Ітан Голдрыч: “У Беларусі можна спазнаць велізарны пласт гісторыі”

|

ТС: Ваш візіт у Гродне для большасці жыхароў – падзея нязвыклая. Наогул, падаецца, што ў рэгіёнах не тое, што дзейнасць, а само існаванне амбасады ЗША незаўважнае.


Ітан Голдрыч: Відаць, гэта звязана з тым, што зараз нас усяго пяць чалавек, а не 35, як было да 2008 года, калi  ў сувязі з уведзенымі беларускім урадам у аднабаковым парадку абмежаваннямі на колькасць амерыканскіх дыпламатаў, якім дазволена працаваць у Беларусі, амбасада ЗША была вымушана скараціць свой штат, а амбасадар – пакінуць Беларусь.  Але мы мусiм не засіжвацца ў Мінску праз гэта. Я ўжо паспеў пабываць ў трох з пяцi абласных цэнтраў. Без улiку Мiнска.

 

Акрамя таго, трэба ўлічыць, што хаця амерыканскiх дыпламатаў у Амбасадзе толькі пяцёра, наша прысутнасць у рэгіёнах — справа i iншых людзей, напрыклад, супрацоўнікаў Агенцтва ЗША па міжнародным развіцці і аддзела інфармацыі, культуры і адукацыі Амбасады, якія даволі актыўна працуюць з iншымi гарадамi Беларусі, ладзячы культурныя мерапрыемствы, прэзентацыi матэр’ялаў, праграмы абменаў.

Тут, у Гродне, мы супрацоўнічаем з універсітэтам імя Янкі Купалы ўжо шмат год, яшчэ з 1990-ых. Амерыканскія выкладчыкі прыязджаюць сюды, каб вучыць ангельскай мове, а беларускія выкладчыкі могуць паехаць на стажыроўку ў ЗША.

 

Мы таксама падтрымліваем адносіны з бібліятэкамі ў розных кутках краіны, у тым ліку з бібліятэкай у Гродне. Учора (28 лютага – рэд.) мы перадалі ў бібліятэку імя Карскага англамоўныя кнігі, відэа, а таксама чыталкі Kindle.

 

Такога кшталту адносіны мы стараемся падтрымліваць па ўсёй краіне.

 

Вы пабывалі ў рэгіёнах, а ці бачыце паміж імі адрозненні? Паміж рэгіёнамі і сталіцай?

 

Думаю, з пункту гледжання архітэктуры, можна знайсці адрозненні. Вядома, што першае ўражанне заўсёды залежыць ад знешняга выгляду.

 

Перад тым, як сюды прыехаць, я даведаўся, што Гродна ў час ІІ сусветнай вайны не стаўся ахвярай такіх маштабных знішчэнняў, як іншыя гарады. Таму вы маеце больш старых будынкаў, больш разнастайных стыляў прадстаўлена ў архітэктуры.

Учора мы наведалі каталіцкую катэдру, таксама сінагогу, якую аднаўляюць. Гэтым будынкам споўнілася ўжо не адна сотня год. У Мінску таксама ёсць прыкметы даўніны, але там шмат будынкаў у цэнтры было пабудавана ўжо ў пасляваенны час.

 

Думаю, мая жонка пагадзіцца са мной, што ўсе гарады, якія мы наведалі, вельмі прыгожыя. Агульны стыль і архітэктура цікавыя для нас, бо мы ніколі раней не жылі ў гэтай частцы свету.

 

Калі казаць пра іншыя адрозненні, то, канешне, відавочна, што гарады адрозніваюцца памерамі. Што тычыцца людзей, дык, думаю, яны прыкладна такія самыя ўсюды. Вельмі цяжка казаць пра спецыфіку месца і яго жыхароў, калі мы ў Гродне толькі на тры дні.

 

Але я пазнаю гісторыю і ўжо ведаю, што адрозненні могуць вынікаць з рознага мінулага рэгіёнаў. Гэтая частка Беларусі развівалася інакш, бо была далучана да савецкай Беларусі пазней.

 

Што чакаць ад Вашага візіту ў Гродне, якіх наступстваў?

 

У час візіту мы сустрэліся з мясцовымі ўладамі, прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасці і палітычных партый, наведалі ўніверсітэт і паразмаўлялі там з кіраўніцтвам, студэнтамі, выкладчыкамі ды амерыканцамі, што выкладаюць тут.

 

Вельмі цікавай была сустрэча са студэнтамі, а таксама з вучнямі школ у бібліятэцы. Для мяне гэта была самая радасная частка візіта – размовы з моладдзю, спробы патлумачыць ім, напрыклад, чым мы ў Злучаных Штатах ганарымся.

 

Спадзяюся, што візіт дазволіў пабачыць, чым займаецца амбасада ЗША ў вашым рэгіёне, людзі мелі магчымасць задаваць пытанні, даведвацца пра тое, што іх цікавіць.

 

Пяройдзем да больш агульных пытанняў. Ці ёсць у вас дадзеныя, колькі амерыканцаў жыве ў Беларусі і чым яны тут займаюцца?

 

Мы не маем дакладнай статыстыкі, я магу толькі меркаваць, што ў вашай краіне жыве некалькі сотняў амерыканцаў, менш за тысячу. Яны тут жывуць па вельмі розных прычынах.

