Беларуска-шведскі вечар памяці Юрыя Гуменюка пройдзе ў Беластоку

Вечарына адбудзецца ў межах беларуска-шведскага перакладчыцкага семінара, што пройдзе ў Беластоку 10-12 траўня.

Адзін з удзельнікаў імпрэзы, былы галоўны рэдактар гарадзенскай газеты “Пагоня” Мікола Маркевіч, сказаў, што запрашэнне на імпрэзу было для яго абсалютна нечаканым. “Проста пашанцавала. Я вельмі ганаруся, што мяне запрасілі менавіта на паэтычную вечарыну”.

 

Паэтка Валерыя Кустава расказала пра саму імпрэзу і пра сваё знаёмства з Юрыям Гуменюком:

 

– Дні шведскай і беларускай літаратуры ў самой Беларусі сёлета былі адмененыя ў сувязі з вымушаным ад’ездам амбасадара Швецыі Стэфана Эрыксана і часовым спыненнем праектаў амбасады.

 

Таму шведска-беларускiя днi былi перанесеныя ў гарады краiн-суседак, якiя з’яўляюцца культурнiцка блізкімі беларускай гiсторыi: Варшава, Львоў, Вiльня, цяпер – Беласток.

 

Ідэя аддаць вечарынай данiну памяцi Юрку Гуменюку, як я разумею, прыйшла пазней. Ён таксама ў свой час удзельнiчаў у беларуска-шведскiх днях. I, як на мяне, быў напраўду адораным паэтам, Богам пацалаваным. Толькi, на жаль, вельмi нешчаслiвым i не да самае рэшты спраўджаным у плане чытацкай i публiчнай запатрабаванасцi i сяброўскай увагi – а яна яму была больш чым неабходная – асабліва апошнія гады.

 

Бо ў самым пачатку свайго шляху – ён ззяў. Зрэшты, гэта класiчны лёс таленавiтага паэта. Iншае – хутчэй выняткi.

Ганна Аўчыннікава, Юры Гумянюк, Валерыя Кустава на літаратурным семінары “Бязмежжа 2009”


З Юркам у нас былi шчыльныя прыяцельскiя стаcункi, часам яны сканцэнтравалiся да больш блiзкiх, можна сказаць сяброўскiх, калi Юрка шчыраваў пра свае планы, спадзяваннi, праблемы ды расчараваннi… Апошнiм часам усё больш крыўды на свет было ў яго словах.

 

Думаю, добра, што мы пра Юрку не забываем. Успамiнаем яго у размовах, вершах, пасмяротную кнiгу яго твораў, наколькi мне вядома, зараз рыхтуе Алесь Аркуш… Таму запрашаю ўсiх беластоцкiх беларусаў далучыцца да нас 11 траўня ў Беластоку у галерэі Слендзінскага.

Юры Гумянюк прымаў удзел у Днях беларускай і шведскай паэзіі ў 2003, 2005 і 2007 гадах у Пінску і ў Гродне (на здымках – у Лунінцы). Націсніце на здымак, каб паглядзець у вялікім памеры.