Талінскія элегіі з гарадзенскімі нотамі, або што ў свеце робяць з прамысловай архітэктурай

| Без катэгорыі

Аднак, падарожжа ў Талін вартае не толькі дзеля “звычайнага” турызму – пагулянак па Старым горадзе ці прыморскіх бульварах, баўлення часу ў парках ці кулінарных адкрыццяў даволі нязвыклай для беларуса кухні. Для часткі сталых падарожнікаў гэта турызм з пэўнай настальгіяй – можна ўзгадаць паездкі ў эстонскую сталіцу за савецкім часам і нават да сёння сустрэць пэўныя элементы “савецкасці”, якія разлічаныя на турыстаў і аматараў нядаўняй гісторыі.

 

Талінскі Стары горад прыцягвае ўнікальнай захаванасцю гістарычных аб’ектаў, спалучанай з сучасным прызначэннем і камфортам для жыхароў і падарожнікаў.

 

Прынамсі тры новыя і вельмі сучасныя музеі, адчыненыя пасля аднаўлення незалежнасці: Мастацкі музей KUMU, Лётная гавань – марскі музей Эстоніі ў будынку амаль стогадовых ангараў для “цэпэлінаў” і Музей акупацыі – прыцягваюць аматараў гісторыі з розных краін.

 

Аднак для мяне цікавым прыкладам захавання старой прамысловай архітэктуры і яе рэвіталізацыі стаўся стары квартал паміж Старым горадам і старым марскім партом, які вядомы пад назваю квартала Ротэрмана.

 

Фрагмент гістарычнай забудовы квартала Ротэрмана

 

Адным з першых будынкаў (пабудаваных яшчэ ў 1829 годзе) на гэтым месцы стаўся склад і крама будаўнічых матэрыялаў купца Крысціяна Ротэрмана. Паступова ў другой палове ХІХ стагоддзя тут з’явілася некалькі фабрык – у тым ліку крухмальная, макаронная, млын, лядоўня, шарсцяной вопраткі, а таксама прамысловыя крамы, склады і майстэрні.

 

У ХХ стагоддзі раён заставаўся прамысловым, але на пачатку 90-х гадоў паступова прыйшоў у заняпад, прадпрыемствы зачыніліся ці былі пераведзеныя ў сучасныя будынкі ў іншых частках гораду, а ў самых будынках пасяліліся бяздомныя.

 

Канцэпцыя рэвіталізацыі квартала Ротэрмана паступова выпрацоўвалася некалькі год (і дарэчы працягваецца да сёння) і прадугледжвала захаванне і прыстасаванне да новых патрэбаў старых прамысловых будынкаў, а таксама пабудову новых, мадэрністычных аб’ектаў, якія б не парушалі гэтую спецыфічную прастору.

 

Новыя будынкі квартала

 

Афіцыйнае адкрыццё новага кварталу адбылося ў 2007 годзе пасля пабудовы чатырох новых футурыстычных дамоў, у якіх не толькі жывуць людзі, але таксама знаходзяцца крамы адзення, кавярні, рэстараны. Паміж будынкамі дастакова добра прадумана выкарыстанне прасторы – тут не толькі лаўкі, стаякі для ровараў ці летнія кавярні, але таксама сталы для настольнага тэнісу, дзе вечарам абываюцца зацятыя баталіі.

 

Вулачка ў квартале

 

Новыя будынкі, якія спалучаюць сучасны паўночны дызайн з элементамі традыцыйнай архітэктуры Таліна, гарманічна спалучаюцца са старымі пабудовамі. Некалькі з іх (адзін нават нагадвае нашыя вядомыя гарадзенскія склады тытунёвай фабрыкі Шарашэўскіх на Будзёнага 48а) сталіся музеямі. Напрыклад, у Саляным складзе знаходзіцца музей архітэктуры, а ў былым мучным складзе – выстава савецкай тэхнікі. У іншых адчыніліся кавярні, пабы і рэстараны.

 

Квартал, які адносна нядаўна быў даволі небяспечным месцам, атрымаў другое жыццё і нават спрабуе канкураваць са Старым горадам – на Каляды тут ладзіцца асобная ад Ратушнай плошчы ялінка і кірмаш.

 

Былы Саляны склад – цяпер Музей архітэктуры

 

У 70-я гады менавіта ў квартале Ротэрмана Андрэй Таркоўскі здымаў свой знакаміты фільм “Сталкер”, а труба былой кацельнай, якая сталася ў фільме “уваходам у Зону”, захавалася ўжо як гістарычны помнік.

 

Выстава савецкай тэхнікі: бочка з квасам як 30 год таму назад

 

Сучасныя пабы і рэстараны ў старых будынках

 

Шпацыруючы па талінскім квартале, мімаходзь узгадваліся страчаныя зусім нядаўна гарадзенскія прамысловыя будынкі – млын Ашэра Касоўскага на сучаснай  вуліцы Васілька і старая электрастанцыя на вуліцы Будзёнага, якія маглі б быць добрым месцам для спатканняў гараджан і падарожнікаў.

 

Былая гарадзенская фабрыка Друцкіх-Любецкіх на “Сабачай горцы”, часткі якой яшчэ захаваліся, магла б таксама стацца добрым прытулкам для бараў, кавярняў ці малых галерэй.

 

Былая гродзенская фабрыка кафлі Друцкіх-Любецкіх (сучасны выгляд)

 

Талін адрозніваецца не толькі дастаткова вялікай колькасцю прамысловых аб’ектаў – не трэба забывацца пра тое, што гэта вялікі марскі порт, але таксама вялікай колькасцю раёнаў з добра захаванай драўлянай архітэктурай канца ХІХ – ХХ стагоддзяў.

 

Адразу пасля аднаўлення незалежнасці і вяртання маёмасці законным уладальнікам, частка такіх драўляных будынкаў была або перабудавана або знішчана. Але мясцовыя жыхары пачалі ствараць адмысловыя таварыствы захавання спадчыны і моцна ўплываюць на рашэнні ўласнікаў і ўладаў, якія датычаць такіх аб’ектаў.

 

Калі нават яны адразу не рэстаўруюцца, то прынамсі кансервуюцца і чакаюць свайго часу на аднаўленне. Такім добрым прыкладам могуць быць не толькі ваколіцы знакамітага парка Кадрыёрг, але і раён Каламая (у перакладзе – “Рыбная вёска”), дзе новае жыццё атрымалі не толькі драўляныя дамы міжваеннага перыяду, але і былыя прамысловыя фабрыкі савецкіх часоў.

 

Аднаўленне эстонскай незалежнасці пачалося не толькі са “спеўнай рэвалюцыі”, але таксама ад увагі да гістарычнай спадчыны і свабоднай асацыяцыі грамадзян дзеля яе абароны. Эстонскі прыклад аптымістычны і паказвае, якім чынам разуменне важнасці гарадской прасторы для жыхароў, уплывае на рашэнні ўладаў і інвестараў.

 

Здымкі аўтара