Неверагодныя прыгоды гарадзенца ў Перу

“Неверагодным чынам трапіў у Паўднёвую Амерыку”

 

У лістападзе мінулага года я зайшоў на сайт найбуйнейшай прыродаахочай арганізацыі ў свеце. На сайце была апытанка: што вы ведаеце пра Перу і птушак гэтай краіны? Я адказаў на пытанні і прыкладна праз паўгода, вясной 2013, мне прыйшло запрашэнне ў Перу. Такім нечаканым чынам можна выйграць цалкам бесплатную паездку ў Паўднёвую Амерыку.

Даліна ракі Мараньён

 

Я назіраў там за другім птушыным ралі. У міжнародным спаборы ўдзельнічалі пяць каманд: дзве са Злучаных Штатаў, Бразіліі, Гішпаніі і Паўднёвай Афрыкі. На працягу шасці дзён ім трэба было пабачыць у Паўночным Перу як мага больш відаў птушак.

Інтрыгі не атрымалася: перамагла тая ж каманда, што і ў мінулым годзе, хоць і ў іншым складзе – прадстаўнікі Луізіанскага універсітэта, дакладней – біялагічнага музея універсітэта (на здымку  вышэй). На другім месцы апынулася каманда з Велікабрытаніі.

 

Затое атрымаўся новы рэкорд, бо каманды агулам убачылі больш за 800 відаў птушак. Каб было з чым параўнаць, адзначу, што ў Беларусі за 100 гадоў было адзначана 325 відаў, у Еўропе – каля 700. А тут толькі за шэсць дзён, і на абмежаванай тэрыторыі Паўночнага Перу – 800 відаў! Усяго ж у Перу больш за 1800 відаў птушак, 120 з іх – гэта эндэмікі, яны больш нідзе не сустракаюцца, толькі ў гэтай краіне.

 

Акрамя мяне такую паездку выйгралі амерыканец і канадзец. Мы ўтраіх былі там самыя вольныя і самыя шчаслівыя людзі, бо нам не трэба было ні з кім спаборнічаць.

 

“Прырода Перу вельмі багатая і дзіўная”

 

Тое, што чытаеш у кніжках, насамрэч выглядае па-іншаму. На адным квадратным кіламетры можа жыць да 100-150 відаў птушак.

Сама краіна невялікая, там шмат гор. Тэрыторыя Перу размяшчаецца на рознай вышыні. Мы былі на вышыні ад двух да трох з паловай тысяч метраў. Унізе – вытокі ракі Амазонкі, дзе шмат малых і больш буйных рэчак зліваецца ў адну і нясуць свае воды ў Атлантычны акіян.

 

Уражанні вельмі незвычайныя, бо я ніколі не быў ні ў Паўночнай, ні ў Паўднёвай Амерыцы. Кожны від птушак, які я там бачыў, акрамя нашага шызага галуба, быў для мяне новым. Уражанні вельмі яскравыя. Кожны дзень адбывалася нешта дзіўнае, і здавалася, што ярчэй ужо не можа быць.

 

Прыгадваю момант, калі мне паказалі адну з самых старажытных птушак, якая захавалася на зямлі, называецца гаацын. Птушка вельмі дзіўная, птушаняты маюць кіпцюры на крылах, каб карабкацца, чаго няма ні ў адной сучаснай птушкі. Паходзіць з часоў дыназаўраў, калі яны яшчэ не маглі лятаць і маглі толькі карабкацца. У птушанят гэтая рыса засталася. Яшчэ птушка незвычайная тым, што цалкам раслінаедная.

Бакланы ў Ліме

 

Плады гаспадарчай дзейнасці Перу мы назіраем на рынках у выглядзе бананаў, какаа, кавы. Дзеля таго, каб мы мелі гэтыя плады, знішчаецца багацейшая прырода гэтай краіны. Багацейшы трапічны лес нелегальна спілоўваецца, выпальваецца. Цяпер, калі я набываю бананы ў краме, п’ю каву альбо ем шакалад, я дасканала ўяўляю сабе, якім чынам гэта ўсё даецца.

