У Сусветны дзень аховы навакольнага асяроддзя валанцёры ачысцяць берагі Котры

|

Іаланта Рамановіч, тэматычны каардынатар Орхускага цэнтра Гродна:

 

Пакуль у нас каля 100 удзельнікаў. Гэта тыя, хто пазваніў і выказаў жаданне дапамагчы, студэнты гродзенскіх ВНУ, скідзельскія школьнікі, сябры Таварыства паляўнічых і рыбаловаў са Скідзеля.


Плануем падзяліць удзельнікаў на групы адпаведна ўзросту і ў залежнасці ад віду працы.


Школьнікі будуць займацца раздзельным зборам смецця – шляных бутэлек, жэсцянак, банак з-пад піва і г.д. – на паляне каля Котры. Студэнты тую ж працу будуць выконваць па берагах ракі, ля вады, дзе да таго ж мясцовыя жыхары кідаюць старыя тэлевізары, лядоўні, іншыя непатрэбныя рэчы.


Дарослыя будуць працаваць з паваленымі дрэвамі ўздоўж берагоў і ў вадзе.

 

Памер тэрыторыі, якую прыбяруць валанцёры, будзе залежыць ад колькасці працаўнікоў і тэмпаў працы. Пакуль арганізатары не бяруцца вызначыць, як пойдзе праца. На першы раз валанцёры будуць працаваць толькі 2-3 гадзіны, інвентаром іх забяспечаць арганізатары.

 

Іаланта Рамановіч:


Гэтая акцыя будзе першай, але не апошняй. Ахвотна адгукнуліся скідзельскія школы, яны гатовыя выязджаць, прыбіраць. Адна са школ традыцыйна ладзіць на беразе Котры летнік і таксама плануе прыцягнуць яго ўдзельнікаў да ўпарадкавання берагоў ракі. Набор удзельнікаў працягваецца.

 

Экалагічная акцыя 5 чэрвеня ладзіцца ў межах праекта ЕС/ПРААН “Садзейнічанне развіццю ўсеаб’емнай структуры міжнароднага супрацоўніцтва ў галіне аховы навакольнага асяроддзя ў Рэспубліцы Беларусь”. Яе мэта – прыцягненне ўвагі грамадскасці да праблемы аховы навкольнага асяроддзя ў зонах адпачынку Гродзенскага раёна, а таксама захаванне біяразнастайнасці прыбярэжнай тэрыторыі ракі Котра.

 

Гродзенскія ўдзельнікі акцыі збяруцца а 9-ай гадзіне ў памяшканні Орхускага цэнтра ў Гродне (вул.Савецкая, 23, актавая зала). Пасля ўступнага слова арганізатараў і прэзентацыі дзейнасці Орхускага цэнтра, адбудзецца падвядзенне вынікаў і ўзнагароджанне пераможцаў конкурса “Экавандроўка па Гародні”.

 

Затым удзельнікаў акцыі даставяць на месца працы. Экскурсію па наваколлі Котры правядзе слынны гарадзенскі экскурсавод В.Іваноўскі. Пасля інструктажа па тэхніцы бяспекі валанцёры пачнуць працу. Каля 16 гадзін удзельнікі акцыі вернуцца ў Гродна.

 

Падрабязную інфармацыю можна даведацца ў Іаланты Рамановіч па тэлефоне (0152) 74 05 70.


Здымак Наталлі Косар, fotobel.by