 

Дакладнай статыстыкі няма, бо амерыканцы не мусяць адзначацца ў амбасадзе. Ёсць амерыканцы, што стварылі з беларусамі сем’і, таму яны тут па сямейных прычынах. Ёсць беларусы, што эмігравалі ў ЗША ды вярнуліся і могуць мець больш за адно грамадзянства. Ёсць амерыканцы, што прыехалі сюды выкладаць у навучальных установах. Трошку ёсць тых, хто знаходзіцца тут па працы ці па бізнэс-справах.

 

А калі казаць, наадварот, пра тое, колькі беларусаў выязджае ў ЗША?

 

Калі мы пачыналі інтэрв’ю я казаў, што штат супрацоўнікаў амбасады зараз вельмі малы, таму мы больш не можам забяспечыць поўнай консульскай абслугі. Вымушанае скарачэнне штату істотна абмежавала магчымасці амбасады па ажыццяўленні ўзаемавыгадных дыпламатычных праграм і стасункаў, уключаючы культурныя і адукацыйныя абмены, праграмы дапамогі і візавыя паслугі.

 

Толькі вельмі вузкая катэгорыя асоб можа атрымліваць візы ў нас, а не ездзіць па гэтай справе ў суседнія краіны. У гэтую катэгорыі трапляюць афіцыйныя асобы, асобы, якія збіраюцца ў Штаты па праграмах абмену, асобы ў вельмі сталым узросце, якім больш за 70 год, для якіх дадатковыя падарожжы могуць быць складанымі, таксама вельмі хворыя асобы.

 

Іншыя вымушаны звяртацца па візы ў амбасады ЗША ў суседніх краінах. Спадзяемся, што сітуацыю ўдасца палепшыць, але гэта залежыць ад крокаў беларускага ўраду.

 

Вяртаючыся непасрэдна да пытання, то, канешне, беларусы атрымліваюць візы і ездзяць у Штаты. Летась беларусам было выдадзена больш за 11 тысяч віз у ЗША.

 

У Штатах яны таксама займаюцца ўсімі магчымымі справамі: вучацца, працуюць і займаюцца бізнэсам, проста падарожнічаюць, мігруюць. Калі казаць пра агульную колькасць беларусаў у ЗША, то гэтага нават нельга прыкладна палічыць. Шмат людзей з’ехала ў Штаты пасля распаду СССР.

 

А калі мы звернемся яшчэ раней у гісторыю, на нейкія сто год, то ўбачым, што вельмі шмат амерыканцаў могуць шукаць свае карані ў Беларусі. Сярод іх вельмі знакамітыя амерыканцы.

 

Што ў такім разе амерыканцы думаюць пра Беларусь?

 

Добрае пытанне. Думаю, праблема ў тым, што мноства амерыканцаў наогул няшмат ведае пра Беларусь, бо гэта ўсё яшчэ новая краіна, што з’явілася пасля распаду Савецкага Саюзу.

 

Для амерыканцаў таксама крыху складана атрымаць візу, каб прыехаць у Беларусь. Гэта зусім не відавочны напрамак для тых, хто выбірае, куды паехаць у адпачынак. Хаця б таму, што гэта вельмі далёка.

 

Таму, у першую чаргу трэба, каб людзі наогул зразумелi, што ёсць такое месца на планеце, вельмі прыгожае і захапляльнае для тых, хто цікавіцца гісторыяй, прыродай і культурай. Многае тут можа быць цікава, але паколькі гэта вельмі далёка, наўрадці можна чакаць вялікай колькасці амерыканцаў у якасці турыстаў.

 

Дарэчы, адзін з накірункаў дзейнасці, у якім працуе нашая амбасада, гэта праграма развіцця эка-турызму на Гарадзеншчыне і Брэстчыне, у якой мы працуем з Праграмай развіцця ААН і Міністэрствам спорту і турызму Беларусі. Калі гэты напрамак турызму ўзмацніцца, мяркую, больш людзей з Еўрасаюзу зацікавіцца адпачынкам у Беларусі.

 

А што вас асабіста больш за ўсё зацікавіла ў гісторыі і культуры Беларусі?

 

Усё! Я шмат вучуся пра вашу гісторыю і культуру, нават проста знаходзячыся тут. Мы мелі магчымасць наведаць Мір і Нясвіж, даведацца трошку пра даўнейшую гісторыю, сярэднявечча. Спрабавалі зразумець, што гэта значыць, калі заходняя частка краіны была аддзеленая і знаходзілася ў Польшчы: уплыў бачны ў архітэктуры, у рэлігійным жыцці.

 

Каб зразумець трагічны досвед краіны ў часе ІІ сусветнай вайны, мы наведвалі месцы памяці – Хатынь, мінскую Яму… Пабачылі брэсцкую крэпасць. У Брэсце, дарэчы, пачулі таксама крыху пра І сусветную, бо там быў падпісаны Брэст-Літоўскі мір. Былі і ў Курапатах.

 

Наведалі маёнтак Касцюшкі, дзе святкавалася 267-ая гадавіна з дня яго нараджэння.

 

Тут можна спазнаць велізарны пласт гісторыі, вельмі цікавай. І я гэтаму рады.

 

Дзякуй вялікі за размову!


Здымкі Яна Лялевіча