Усё ж такі “Жыве”?

     
  Рэцэнзія ад Алеся Кіркевіча  
     

 

Герой стужкі – малады беларускі музыка Мірон (Зміцер Папко альбо “Вінсэнт”) мае адтэрміноўку ад войска, але патрапляе туды праз палітызаваныя песні, якія грае ягоны гурт. Сяброўка Мірона, журналістка Вера (Караліна Грушка) дзякуючы мабільніку вядзе блог “салдацкага адваката” у нэце, які стае вядомым на ўсю краіну. За справу бярэцца КДБ, пачынаецца паляванне…

 

Фільм, на жаль, напаткаў лёс стужкі Курэйчыка “Вышэй за Неба”. Публіка чакала ў якасці першых беларускіх больш-менш незалежных фільмаў убачыць “Ангельскага пацыента” альбо на худы канец “Уратаваць шэрагоўца Раяна”. А выйшлі дзве драмы пра сучасную Беларусь, нас з вамі ды нашых сяброў са школы ці ўнівера ў выкананні такіх жа маладых і зусім яшчэ не зорных актораў.

Калі казаць пра “Жыве Беларусь!”, то у фільме сапраўды шмат “трэшу”: дзедаўшчына, чарнобыльская зона, КДБ, наркотыкі, выбары, турма… Усё на купу. Але калі разбірацца, што непасрэдна ў фільме не адпавядае беларускай рэальнасці: сарваны канцэрт рок-гурта? Падкінутыя для камераў БТ шпрыцы ды бутэлькі ад гарэлкі? Фальсіфікаваныя выбары?.. У рэшце рэшт гэта тоўстая багетная рамка для сюжэту пра каханне і чалавечыя ўзаемаадносіны (прынамсі мне хочацца ў гэта верыць).

 

Беларусь у фільме (магчыма справядліва) ўяўляецца вялікай “чарнобыльскай зонай” за калючым дротам. Прычым “мутанты” у ёй зусім не хлопчык Пашка ці дзед Вінсэнтавіч, а “дзяды”, чэкісты, здатныя да здрады сябры ды саслужыўцы. “Мутанты” можа і не па ўласным жаданні, а па “месцы прапіскі” – так атрымалася…

Характэрным знакам часу ў фільме ёсць вобраз ідэйнага “апазіцыянера” акулярніка Шэрага – ахвяры здзекаў, які пад рогат сержанта жуе “Нашу Ніву” і “Народную Волю”… Шэры – чалавек пазіцыі, але не справы. За сваю мову і погляды ён гатовы пакутваць, але не змагацца, таму што “…грошаў не маю ды біцца не ўмею”.


Так, свядома ці падсвядома ў фільме выведзены тыпаж сучаснага апазіцыянера з ягонымі галоўнымі “балячкамі”. Але не ўсё так сумна: на змену збітаму да непрытомнасці Шэраму прыходзіць Мірон – не стойкі яшчэ ў сваіх перакананнях, але гатовы дзейнічаць тут і цяпер. І акурат ён мае шанец на перамогу.

 

Музыка Вольскага ў фільме аказалася вельмі дарэчнай. Гэта не “кастылі”, якія ратуюць безнадзейную карціну, а хутчэй спачатку ненавязлівыя, але ў выніку западаючыя ў галаву будучыя хіты – пабачым. Дарэчы, месца “трубадура рэвалюцыі” Вольскі так Ляпісу канчаткова і не здаў.

Часам ствараецца ўражанне, што галоўная прэтэнзія да стужкі з боку крытыканаў – яе “польскасць”. Маўляў, “палякі знялі казку для палякаў, на прагляд якой палякі не прыйшлі ў польскія кінатэатры”. А што вам да тых палякаў? Фільм пра Беларусь: тысячы беларусаў ужо пераглянулі яго ў сеціве, тысячы яшчэ пераглянуць.  Ці не гэта галоўнае?

 

“Жыве Беларусь” – гэта чалавечая гісторыя, якая магла адбыцца і адбываецца ў нашай краіне кожны дзень – з розніцай у часе ды імёнах галоўных герояў. І мне асабіста по-фігу, хварэў Франак Вячорка ў войску на каросту ці не. Дарэчы, а хто гэта такі?..

 

     
  Рэцэнзія ад Аляксея Шоты  
     

 

Усе, каму хоць троху цікава, ужо паглядзелі “Жыве Беларусь” і даведаліся, што фільм не зусім “пра Франака”. І што гэта наогул не фільм, а вельмі ўдалы “праект”, кажучы мовай грантацмокаў. Падручнікавы прыклад таго, як мае працаваць эфектыўны мэнэджар, таленавіты адміністратар, як зараз модна казаць.