 

Ёсць часткі гор, якія цалкам знішчаныя. Здаецца, на некаторых кавалках знішчанага нешта новае садзяць, але не даглядаюць, хутка кідаюць як ёсць і ідуць вынішчаць наступны кавалак лесу.

 

“Калі заўважаць у аўтобусе замежніка, то выводзяць яго з салону і расстрэльваюць”

 

З размоваў з мясцовымі жыхарамі, перуанцамі, і еўрапейцамі, якія там абаснаваліся, вынікае, што цалкам усю краіну ўрад не кантралюе. У апошнія гады Перу абагнала Калумбію і вайшла на перашае месца па вытворчасці какаіну. А ўсю гэтую коку трэба недзе вырошчваць, бо робіцца гэта нелегальна. Замест трапічных лясоў, плантацый бананаў і какао вырошчваюць коку і развозяць яе па ўсім свеце.

 

Я прывёз с сабой у Беларусь гарбату з кокай. Сябры, якіх частаваў, кажуць, што вельмі бадзёрыць, а як па мне – нічога ў ёй асаблівага няма.

Чайка Белчара

 

Ёсць некалькі партызанскіх груповак, якія канкуруюць з урадам за права кантраляваць некаторыя рэгіёны краіны. У некаторых месцах нас суправаджала даволі вялікая служба бяспекі.

 

Мясцовыя жыхары расказвалі, што гэтыя партызанскія групоўкі вельмі негатыўна ставяцца да прыезджых. Напрыклад, едзе аўтобус, яго прыпыняюць паўстанцы. Заходзяць у салон, прамаўляюць да пасажыраў ды сыходзяць. Але калі заўважаць у аўтобусе не перуанца, а замежніка, то выводзяць з салону і расстрэльваюць.

 

“Людзі не расходуюць свае і прыродныя рэсурсы на тое, што ім не патрэбна ў жыцці”

 

Краіна збольшага аграрная. Людзі ў вёсках трымаюць гаспадарку: бачылі і курэй на падворках, свіней, кароў. Некаторыя мясцовыя жыхары робяць гітары: з нуля да гатовага інстураманта, толькі без струн.

Калі не браць пад увагу сталіцу, а ўзяць сельскія рэгіёны, то людзі жывуць вельмі бедна. Стаяць трухлявыя халупы. Можа, больш і не трэба, бо там вельмі цёплы клімат. Мы акурат прыехалі зімой – самая нізкая тэмпература была 16 градусаў цяпла. Можа, гэта і добра, што людзі не расходуюць свае і прыродныя рэсурсы на тое, што ім не патрэбна ў жыцці.

Самі мы жылі ў шыкоўных багатых гатэлях, якіх, здаецца, і не павінна быць у такой краіне.

Вадаспад Гокта

 

Мы з’ездзілі да чацвёртага па вышыні ў свеце вадаспаду. Выглядае шыкоўна: у гарах, сярод трапічнага лесу, рака падае з гор кудысці ўніз. На беразе гэтага каньёна стаіць вёсачка, у якой жыве не больш за 100 чалавек. Дзякуючы немецкаму прамыслоўцу, які выпадкова туды трапіў, мясцовыя жыхары зразумелі, што можна зарабляць на турыстах. Гэты немец даў грошы на першы праект, і паступова ў гэтай мясцовасці пачаў развівацца турызм.

 

Раней, гады тры-чатыры таму, адзін квадратны метр зямлі каштаваў 1 сольт (каля 30 амерыканскіх цэнтаў). Зараз жа кошты падаражэлі ў 50 разоў!

 

Для мясцовых жыхароў гэты ўнікальны вадаспад прывычны, як для гарадзенцаў парк Жылібера ці рака Гараднічанка. Яны там нараджаліся, раслі, паміралі. Таму некаторыя нюансы не ўспрымаюцца як праблемныя. Напрыклад, калі стаіш на беразе і хочаш сфатаграфаваць вадаспад, перашкаджаюць правады. Зразумела, што з павялічэннем колькасці турыстаў, гэтыя правады варта было б увогуле прыбраць.

Мясцовыя жыхары пачынаюць разумець унікальнасць мясцовай прыроды і тое, што яе варта захоўваць, бо належыць яна не толькі перуанцам, але і ўсяму свету. Калі ўнікальныя віды птушак загінуць там, то іх больш нідзе не будзе.

