Драма ў нас на вачах: вежа Навагрудскага замка можа абрынуцца ў любы момант

«Калі я еду па Гродзенскай вобласці, я стараюся заязджаць у Навагрудак да замка: каб знаёмым паказаць і самому паглядзець.

На жаль, вяршыня вежы не пазбегла атмасфернай эрозіі і нават візуальна зменшылася цягам апошніх гадоў. Раней над парэшткамі быў часовы навес, але ён не меў арганізаванага вадасцёку, і вада проста лілася з навеса пад сцены вежы, што не было спрыяльна для падмуркаў.

Года паўтара таму я звярнуў увагу на нядобрыя рас­коліны на Касцельнай вежы. Апошні раз быў у Навагрудку тыдзень таму. Яшчэ раз агледзеў рэшткі замка, і сітуацыя цяпер нашмат горшая за тую, што была ўзімку, калі праводзіліся працы па ўмацаванні падмурка.

 

Касцельная вежа Навагрудскага замка стаіць у небяспечным месцы. Калі замак будавалі, схіл, імаверна, падрэзалі, каб зрабіць яго больш стромкім. Гэта стварыла прызму абрушэння грунтоў пад вежай — простымі словамі, грунт з боку падрэзанага схіла стаў схільны да спаўзання.

Я заўважыў некалькі «нашлёпак» з раствору на некаторых расколінах — «маякоў», па якіх можна сачыць за дэфармацыямі. Асаблівую ўвагу звярнуў на «маяк» на расколіне вежы Касцельнай з паўночна­ўсходняга боку.

Яшчэ ў снежні 2012 ён быў цэлы. А цяпер на ім з’явілася шчыліна тры міліметры. Гэта сведчыць аб тым, што вежа «спаўзае» па паўднёва ўсходнім схіле.

Тры міліметры за паўгода для дадзенай канструкцыі, узарванай 300 гадоў таму, — катастрафічна вялікая дынаміка. Калі б раней кожныя паўгода дадавалася 3 мм, вежа б даўно абрынулася.

Расколіны павялічваюцца, з каменна­бутавай кладкі папросту выкачваюцца камяні».

 

Сяргей Друшчыц, намеснік дырэктара ААТ «Белрэстаўрацыя» і па сумяшчальніцтве навуковы кіраўнік праекта па кансервацыі Навагрудскага замка, упэўнены, што падстаў для трывогі няма.

«Мы ажыццяўляем маніторынг стану вежы: назіраем за «маякамі», праводзім фотафіксацыю. Разрыў «маякоў», шчыліны на тры міліметры — гэта нармальна, гэтыя «маякі» і павінны былі парвацца.

Вы ў панэльным доме пастаўце «маякі» і потым паглядзіце на вынік. Мы не назіраем ніякіх зменаў, якія могуць выклікаць трывогу.

 

Касцельная вежа знаходзіцца ў аварыйным стане з 1907 года. Цяпер стан вежы не проста аварыйны — ён небяспечны.

Першы раз праект па кансервацыі пачалі распрацоўваць 15 гадоў таму. Паралельна з распрацоўкай праекта праводзілі работы на месцы — накрылі вежу дахам. Аднак фінансаванне скончылася, і тады мы не паспелі нават завяршыць праектную частку.

У мінулым годзе быў распрацаваны новы праект рэканструкцыі. Была праведзеная геалагічная разведка. Гэтымі днямі мусіць скончыцца ўстаноўка сваяў — прабураць апошнія свідравіны.

 

Інжынеры УП «Гроднаграмадзян­праект» распрацавалі спецыяльную часовую металічную канструкцыю, якую «надзенуць» на вежу і заякараць на сваі. Яна будзе ўтрымліваць вежу падчас работ па кансервацыі», — кажа Друшчыц.

Паводле Друшчыца, праект распрацаваны для ўсяго комплексу цалкам і ўжо прайшоў экспертызу. У ім ужо запланаваная арганізацыя невялікай музейнай экспазіцыі ў вежы Шчытоўка.

 

Галоўнае, каб з руінамі Навагрудскага замка за гэты час не здарылася нічога фатальнага. Але Друшчыц упэўнены ў пазітыўным канцы: «Бог нам дапамог, і за 15 гадоў з моманту апошніх работ з вежай нічога не здарылася».

 

Не падзяляе трывог Салаўёва і Рышард Кацынель, галоўны інжынер УП «Гроднаграмадзянпраект», якое распрацоўвала праект умацавання замкавай гары і вежы.

«Мы праводзілі сваё геалагіч­нае даследаванне. Бо спачатку для «Белрэстаўрацыі» яго зра­біла ней­кая прыватная фірма, але ў няправільным месцы. Па яго выніках мы распрацавалі праект умацавання схіла бура-ін’екцыйнымі сваямі — па-іншаму гэта зрабіць было немагчыма. А ўжо металічная канструкцыя для ўтрымання вежы будзе трымацца на буранабіўных сваях.

Бетанавалі зімой, але раствор закачвалі пад зямлю, таму гэта не патрабавала адмысловых прысадак.

«Маякі» я ставіў уласнаручна, каб паглядзець, што адбываецца з вежай. І расколіна пайшла яшчэ падчас працы, а цяпер бетон ужо схапіўся, і сваі добра трымаюць грунт», — кажа Кацынель

 

. «Будзем спадзявацца, што пры­нятыя захады будуць эфек­тыўнымі, — падсумоўвае Салаўёў. — Галоўнае — уважліва адсочваць рух вежы ў прасторы. Патрэбны пастаянны маніторынг стану вежы, маніторынг прасадак па гарызан­талі, адхілення вежы ад вертыкалі. Гэта можна рабіць з дапамогай дакладных GPS-датчыкаў ці электронных тахеометраў.

Сітуацыя патрабуе неадкладных крокаў. Калі праведзеныя раней работы не прынясуць выніка, трэба прымаць іншыя меры. Калі ўлічыць, што дадатковыя дэфармацыі дадаліся за апошнія паўгода, падчас выканання працаў па ўмацаванні, ёсць верагоднасць, што акрамя закладзенай у праекце цэментацыі грунтоў з дапамогай бураін’екцыйных свай спатрэбіцца дадатковае ўмацаванне — можа, у дадзеным выпадку былі б эфектыўнымі шпунтовыя сценкі з буранабіўных свай з металічнай арматурай ці грунтовыя анкеры. Вежу можна выратаваць. Сёння існуюць проста фантастычныя тэхналогіі.

 

Добры прыклад — выратаванне знакамітай Пізанскай вежы ад падзення. Хочацца, каб і беларусы захавалі для ўнукаў вежу Наваградскага замка такой, якой мы бачым яе цяпер, а не крушню пад гарой».

Навагрудскі замак — стаіць на адным з самых высокіх узгоркаў краіны — 323 м над узроўнем мора. Калі стаіш на гэтай гары, перад вачыма рассцілаюцца прасторы. Мураваны замак тут паўстаў у XIV—XV стст. З Навагрудкам і замкам звязаныя пачаткі гісторыі Вялікага Княства Літоўскага — магутнай беларуска­-літоўскай дзяржавы, у якой наш народ перажыў свой Залаты Век.