Сюжэт для падручніка гісторыі

|

Як, чаму, на падставе чаго – не зусім зразумела, быццам бы суддзі проста не спадабаліся здымкі. Увогуле, хочацца спытаць у афіцыйных асоб, датычных да пераследу альбома: ці ведаюць яны, што такое экстрэмізм? Напрыклад, у слоўніку Ожагава гэта паняцце расшыфроўваецца, як “прыхільнасць да крайніх мераў і поглядаў”. Аўтары ж фотаздымкаў проста здымалі жыццё. Такое, якое ёсць.

 

Беларусь стала адной з краін-піянераў, дзе пачалі змагацца з высокамастацкай прафесійнай фатаграфіяй (некалькі год таму вельмі падобная гісторыя здарылася з фатографам Умідай Ахмедавай ва Узбекістане).

 

У на ужо ішлі бітвы з паэзіяй, прозай, публіцыстыкай, кінематографам, незалежным тэатральным мастацтвам і нават мульціплікацыяй. Істотных дасягненняў у гэтых паядынках я не заўважыў.

 

Што далей? Можа быць, барацьба з малюнкамі, з прыватным відэа? Якія цудоўныя перспектывы тут адкрываюцца! Новыя пасады, павышаныя аклады, прэміі, медалі і ордэны. Хлопцы з Магілёўскага ці Брэсцкага УКДБ павінны локці кусаць: як гэта яны не здагадаліся “наехаць” на фотамастацтва? А, можа, там проста працуюць разумнейшыя людзі?

 

Гарадзенскім жа таварышам з гарачымі сэрцамі і халоднымі рукамі можна толькі параіць ісці і далей па гэтай сцежцы, напрыклад, уважліва прыглядзецца да жывапісу і архітэктуры. Раптам там залатая ніва адкрыецца?

 

Выпадак з фотаальбомам, безумоўна, трапіць у будучы падручнік беларускай гісторыі. Як яскравы прыклад бязглуздзіцы нашага часу, як адна з характэрных дэталяў цяперашняй рэчаіснасці.

 

А для суддзяў розных катэгорыяў, палымяных чэкістаў, ідэалагічных працаўнікоў і нават асобных дызайнераў я б арганізаваў лекторый па розных відах мастацтва. Як калісьці існавалі курсы па ліквідацыі непісьменнасці. Дапусцім, замест традыцыйнай палітінфармацыі (ці, як яна зараз называецца, “агульны дзень інфармавання”). Глядзіш, што-небудзь і змянілася б у нас у лепшы бок.