Загінуў пры вызваленні Ліды?

|

У кнізе “Іх імёнамі названы” (Мн., 1987) чытаем:

 

Грыгор’еў Віктар Міхайлавіч (1908 – ліпень 1944). Нарадзіўся на Украіне. Падпалкоўнік Грыгор’еў загінуў пры вызваленні г. Ліда, дзе і пахаваны ў брацкай магіле савецкіх воінаў у гарадскім парку культуры і адпачынку”.

 

Аднак на самай справе падпалкоўнік Грыгор’еў у вызваленні Ліды не ўдзельнічаў. Ён з’явіўся ў горадзе не ў ліпені 1944 г., а крыху пазней. Віктар Грыгор’еў камандаваў бронецягніком, які ўваходзіў у склад спецыяльнай дывізіі НКУС па ахове чыгункі.

 

Бронецягнік перасоўваўся па маршруце ад Маладзечна да Ліды і ад Ліды да Мастоў, адкрываючы агонь па ўсіх падазроных, хто неасцярожна набліжаўся да чыгункі. Дыверсіі на рэйках час ад часу здараліся, і тады з Мінску ляцелі грозныя загады: банды ліквідаваць, забяспечыць бесперабойцны рух эшалонаў.

 

Акрамя таго, байцы і камандзіры бронецягніка ўдзельнічалі ў шматлікіх аблавах, якія праводзіліся ў Лідзе і навакольных населеных пунктах з асноўнай мэтай затрымаць дэзерціраў і асабліва тых, хто хаваўся ад прызыву ў Чырвоную Армію.

 

Раніцай 7 лістапада 1944 г. Віктар Грыгор’еў выйшаў з дому па вуліцы Леніна, дзе ён здымаў кватэру, і накіраваўся ў Лідскі клуб чыгуначнікаў, дзе хутка пачынаўся ўрачысты сход, прысвечаны чарговай гадавіне Кастрычніцкай рэвалюцыі. Падпалкоўнік не заўважыў, як за дамамі прамільгнула непрыкметная постаць. Адзін за другім грымнула некалькі пісталетных стрэлаў. Смерць старэйшага афіцэра ў такі дзень – надзвычайнае здарэнне. Аддзелы НКДБ і НКУС былі паднятыя на ногі, аднак забойцу так і не знайшлі.

 

Тое, што імем Грыгор’ева назвалі вуліцу ў Лідзе, зусім не дзіўна. Дзіўна, што ў афіцыйным выданні так замаскіравалі абставіны яго смерці. Здавалася б, што хаваць? Напрыклад, адна з вуліц у Давыд-Гарадку носіць імя Мікалая Ішчанкі. Кніга “Іх імёнамі названы” так распавядае пра яго:


“Быў накіраваны ў заходнія вобласці Беларусі для барацьбы з рэшткамі нацыяналістычных бандаў. Загінуў пры выкананні службовых абавязкаў”.

 

Як гэта адбылося, у кнізе не канкрэтызуецца. І зразумела, чаму, бо Мікалай Ішчанка памёр у шпіталі пасля таго, як яго… пакусаў воўк. Так, наш галодны беларускі воўк.

 

З падпалкоўнікам Грыгор’евым усё было інакш. Дык што тады перашкодзіла ў афыіцыйнай даведцы напісаць, што быў забіты 7 лістапада 1944 г.? Толькі вось кім забіты?

 

Па некаторых дадзеных, у Лідзе ў 1944-45 гг. дзейнічала падпольная група мясцовых жыхароў, якая не адносілася ні да Арміі краёвай, ні да якіх-небудзь іншых арганізацый. Відаць, некаторыя лідчукі добра памяталі пра тое, што адбывалася ў іх краі пасля верасня 1939 г. Магчыма, замах на камандзіра бронецягніка арганізавалі менавіта гэтыя лідскія падпольшчыкі. Тады становіцца зразумелым, для чаго падправілі біяграфію Віктара Грыгор’ева. Вядома ж, усе беларусы сустракалі новую савецкую ўладу толькі хлебам-соллю – і ніяк інакш.