“Народны рэферэндум” – нашае новае Адраджэнне

Гіпераптымістычны погляд – у фельетоне Змітра Ягорава (на малюнку).

 

Ідэя “Народнага рэферэндума” – вельмі класная рэч. Па-першае – гэта дазволіць скансалідаваць усе дэмакратычныя сілы Беларусі, гэта дасць шанец народу выказацца па самых важных пытаннях, бо ўлада ўжо даўно народ не слухае. Калі гэта ўрэшце здарыцца, лідары апазіцыі адкінуць у бок усе старыя крыўды, знікне атмасфера недаверу. Нас чакае другое Адраджэнне!

 

Рымашэўскі з Фядутам сядуць за адзін стол (Ліпковіч зарганізуе для іх “Безумное чаепитие”), адкрыта пагавораць пра літаратуру і хрысціянства. Някляеў з Лябедзькам разам распрацуюць план па націску на ўлады такім чынам, каб палітвязняў выпусцілі.

 

“Хартыя-97” распачне спецпраект “Независимая экономика”, дзе галоўным экспертам будзе выбітны эканаміст Яраслаў Раманчук. Янукевіч з Калякіным разам выйдуць на пікет салідарнасці з… ды ня важна з кім! Ды хоць з усім беларускім народам!

 

Вакол будуць стаяць сотні прыхільнікаў са сцягамі і без, тут жа – дзясятак разгубленых амапаўцаў. А нейкі асабліва спрытны фотажурналіст падловіць момант, як палітыкі на секунду возьмуцца за рукі! Я проста бачу гэты гістарычны момант!

 

Народ зможа не толькі выказацца, але ВЫСЛУХАЦЬ апазіцыю, а тая – будзе ведаць, куды рухацца (нарэшце!). Да 2015 года будзе створаная сапраўдная Народная Кааліцыя, збудаваная на салідарнасці, падтрымцы, талерантнасці ды ўзаемапаразуменні!

 

Прадукты Apple – важны складнік перамогі дэмакратыі

 

Да Кааліцыі далучаецца ўсё больш арганізацый. Ды што там! Ледзь не кожны беларус – уваходзіць у гэтую кааліцыю! Вярхушка кіраўніцтва краіны трапляе ў вакуум – ніхто ужо не памятае хто такая Ярмошына, хто такі Мясніковіч. А нават і Сам трапляе ў забыццё – як нейкі цень-прывід. “Дзесці мы яго бачылі” – квохчуць бабулькі на лавах.

 

Дарэчы, гэты працэс ужо пачаўся, вы што – не заўважылі? Спытайце ў бабулек, хто такія Шчорац, Кацерыніч, Чаканаў, Сівак… Паміж іншага – сапраўдныя дзейныя міністры! Яны ўжо трапілі ў гэты вакуум!

 

…толькі не пытайце ў бабулек, хто такія Рымашэўскі, Калякін… І пра Янукевіча не пытайце, а то яшчэ апынецца украінскім прэзідэнтам. На таго вянкі падаюць, гэта хіба кепскі знак.

     
  Меркаванне аўтара можа не супадаць з меркаваннем рэдакцыі  
     

 

Здымкі Радыё Свабода