 

“Там ёсць яркая палітычная канкурэнцыя”

 

У параўнанні з Беларусю там ёсць яркая палітычная канкурэнцыя. Нядаўна там былі прэзідэнцкія выбары. І паўсюль, дзе едзеш, у сталіцы, гарадах і ў сельскай мясцовасці замест білбордаў пабудаваныя вялізныя муры, роўненька атэнкаваныя і афарбаваныя. На іх напісаныя палітычныя лозунгі, нейкая іншая рэклама, усё вялізнага памеру, каб можна было пабачыць з машыны. Паўсюль “Галасуй за таго”, “Галасуй за гэтага”.

Перуанскія пеліканы

 

Я не ведаю гішпанскай мовы, але было цалкам зразумела, што палітычная канкурэнцыя там ёсць і ідзе барацьба за людзей. Не толькі на прэзідэнцкім, але і на муніцыпальным узроўні. Мы сустракаліся з прадстаўнікамі мясцовых улад, кіраўнікамі мясцовых супольнасцяў. Яны выказвалі сваё незадавальненне палітыкай урада, адносінамі ўрада да некаторых з іх, падаткамі. Ніхто не баяўся казаць пра рэчы, якія сапраўды хвалююць людзей. Не саромеліся ні іншаземцаў, ні прэсы, якой было вельмі шмат на сустрэчы.

 

Вялікая праблема там – міжнародныя карпарацыі, якія здабываюць золата, у асноўным – з Паўночнай Амерыкі. Золата здабывааецца вельмі проста: знішчаецца кавалак гары і прамываецца з дапамогай ртуці. Зразумела, што ўсё гэта дзесьці скідваецца. Скідваецца там, дзе здабываецца – звычайна ў рэкі, вадаёмы. Мясцовыя пасля п’юць гэтую ваду, харчуюцца з забруджанных зямель.

Знішчаюцца і мясцовыя краявіды. Хоць карпарацыі і плацяць адступныя, мясцовыя супольнасці, дзе фірмы працуюць, незадаволеныя гэтым становішчам і выказваюць пратэст. Адбываюцца дэманстрацыі, нават бываюць беспарадкі. У параўнанні з Беларуссю краіна выглядае больш вольнай, людзі не баяцца выказваць сваё меркаванне. Яны разумеюць, што шмат чаго залежыць ад іх саміх.

 

“Цікавая сітуацыя з мясцовай мовай”

 

Можна правесці паралелі з тым, што ў нас адбываецца з беларускай мовай. Калі гішпанцы захапілі не толькі Перу, але большасць Паўднёвай Амерыкі, гішпанская мова стала папулярнай і моднай. Калі ты яе ведаў, то мог мець зносіны з гаспадарамі жыцця і расці па кар’ернай лесвіцы. Мясцовая мова страціла папулярнасць і пачала паступова знікаць. Ёю працягвалі карыстацца толькі некаторыя вясковыя жыхары.

 

Апошнія некалькі гадоў, дзякуючы мясцовым супольнасцям і новаму прэзідэнту краіны, мясцовая мова пачала зноў адраджацца. Магчыма, мову змогуць увесці ў моду, і на ёй пачнуць размаўляць прагрэсіўныя людзі, як калісць ў 90-х гадах па-беларуску пачалі размаўляць у нашай краіне.

 

“Перуанская арніталогія адрозніваецца ад беларускай тым, што…”

 

…у нас у асноўным працуюць мясцовыя арнітолагі, а там у асноўным працуюць арнітолагі з больш багатых краінаў, у прыватнасці – са Злучаных Штатаў. Яны ладзяць спецыяльныя экспедыцыі, асабліва Луізіанскі універсітэт, які перамог у раллі. Яны збіраюць калекцыі, папаўняюць музейныя фонды і канешне – назіраюць.

 

Каб вандраваць па Перу і назіраць за яго вялізарным багатым біятопам, неабходны грошы. Таму мэта гэтых спаборніцтваў не толькі прыцягнуць замежных турыстаў – яны і так туды едуць – але і паказаць мясцовым людзям, што арніталогія можа быць цікавай, захапляльнай, поўнай адкрыццяў. Кожны год там апісваюййа адзін-два новых відаў птушак!

