“Твой стыль” запрашае на лекцыю Фелікса Акермана

|

Лекцыя адбудзецца ў чацвер 25 красавіка, пачатак у 17.00. Месца правядзення  – бар “Куба”, вул. Калючынская, 12 (у сутарэннях, злева ад галоўнага ўваходу).

 

Тэма лекцыі: “Мультыкультуралізм у Беларусі? Мінулае і будучыня культурнай разнастайнасці ў агульнаеўрапейскай і лакальнай перспектыве”

 

Раз на два гады ў Гародні праходзіць фестываль нацыянальных культур, які адлюстроўвае асаблівую постсавецкую практыку прэзентацыі этнічнай разнастайнасці. Але як гэта суадносіцца з практыкамі паўсядзённага жыцця розных сацыяльных групаў? І як можа спрыяць з’яўленню вымярэння мультыкультуралізму ў сучаснай Беларусі?

 

Гісторыя Гродна – гісторыя перыядычнай змены адной улады на іншую, і тым, хто яе атрымаў, заўсёды прыходзілася мець справу з лакальнай культурнай і этнічнай разнастайнасцю. Улады царскай Расіі, Польшчы, Германіі ды Савецкага Саюза мелі свае канцэпты этнасу і нацыянальнасці ды ўжывалі іх да насельніцтва рэгіёну. Змена гэтых канцэптаў была ў цэнтры лакальнай гісторыі горада на працягу ўсяго ХХ стагоддзя.

 

Фелікс Акерман на аснове свайго ўласнага даследавання прадэманструе, як змяняліся ўяўленні пра этнічнасць, а таксама як іх выкарыстоўвалі пры разбурэнні мясцовых супольнасцяў у Гродне. Ён разгледзіць наступныя пытанні: ці былі ў міжваенным Гродне публічныя пляцоўкі, дзе этнічную разнастайнасць артыкулявалі і абмяркоўвалі? Ці ўплывае сучаснае развіццё этнічных супольнасцяў на ўзмацненне грамадзянскасці і ўзаемаразумення ў грамадстве? Нарэшце, ці мае наогул сэнс ужываць ліберальныя канцэпцыі правоў меншасцяў да сучасных беларускіх рэаліяў?

 

     
 

Фелікс Акерман (Felix Ackermann), PhD

 

Дацэнт DAAD па прыкладной культуралогіі ў ЕГУ. У 2008 годзе атрымаў ступень PhD па “культурнай гісторыі”, абараніўшы дысертацыю на тэму гісторыі этнічнасці Гродна. У 2011-м апублікаваў кнігу “Гарадзенскі палімпсест” (на нямецкай мове).

 

Вучыўся ў Франкфурце, Слубіцэ і Лондане, у 2001 годзе заснаваў Інстытут прыкладной гісторыі, які даследуе пытанні лакальнай памяці, публічнай прасторы і разнастайнасці ў “падзеленым горадзе”. У 2008–2011 гадах быў дырэктарам грантавай праграмы “Geschichtswerkstatt Europa” фонду “Erinnerung, Verantwortung und Zukunft”.