Ці як ваш  хаця б, Лукашэнка, – дзеліцца думкамі Віця, які нам кладзе плітку на кухні ў Львове, слухае з мабільнага папераменна песні УПА ды расейскі блатняк – Лукашэнка  як што – адразу ў турму!”

 

Украінская палітыка сапраўды нагадвае цырк, а яшчэ разбітыя дарогі, хабарніцтва на кожным кроку… На гэтым тле вобраз “жорстакага, але справядлівага” кіраўніка суседняй дзяржавы стае прывабным.


“Ну заходзіў я да вас у Менску на офіс БНФ, кніжак купіць, паслухаў… там жа жыды адныя! А Лукашэнка – дарогі робіць, будуе, не тое, што тут”, – пераконвае Міша – інтэлігентны тып у аўстрыйскай шапцы з трызубам, гандляр кніжкамі ды антыкварыятам каля помніка Фёдараву на Падвальнай, прыхільнік аўтаноміі Заходняй Украіны (у межах ЗУНР), стоадсоткавы “заходнік”.

 

Усе гэтыя людзі, звычайныя ўкраінцы, кажучы простай мовай, не любяць Януковіча і завочна любяць Лукашэнку, на якога Януковіч апошнім часам хоча быць падобным, каб атрымаць свой кавалачак народнай любові.


“Толькі ў моцнай уладзе сёння паратунак для нашай дзяржавы ды эканомікі… Пры слабым прэзідэнце нашыя дамарошчаныя лібералы і дзермакраты пад размовы пра агульнае дабро ўсіх нас без штаноў пакінуць ва ўласнай краіне”.

 

Згадзіцеся, фраза нібы “скатаная” школьнікам з падручніка, які ляжыць на каленях пад партай падчас кантрольнай. Не хапае хіба “пятай калоны” ды “адмарозкаў”, але ўсё прыйдзе – з часам…

 

Заканадаўчыя змены ў нашых паўднёвых суседзяў ідуць да абмежавання дэпутацкай недатыкальнасці, а таксама да мажлівасці прэзідэнту ўводзіць надзвычайнае становішча ў краіне па надуманых прычынах. Гэта – канец парламенцкай апазіцыі і вольніца для сілавікоў. Лёс беларускай парламенцкай апазіцыі ў асобах дэпутатаў ХІІ склікання ды імклівае ператварэнне парламенцка-прэзідэнцкай рэспублікі ў прэзідэнцкую – вядомы прыклад.


“Падобна на тое,піша ўкраінскі «Тиждень», – што ў Адміністрацыі Януковіча запланавалі ўзурпацыю ім улады за беларускім прыкладам. Аднак у гэтым выпадку рызыка для яго палягае ў тым, што Украіна не Беларусь, а ён не мае таго ўзроўню падтрымкі, як Лукашэнка ў беларусаў у сярэдзіне 1990-х”.

 

align=”left” alt=”тиждень, путін і діти” >Януковіч мае грошы, адміністратыўны рэсурс, падтрымку Крамля, але не мае таго, што меў Лукашэнка, а менавіта тысячаў перапужаных пенсіянераў у чэргах за мясам, якія яму тады, у 90-х, ПАВЕРЫЛІ.

 

Зрэшты, гэтага не мае зараз і сам Лукашэнка. Таму, закручванне гаек ва Украіне на беларускі манер бясспрэчна перарасце ў канфлікт, куды больш жорсткі за нашу Вясну-1996, альбо нават за іх Майдан-2004.

 

…Сутыкаючыся з хабарніцтвам адразу на памежным пераходзе “Удрыцк” альбо прабіраючыся напрамкі па калена ў снезе ў вёску (500 хатаў!) за 30 км ад Львова, бо дарогу замяло, загадзя ведаючы, што там не будзе святла, мімаволі ўзгадваеш Лукашэнку.


“А што калі б… ён быў нацыяналістам?” Чым блага? Дыпламатыя кіраўніка РБ мала адрозніваецца ад дыпламатыі Вітаўта Вялікага, які рэгулярна здраджваў сябрам і перыядычна знянацку пачынаў любіць ворагаў. Падборка кадраў нацыянальнага героя генерала Булак-Балаховіча мала адрознівалася ад сучаснай адміністрацыі прэзідэнта – калі не браць у разлік Хведашчэню ды Дземідава, гэта амаль выключна расейскія адстаўнікі імперскіх поглядаў і сумнеўных маральных якасцяў.

Лукашэнка выгадна глядзеўся на фоне рамантыкаў з філалагічнай адыкацыяй у 90-х, бізнэсмэнаў ад палітыкі ў 2000-х, на вашым фоне, дарагі чытач, бо вы не знайшлі сабе лепшага занятку за чытанне гэтага артыкула (я ж, вядома, проста хачу зарабіць на вас).

 

Лукашэнку-нацыяналісту шмат што можна было б прабачыць, зачыніць вочы, пасмяяцца з недарэчнага жарту, пахваліць за эрзац-ільняны касцюм сярод жытняга поля, адчуць унутраны ўздым і трымценне падчас трансляцыі грандыёзнага вайсковага параду пад б-ч-б сцягамі, абарваць крытычную рэпліку суседа наконт самі ведаеце каго: “Сям’я – справа асабістая, не замінай прэзідэнту!”

 

Што ж, нацыя з цмяным і неясным паходжаннем, выбрала сабе “бацькам” адпаведную ва ўсіх сэнсах асобу, якая і мае скончыць працэс яе фармавання. Маці ў дадзеным працэсе – істота лішняя…

 

Але лукашызм – гэта спакуса. Мірскі замак, слуцкія паясы, беларускія білборды – усё гэта творчасць некага з каманды прэзідэнта,  для яго гэта – назаўжды чужое. Ды і інтарэсы ён прадстаўляе хіба ветэранаў НКВД (а не перапужанага фрэзероўшчыка ў чарзе за мясам), а яшчэ былых ментоў, канваіраў, стукачоў, сілавікоў усіх масцей, якія засталіся ў нашай краіне пасля развалу “Імперыі зла” як водарасці на беразе пасля прыбою.

 

Прывабны, як залачоная барочная рамка для антыквара, шлях дыктатуры – шлях да катастрофы. Гітлер, Чаўшэску, Кадафі – усе яны добра пачыналі, але сканчалі аднолькава. Таму хай з хуткім канцом гэтага рэжыма стане менш на аднаго пост-камуніста, чым на аднаго нацыяналіста.

 

     
  Меркаванне аўтара можа не супадаць з меркаваннем рэдакцыі  
     

 

 

 

Алесь Кіркевіч – сталы аглядальнік “Твайго Стыля”

 

Іншае аўтара:

Сёння для Заўтра

Беларусь перад “канцом свету”

Казкі пра казачкоў