 

Цяпер папулярны мем прэзідэнта “фальшыўка сфабрыкаваная ў Польшчы” атрымаў канкрэтны і вельмі грунтоўны змест. Шкада толькі, што любое такое выказванне Аляксандра Рыгорыча і цікавей і больш варта абмеркавання.

 

“ЖБ”, як усе ўжо ведаюць, гэта гісторыя музыкі, якога даволі выпадкова, у межах “выхаваўчай працы” пасылаюць у войска. Бачныя пэўныя паралелі з мінулагоднім “Вышэй за неба” – у абедзвюх стужках галоўны герой рок-музыка, у гурце якога лідарства падзелена паміж дзюмя асобамі (“добры” глаўгерой і “злы” другі франтмэн). Крыніцай праблем абодвух герояў робіцца ў пэўнай ступені кампаньён, што прэтэндуе на славу і лідарства.

Калі герой “Вышэй за неба” быў палітычна індыферэнтны, як і большасць маладых беларусаў, дык у героя “ЖБ” пазіцыя зусім дзіўная. Ён не проста спявае па-беларуску позерскі змагарскі трэш пра “старшыню калгаса” ў духу 90-х ці сярэдзіны 2000-х, але і ў жыцці размаўляе па-беларуску. Адначасова, Мірон як вагню баіцца палітызацыі сваёй творчасці. Як слушна заўважае галоўная гераіня, у якую ўвасобілася полька Караліна Грушка, у Мірона самая звычайная “шызафрэнія”.

 

У войску Мірон атрымлівае люлей ад быдланоў-дзядоў і становіцца ідэйным. Пачынаецца яго змаганне за статут на мове і рамонт у прыбіральнях. Астатняе лепш нашым чытачам пабачыць самім.

Дарэчы, у “Вышэй за неба” дзеянне адбывалася безумоўна ў Беларусі. А вось у “ЖБ” падзеі маюць месца ў не зусім дакладна вызначанай краіне, назавем яе “Беларусь Ж”, каб далёка не адыходзіць ад назвы фільма ды адной літарай апісаць агульную атмасферу, што пануе ў краіне.

 

“Беларусь” і “Беларусь Ж” адрозніваюцца прыкладна так, як Ірак і Іран. Здавалася б, толькі адна літара, але розніца прынцыповая.

 

Прыгоды Мірона ў “Беларусі Ж” глядзеліся б значна лепш, калі б не дурацкі супергеройскі элемент. Допісы галоўнага героя ў блогу, які ён нелегальна вядзе з войска, згодна з логікай кіно, непасрэдна ўплываюць на настроі грамадства, а ў выніку – прыводзяць да масавых пратэстаў у час прэзідэнцкіх выбараў. Сумнеўная прычынна-выніковая сувязь.

“Жыве Беларусь”? “Ale co to za życie?” – адказалі польскія гледачы, масава ігнаруючы сеансы палітычнай страшылкі з Лукашэнкалэнду. Затое фільм пойдзе “на ўра” сярод дзевачак-змагарак і тых, у каго “дзяўчына сябра калегі брата” змагла памахаць сцягам дзве секунды ў масоўцы.

 

“ЖБ” працягвае слаўную традыцыю найноўшага беларускага кіно, якую так любіць афэйсбучаная грамада. У фільме можна групай сяброў шукаць розных больш ці менш вядомых беларусаў і нават весці падлікі – хто налічыць больш “публічных асоб”. Хаця ролі-камеа беларускіх альтэрнатыўных дзеячоў пачынаюць паціху надакучваць.

 

У “Вышэй за неба” і “Жыве Беларусь” ёсць адна агульная праблема. Абедзве стужкі – занадта зацягнутыя рэкламныя ролікі. Першая – тыповая сацыяльная рэклама, другая – непрыхаваная рэклама Радыё Рацыя і нават Generation.by. Недасведчаны глядач можа падумаць, што гэта нейкія папулярныя і ўплывовыя СМІ. Дарэчы, а чаму, напрыклад, не Еўрарадыё і які-небудзь udf.by?

За што пахваліць “ЖБ”? Хіба за тое, як проста, крэатыўна і нават элегантна аўтары вырашылі пытанні з жорсткім польскім акцэнтам галоўнай гераіні. Аказваецца, яна полька, што ведае беларускую мову! Рэспект-паважуха за такі просты крок!

 

Можна пахваліць за некалькі каларытных персанажаў (галоўныя героі да іх ліку не адносяцца), за спробу беларусізаваць “Full metal jacket” Кубрыка, за спробу вярнуць папсавіка Вольскага ў рок-рэчышча. За тое, у рэшце рэшт, што зэканоміш свой час у будучыні, бо фільм ужо ніколі не будзеш пераглядаць другі раз – усё зразумела, куды ж ужо прасцей.

 

А яшчэ “ЖБ” можна пахваліць за дыскусіі, якія стужка ўжо выклікала. Бо ў спрэчцы недзе глыбока заўсёды існуе ісціна.