 

Мясцовыя жыхары таксама пачынаюць цікавіцца, у кожнай камандзе быў перуанскі гід. І было дзіўна, што пакуль няма на спаборніцтвах перуанскай каманды.

Паілка з сіропам для калібры

 

У замежных, асабліва заходніх, арнітолагаў больш магчымасцяў вандраваць, бачыць і параўноўваць. Яны больш ведаюць. Уявіце, што значыць назіраць у Беларусі, дзе 300 відаў птушак, і каб думаць, што ты разбіраешся ў іх, трэба хаця б  200 з іх адрозніваць, і што значыць 1 800 відаў. Зразумела, у апошнім выпадку ўзровень арнітолага павінен быць нашмат вышэйшым.

 

“Калі канадскі сябра пачаў абгрызаць мяса, аказалася, што гэта галава марской свінкі”

 

Перу – гэта радзіма бульбы. Бульба там вельмі папулярны прадукт. Гатуецца інакш, чым у нас, але вельмі смачна. Нечакана смачная там аказалася цыбуля, асабліва смажаная. Там яна ўвогуле не падобна да нашай. Вельмі прыемны, мяккі смак, што сапраўды здзівіла.

Самым нечаканым была смажаная марская свінка, якой нас частавалі ў адной з мясцовых супольнасцей у вёсцы. Мы нават не ведалі, што гэта, проста ляжалі пасмажаныя кавалкі мяса. Кожна ўзяў сабе па порцыі, а ў канадскага калегі аказалася галава. Ён пачаў яе абгрызаць, і аказалася, што гэта марская свінка. Толькі так мы і даведаліся, што ямо.

 

Ёсць віды бананаў з іншым смакам, не такім як у нас. Апельсіны, што мяне здзівіла, смакуюць інакш, не такія салодкія.

На базары ў вёсцы

 

“Калі мне было 11 гадоў…”

 

… мне набылі кніжку пра драпежных птушак Беларусі. Там былі вельмі добрыя малюнкі і цікавы тэкст. Я так тады захапіўся гэтай кніжкай, што вырашыў, калі вырасту, буду займацца аховай прыроды. Так і атрымалася ў выніку, хоць пасля я марыў быць мараком і шмат яшчэ кім.

 

“Тыповы арнітолаг – гэта…”

 

…цікаўны чалавек, адкрыты да ўсяго новага і старога. Калі сапраўды захапляцца птушкамі і назіраць за імі, неабходна адпаведная кваліфікацыя, набыццё новых ведаў, назапашванне досведу. Канешне, усяго ведаць немагчыма, але вывучэнне птушак працуе метадам выключэння. Трэба трэніравацца, бо нейкія нюансы без практыкі забываюцца. Напрыклад, я ўжо не памятаю галасоў некаторых відаў птушак. Трэба падтрымліваць свае веды пастаянна.

 

Гэта вельмі захапляльна, бо знаходзішся на прыродзе, бачыш шмат новага і захапляльнага. Калі тыдзень не ўдаецца выехаць кудысьці паглядзець на птушак ці проста на прыроду, то пачынаеш адчуваць недахоп эндарфінаў і станоўчых эмоцый.

 

“Мара арнітолага – ”

 

Пабачыць новы від. А яшчэ лепей – знайсці і апісаць. У Беларусі – знайсці для сваёй краіны нешта новае. Калі атрымліваецца – гэта вельмі прыемна, ты застаешся ў аналах навукі.

Свет вельмі вялікі, шмат цікавага, таго, што мы не ведаем, але пра што хочацца даведацца. Мы шмат чаго не ўяўляем не толькі пра прыроду, якая мяне найбольш і цікавіць, але і пра жыццё людзей. Таму хацелася б пабачыць усё новае, пабываць у іншых частках свету, параўнаць з тым, што ў нас ёсць.

 

Дзмітры Вінчэўскі шчыра дзякуе за запрашэнне і аплату паездкі ў Перу дзяржаўнаму агенцтву PromPeru.


Запісала і апрацавала Воля Корсун

Здымкі Дзмітры Вінчэўскі /birdwatch.by