Суд задаволіў іск Мікалая Уласевіча супраць КДБ і ідэолагаў

Хаця гэта і не было прадметам справы, суд загадаў вярнуць Уласевічу дыктафон і два дыскі DVD. Акрамя таго было вырашана кампенсаваць актывісту за кошт дзяржавы вартасць знішчаных канфіскаваных рэчаў, а таксама аплаціць судовыя расходы.

 

Мікалай Уласевіч быў затрыманы мытнікамі ў Катлоўцы 11 красавіка 2011 года. Тады ў яго канфіскавалі рэчы, частка з якіх ужо знішчана. Гэтак, па выніках экспертызы КДБ і ідэалагічнага ўпраўлення Гродзенскага аблвыканкама, было загадана знішчыць: наборы вучэбных плакатаў “Чарнобыльскія ўрокі” (выдадзеныя ў Маскве), стыкеры “Фукусіма” і “Народжаныя не поўзаць”, брашура з альтэрнатыўным дакладам беларускіх НГА пра сітуацыю з абаронай правоў чалавека ў Беларусі.

 

Менавіта абласныя УКДБ і упраўленне па ідэалагічнай працы былі адказчыкамі ў апошнім судзе.

 

Першы суд не задаволіў скаргу Мікалая Уласевіча на неправамоцныя дзеянні дзяржаўнага органа, бо, на погляд суда, заяўнік без важкай прычыны прапусціў месячны тэрмін для падачы скаргі. Другі, а цяпер і трэці суд скончыўся на карысць грамадскага актывіста.