Унікальныя паштоўкі можна ўбачыць у Музеі гісторыі рэлігіі

| Без катэгорыі

Нягледзячы на будні дзень і не вельмі зручны час (выстава адчынялася ў 16 гадзін), зала на другім паверсе музея была запоўнена людзьмі. Былі тут і маладыя мамы з дзецьмі, і людзі сталага веку, і групкі студэнтак, якія з цікавасцю разглядалі вітрыны.

На паштоўках – выявы культавых будынкаў Беларусі. Тых, якія існуюць зараз і тых, якіх ужо няма.

“У гэтым і ёсць адметнасць і ўнікальнасць нашай выставы, – распавядае прысутным вядучая навуковая супрацоўніца музея Таццяна Вараб’ёва. – Хоць некаторых храмаў ужо няма, але дзякуючы гэтым паштоўкам мы можам хаця б убачыць іх выявы ды ўявіць, як бы выглядалі нашыя плошчы і вуліцы, калі б гэтыя храмы захаваліся”.

Аўтары выставы адмыслова не дзялілі паштоўкі па канфесійным і рэлігійным прынцыпе, а толькі па тэрытарыяльным – у асобных вітрынах сабраныя паштоўкі з выявамі храмаў усіх рэгіёнаў Беларусі.

“Сярэдні” ўзрост паштовак, што прадстаўлены на выставе – 100 гадоў. Самыя старыя з выстаўленых датуюцца 1895-1904 гадамі, гэта так званыя царскія паштоўкі. Ёсць тут і паштоўкі часоў Першай сусветнай вайны, зробленыя ў Гродне акупацыйнымі войскамі, і 1920-1930-х гадоў, перыяду Польшчы.

Некаторыя з іх ляжаць у вітрынах тварам уніз. Зроблена гэта адмыслова. Некаторыя надпісы на адваротным баку не тое, каб цікавей за выявы, але прыадчыняюць для нас на імгненне заслону асабістага жыцця 100-гадовай даўніны.

Ёсць тут і перапіска падчас першай сусветнай вайны, шчымлівая і кранаючая, ёсць і асабістыя запісы, ёсць напаміны аб важных асабістых падзеях. Вось, напрыклад, паштоўка, якую набыў нейкі маладзён, паспяхова здаўшы іспыты. Аб чым ён і напісаў.

Асаблівую падзяку арганізатары выказвалі  фотакарэспандэнту “Твайго стылю”, калекцыянеру Яну Лялевічу, за дапамогу ў арганізацыі выставы. Хоць большасць паштовак – з фондаў музея, але ёсць тыя, што для выставы прадставіў Ян.

Пасля ўрачыстага адкрыцця ўсе жадаючыя маглі сфатаграфавацца з аксэсурамі, што былі ў модзе стагоддзе таму, а фонам служыла павялічаная копія старой паштоўкі з выявай вуліцы Замкавай.

 

Здымкі Яна Лялевіча