Святлана Куль: Наступ на літвінства гэта наступ на беларускую незалежнасць

|

 

У кнігу ўвайшлі нарысы па гісторыі і культуры Беларусі, а таксама матэрыялы, прысвечаныя метадалогіі і методыцы гістарычных даследаванняў.

 

Асобнае месца аўтарка аддала разгляду літвінскай культурнай традыцыі, як гісторыка-палітычнай і культурнай з’яве.

 

align=”left” alt=”Святлана Куль-Сяльверстава” >

“Справа ў міфе, які быў створаны: ідэале Вялікага княства і літвіна – жыхара с гонарам і патрыёта сваёй краіны. Я доўга не магла зразумець, куды пасля паўстання 1863 года гэта літвінства дзелася. Адказ у тым, што тады была знішчана большая частка носьбітаў гэтай ідэі і гэтага міфу. Гэта былі людзі найбольш адукаваныя і актыўныя.

 

Па-другое, прыйшла масавая прапаганда новага міфа і новай ідэалогіі – заходнерусізму. Але літвінства не было знішчана зусім. Рэшткі тых, хто застаўся, сталі весці арганічную працу – будаваць краіну і вучыцца. Яны чакалі, што прыйдзе час, і яны вернуць свае вольнасці.

 

Цікава тое, што акурат беларускае адраджэнне ў ХХ ст. і падабрала гэты літвінскі міф. Тады гэты працэс набыў уласнае беларускае гучанне. Гэты літвінскі міф, нашы перамогі, наша зямля і годнасць – вось нашы карані. Таму менавіта БНР і выступае пад гэтымі сцягамі”.

У падставу манаграфіі пакладзены падыход, які грунтуецца на веданні вытокаў культурных з’яў. Менавіта праз гэтыя працэсы аўтарка заклікае зразумець сутнасць, сэнс і значэнне культуры і гісторыі. Напрыклад, гісторык распавяла пра ўплыў розных поглядаў заходнерусаў і літвіністаў на трактаванне гісторыі нашай зямлі.

 

“Гэты літвінскі міф, гэты ідеал, увесь час працаваў на беларускую дзяржаўнасць. На маю думку, наступленне з боку заходнерусістаў на літвінства – гэта перш за ўсё наступленне не на гістарыяграфію, а на ідэю беларускай незалежнай дзяржавы.

 

Але былі заходнерусы, якія аказалі добры ўплыў на беларускую гісторыю. Хачу рэабілітаваць у свой час незаслужана пакрыўджанага Лаўрэнція Абэцэдарскага. У 80-я гады яго ругалі за тое, што ён перакруціў гісторыю Беларусі. Але трэба ўспомніць, што яго падручнік быў адзіны, другога проста не было. Калі б не было кнігі Абэцэдарскага, не было б увогуле ніякай. Трэба яму падзякаваць за тое, што хоць у такой форме ён паказаў, што ў Беларусі ёсць свая гісторыя”.

У кнігу ўвайшлі нарысы, прысвечаныя розным галінам культурнага і палітычнага жыцця. Шэраг матэрыялаў прасвечаны пісьменнасці і кніжнай справе. Шмат узнята праблем па беларускай палеаграфіі. Таксама закранаецца тэма цэнзуры, якая характэрызуе ўзровень адукаванасці грамадства і ступень развіцця навуковага пісьменства.

 

“Беларусь – гэта палігон, які ўвесь час назапашвае нейкі вопыт. Цяпер яна назапашвае для ўсяго свету мадэль выжывання народа і нацыі ва ўмовах глабалізацыі. Мы гэту мадэль самазахавання выношваем ужо гадоў 150.

 

Еўропа цяпер з гэтым сутыкнулася. Ідзе масавы пераезд людзей з Азіі і Афрыкі: з іншай ментальнасцю, традыцыямі, выхаваных у іншым абшары і з іншай уладай.

 

А ў Беларусі зараз – постмадэрновы рэалізм. Мы павінны вытрымаць, каб захаваць не толькі культуру і мову, але перадусім мараль і генетычныя рысы. Няхай еўрапейцы паглядзяць на нашу мадэль. Нам трэба гэта ўсё выратаваць і чарговы раз даць прыклад Еўропе.

