Лялечны тэатр адкрыў новы сезон карагодамі, Карлсанам і Папялушкай

| Без катэгорыі

З нагоды адкрыцця новага сезону тут ладзілася дзіцячае свята “Фтагарафія з краіны казак”. На вуліцы былі выстаўлены некаторыя з лялек, што прымаюць удзел у спектаклях. Так-так, менавіта прымаюць, бо гледзячы на іх здавалася, што цацкі быццам жывыя. Паўнавартасныя акторы!

Для дзяцей магчымасць дакрануцца да лялек была нейкім ледзь не чарадзействам. Сапраўды, убачыць на свае вочы і зусім побач галоўных герояў любімых казак выпадае не кожны дзень. Быў тут і дракон, і Бураціна з Мальвінай, і маманцёнак, і кароль з каралевай.

Да лялек можна было дакрануцца, памацаць і сфатаграфавацца з імі. Зрабіць здымак можна было і ў дэкарацыях да спектакляў, якія таксама былі выстаўлены ля тэатра. Арганізатары паспрабавалі зрабіць сапраўднае інтэрактыўнае свята для дзяцей.

Прысутныя, і малыя, і старэйшыя, чакалі выступлення клоўна і забаўляльнай праграмы, якая ў хуткім часе распачалася ля ўвахода ў тэатр. Акторы з’яўляліся перад публікай у вобразе казачных герояў, якіх, дарэчы, дзеці не заўсёды пазнавалі.

Карагоды, загадкі, гульні – усе атрыбуты дзіцячага свята. Рухомыя гульні былі вельмі дарэчы, бо на вуліцы было не надта цёпла.

Дарослыя чакалі старшыню Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта Сямёна Шапіру. Аднак, ён так і не прыехаз, хаця яго выступ і быў урачыста абвешчаны. Адсутнасць  кіраўніка вобласці не асабліва засмуціла маленькіх наведвальнікаў і яны працягвалі весела насіцца каля тэатра, чапляючыся да актораў.

Пасля выступлення клоўна і агульнага фатаграфавання з казачнымі героямі, усіх прысутных запрасілі на новы спектакль “Дагары нагамі”, які, дарэчы, з’яўляецца навінкай сезона і быў паказаны ўсяго два разы.