У Гродне ўсталююць нямецкую тэхніку для ачысткі водаправоду

Сабраныя машынай пасля прамыўкі рэшткі будуць назапашвацца ў адмысловым адсеку. Вада будзе ачышчацца і выкарыстоўвацца паўторна. Без дазапраўкі вадой канала-прамывачная машына можа працаваць увесь працоўны дзень.

 

Прадстаўнікі гродзенскага “Вадаканала” наведалі завод у нямецкім Лаўфене, дзе спецаўтамабіль ужо амаль сабраны, і праверылі тэхніку на адпаведнасць тэхнічным задачам. У першай палове жніўня канала-прамывачная машына прыедзе ў Гродна.

 

У межах рэалізацыі праекта “Чыстая вада і навакольнае асяроддзе – здаровае грамадства” гарадзенцы атрымаюць таксама тэлеінспекцыю для праверкі падземных камунікацый. Гэта робат, які запускаецца ў каналізацыйную ці водаправодную трубу і даследуе яе. Месца пашкоджання фіксуецца на маніторы з дакладнасцю да аднаго метра, што дазволіць пазбегнуць значных падземных раскопак.

 

Кіраўніцтва “Гроднаводаканала” мае намер прапанаваць гарвыканкаму такога кшталту інспекцыйныя праверкі абавязкова ўключаць у праектны кошт падземных будаўнічых работ і праводзіць іх перад здачай аб’ектаў. Гэта дазволіць забяспечыць надзейнасць наступнай эксплуатацыі падземных камунікацый.

 

Паводле “Гродзенскай праўды”