 

Зараз у свеце тэндэнцыя глабалізацыі. Фарміруюцца полюсы – Еўропа, Расія, Кітай. У гэтай сітуацыі беларускі народ павінен зрабіць выбар да якога полюса пайсці. Пакуль краіна займае нейтральную пазіцыю. Аднак гісторыя прымусіць зрабіць выбар. У сувязі з гэтым выбарам у людзей і ўзнікла цікавасць да літвінства і заходнерусізму, да лёсу беларускай дзяржаўнасці і традыцый”.

Таксама гісторык распавяла пра разлом паміж літвінствам і заходнерусізмам у розумах сучаснай інтэлігенцыі, простых рабочых і моладзі.

 

“Гэта як піраміда. Ёсць вярхушка, якая асэнсоўвае і вядзе грамадства – філосафы, ідэолагі, а ёсць побытавыя праяўленні, каторыя могуць быць на ўзроўні гаджэтаў або святкавання Купалля.

 

Зараз літвінства развіваецца вельмі актыўна праз інтэрнэт. Я сачу, як там змяняюцца моладзевыя настроі. Тэндэнцыю можна прасачыць па гістарычных форумах і ў каментарах. Апошнія 2-3 гады прыхільнасць да літвінскіх ідэй і традыцый вельмі ўзрастае сярод моладзі”.

На пытанне аб тым, што аказвае большы ўплыў на сучасную моладзь – літвінства ці заходнерусізм – даследчыца адказала:

 

“Па-першае, трэба падзяліць моладзь рэгіянальна, па-другое – інтэлектуальна. Па-трэцяе, есть тэндэнцыя з’яўлення моладзі, якая не цікавіцца ані літвінствам, ані заходнерусізмам, ані лёсам краіны, ані лёсам гэтай зямлі і гэтага народа.

 

У 90-ых мы ўжо ўпусцілі свой шанец. Але зараз многія еўрапейскія краіны пачынаюць вяртацца да нацыянальных каранёў і шукаць этнічныя моманты на ўсіх узроўнях. І мы не адстаем ад іх у гэтым пытанні.

 

Я не магу сказаць, чаго болей: літвінства ці заходнерусізму, бо я не ведаю добра моладзь на ўсходзе. Сярод заходнебеларускай моладзі 70% літвінства, 30 % – заходнерусізму. Але гэта толькі калі разглядаць вярхушку. А пад ёй велізарная магма абыякавых, з якімі нічога кардынальна не зробіш. І гэта нармальная сітуацыя ў грамадстве, так было заўсёды”.

У раздзел “Асоба” аўтарка ўключыла матэрыалы, прысвечаныя выдатным асобам беларускай гісторыі, такім як Тадэвуш Касцюшка, Міхал Агінскі, Фёдар Міркавіч і Тадэвуш Гарэцкі. Ёсць таксама нарыс, прысвечаны жанчынам, якія ў ХІХ ст. ўнеслі ўклад у культурнае жыццё беларускіх зямель.

 

“Хутка выйдзе другі зборнік вершаў. Таксама планую выдаць кнігу “Рэгіён”. Можа да верасня зраблю кнігу па гістарычнай храналогіі, дзе будзе не толькі методыка, але і тэксты, звязаныя з гісторыяй лічэння часу на нашай землі.

 

Зараз пачала пісаць паэму пра Саламею Дзешнер, дзе ўсю гісторыю актрысы будзе распавядаць папугай”.

 

У заключны раздзел кнігі ўвайшлі тэксты, звязаныя з метадалогіяй і методыкай навуковых даследванняў. Значная частка аддадзена праблемам вуснай гісторыі.

 

Манаграфія выйшла накладам 150 асобнікаў. Набыць кнігу можна ў гарадзенскім выдавецтве “ЮрСаПрынт” па адрасе вул. К.Маркса, 11. Кошт 40 тысяч рублёў. Раней гісторык і паэтка выдала пяць навуковых прац і адну кнігу вершаў.

 

Здымкі Яна Лялевіча