24 жніўня ў Свiслачы адбудзецца вялікае рэгіянальнае свята

На свята ўжо запрошаны партнёры па праекце Еўрасаюза з горада Укмерге, што ў Літве. Абяцаюць быць рамеснікі і творчыя калектывы. Прыедуць майстры і народныя калектывы Рундальскага краю, з якім Свіслацкі райвыканкам мае дамову аб супрацоўніцтве. Чакаюцца госці з Гайнаўкі (Польшча) і Пружанскага раёна. З гэтымі рэгіёнамі наладжана супрацоўніцтва ў рамках еўрарэгіёна “Белавежская пушча”.

Спецыяльна да свята распрацаваны лагатып з выявай вядомага свіслацкага слупа, які ў тыя часы ўзвышаўся на гандлёвай плошчы. Слуп-абярэг Свіслачы вянчаў пазалочаны шар, які быў бачны здалёк. Аздабленне прасторнай цэнтральнай плошчы будзе выканана з захаваннем гістарычных элементаў. У пачатку захаваўшыхся пяці галоўных вуліц будуць устаноўлены шыльды з ранейшымі іх назвамі. Будзе дзейнічаць, як і падчас тышкевіцкага кірмашу, пяць пастаялых двароў – “Пад Арлом”, “Пад Аленем”, “Пад Лебедзем”, “Пад Валом”, “Пад Адзінарожцам”. А павітаюць гасцей граф Вінцэнт Тышкевіч і яго жонка Тэрэза Панятоўская.

Вядома ж, “ізюмінкаў” у свята шмат. Але найлепш гэта адроджанае дзейства ў старых беларускіх традыцыях паглядзець сваімі вачамі. Таму Свіслач шчыра запрашае гасцей на свой кірмаш.