Пабачыў свет пяты том гістарычнага зборніка “Гарадзенскі палімпсест”

|

Кожны чарговы том “Гарадзенскага палімпсеста” ёсць вынікам працы штогадовай міжнароднай навуковай канферэнцыі, якую грамадскасць ладзіць у Гродне на Дні Губерта.

Пятая кніга “Палімпсеста” датычыць пераважна падзеяў сацыяльнай гісторыі горада.

Тэксты раздзелу “Гарадзеншчына і гарадзенцы ў эпоху Вялікага Княства Літоўскага” рэдагавала гісторык Наталля Сліж. Матэрыялы раздзелу “Горад і яго жыхары ў ХІХ – ХХ стст.” рыхтаваў да друку Алесь Смалянчук.

Межы Гарадзенскага рэгіёну ў другой палове ХІІІ – XIV ст. атрымалі асвятленне ў артыкуле Алега Ліцкевіча (Мінск). З роляй Гародні ў палітычным жыцці ВКЛ XIV – XV стст. знаёміць чытача Ян Тэнгоўскі (Беласток).

Вядомы беларускі гісторык Алег Латышонак паставіў пад сумнеў слоган “Гродна – горад святога Губерта”. Яго тэкст, прысвечаны культу святога Амерыка Венгерскага, ставіць праблему назвы герба “магдэбургскай” Гародні.

Уладзімір Канановіч (Мінск) прааналізаваў міф пра паходжанне Гарадзенскага княства ў “Прускай хроніцы” Сімона Грунаў першай трэці XVI ст. Марыюш Савіцкі (Аполе) ахарактарызаваў інструкцыю Гарадзенскага павету сваім паслам на сейм 1681 г., Анатоль Цітоў (Мінск) засяродзіў увагу на гісторыі гарадзенскага цэху злотнікаў, пачынаючы з XVI ст.

Наталля Сліж (Гродна) распавядае пра гісторыю роду Валовічаў на Гарадзеншчыне, а Зміцер Віцько спрабуе адказаць на пытанне пра палітычную арыентацыю прадстаўнікоў роду Катовічаў напрыканцы XVIII ст.

Ганна Паўлоўская (Гродна) аналізуе запісы пра смерць у гродзенскіх кляштарных хроніках XVII – XVIII стст.

Другі раздзел зборніка распачынаецца артыкулам Андрэя Вашкевіча і Андрэя Чарнякевіча, прысвечаным гісторыі Занёманскага прадмесця горада.

Алесь Радзюк (Гродна) ахарактарызаваў постаці гараджанаў, якія ў першай палове ХІХ ст. знаходзіліся пад паліцэйскім наглядам. Таццяна Вароніч (Мінск) зацікавілася крымінальным светам горада другой паловы ХІХ – пачатку ХХ ст., засяродзіўшы сваю ўвагу на рабаўніцтве і карупцыі.

Генадзь Семянчук зрабіў агляд канцэпцый узнікнення Городна/Гродна ў канцы ХІХ – ХХІ ст. і паспрабаваў пераглядзець радавод гарадзенскіх князёў. Іна Соркіна і Ежы Мілеўскі (Беласток) ахарактарызавалі ролю жанчын у жыцці горада пачатку ХХ ст. і міжваеннага перыяду (1919-1939).


Ларыса Міхайлік (Гродна) прааналізавала сітуацыю з адукацыяй у горадзе ў “польскі перыяд” яго гісторыі.

Таццяна Касатая звярнула ўвагу на прадпрымальніцкую дзейнасць уладальнікаў гродзенскіх кінатэатраў у 1910-1930-я гг..

Вальдэмар Валканоўскі (Аполе) распавёў пра спартыўныя сувязі Гродна і Вільні ў міжваенны час. Асобе беларускага асветніка Мікалая Марцінчыка (1901-1980), якому за сваю дзейнасць давялося сядзець у польскіх турмах і савецкіх лагерах, прысвечаны артыкул Фёдара Ігнатовіча (Гродна). Алесь Смалянчук, аналізуючы працэс трансфармацыі памяці/забыцця ў постсавецкім Гродне, заўважыў з’яўленне свайго роду роду інтэгральных “знакаў памяці”.

У пятым томе “Гарадзенскага палімпсесту” 416 старонак, каля сотні ілюстрацый.