Жнівень 1973 года. Спецаперацыя “Ліст пісьменнікаў”

|

У лісце адзначалася:

 

“Савецкія пісьменнікі заўсёды разам са сваім народам і Камуністычнай партыяй змагаліся за ідэалы камунізму, за мір і сяброўства паміж народамі. Гэта барацьба – наказ сэрца ўсёй савецкай інтэлігенцыі. У цяперашні гістарычны момант, калі адбываюцца дабратворныя перамены ў палітычным клімаце планеты, паводзіны такіх людзей, як Сахараў і Салжаніцын, якія ўзводзяць паклёп на наш дзяржаўны і грамадскі лад… не могуць выклікаць ніякіх іншых пачуццяў, акрамя глыбокай пагарды і асуджэння”.

 

Сярод 31 чалавека, якія падпісалі адкрыты ліст, трэцім значылася імя Васіля Быкава. Васіль Уладзіміравіч да канца жыцця памятаў гэты эпізод, глыбока перажываў тое, што здарылася. Сёння ўжо добра вядома, як гэты подпіс пісьменніка ўвогуле з’явіўся. У кнізе Сяргея Шапрана “Васіль Быкаў. Гісторыя жыцця” прыведзены яскравы ўрывак з успамінаў Давіда Сімановіча:


“Другі дзень выязнога пленума Саюза пісьменнікаў Беларусі ў Магілёве. Выступалі ў адной з Быкавым брыгадзе на камбінаце сінтэтычнага валакна. Калі сядзелі ў кабінеце дырэктара камбіната, Быкава выклікалі ў абкам партыі. Утрох з Генадзем Бураўкіным і Анатолем Вярцінскім у двары камбіната чакалі яго вяртання.


Ён вярнуўся расхваляваны і засмучаны. Коратка расказаў, што па тэлефоне з ім гаварылі з ЦК КПБ. У рэдакцыі “Правды” падрыхтавана пісьмо вядомых савецкіх пісьменнікаў з асуджэннем Сахарава і Салжаніцына. Пад пісьмом сярод іншых яго подпіс. “Але ж я не чытаў і не ведаю, што падпісваю”, – сказаў Быкаў. І пачуў: “Мы раім не пярэчыць. Заўтра ў “Правде” прачытаеце”.

 

Так савецкая ўлада змагалася з самымі вядомымі на той час дысідэнтамі ў краіне. Жнівень 1973 года быў вельмі напружаным часам. У рукі супрацоўнікаў дзяржбяспекі трапіў адзін з экзэмпляраў твора Аляксандра Салжаніцына “Архіпелаг ГУЛАГ”. Сам пісьменнік, даведаўшыся пра гэта, вырашыў тэрмінова друкаваць кнігу на Захадзе.

 

Без перабольшвання, “Архіпелаг” уяўляў сабой сапраўдную бомбу супраць савецкай улады. Я прачытаў гэту кнігу ў пачатку васьмідзесятых , усяго на суткі атрымаўшы фотакопію парыжскага выдання. У той час нават за звычайнае захоўванне крамольнай кнігі можна было атрымаць турэмны тэрмін.

 

Вось чаму на Салжаніцына ў жніўні 1973 г. пачалося сапраўднае паляванне. Адным з мерапрыемстваў па дыскрэдытацыі пісьменніка быў той самы ліст яго, так бы мовіць, таварышаў па пяру. Васіль Быкаў пасля лічыў, што гэтую акцыю арганізавалі ў ЦК КПСС, а праз беларускі ЦК КПБ давялі непасрэдна да яго. Мне ж здаецца, што галоўную ролю ў той спецаперацыі адыгрываў КДБ СССР, які апантана змагаўся з так званымі ідэалагічнымі дыверсіямі, і непасрэдна яго кіраўнік Юрый Андропаў.

 

У апошнія гады выйшла ў свет шмат мемуараў былых партапаратчыкаў самога рознага ўзроўню. Шмат чаго ўзгадваюць камуністы, аднак пра падзеі жніўня 1973 г. не гаворыцца нідзе. А вось рассакрэчаныя дакументы пра дзейнасць чэкістаў у гэтым кірунку сёння вядомы. Дарэчы, менавіта сам Юрый Андропаў яшчэ ў 1969 г. дакладваў у ЦК КПСС:


“Камітэт дзяржаўнай бяспекі Беларусі мае дадзеныя пра палітычна нездаровыя настроі беларускіх пісьменнікаў – члена КПСС Карпюка і Быкава… У цяперашні час да Быкава праяўляюць павышаную цікавасць ідэалагічныя цэнтры праціўніка”.

 

Відавочна, што органы дзяржбяспекі ўзмоцнена сачылі за Васілём Уладзіміравічам, імкнуліся кантраляваць кожны яго рух. Магчыма, у КДБ палічылі вельмі важным, каб сярод “падпісантаў” ліста апынуўся і Васіль Быкаў.

 

У гэты момант кар’ера самога Юрыя Андропава зрабілася вельмі хісткай. Таварышы па Палітбюро адкрыта выказвалі незадавальненне галоўнаму чэкісту  ў сувязі з “разгулам антысаветчыны” ў краіне. А ён жа так марыў ускараскацца на вяршыню ўлады. Так Васіль Быкаў трапіў у самую гушчыню палітычных жарсцяў гарачага жніўня 73-га.

Праз некалькі месяцаў, у чэрвені 1974 г., адзін за другім выйшлі два нумары часопіса “Огонек”, якія захаваліся ў маёй бібліятэцы. У першым з іх быў надрукаваны партрэт (але чамусьці чорна-белы, а не каляровы, можа, на каляровы яшчэ не цягнуў у той час) усясільнага шэфа КДБ з подпісам “Юрый Уладзіміравіч Андропаў. Да 60-годдзя з дня нараджэння”, а ў наступным нумары вядомы расійскі пісьменнік Віктар Астаф’еў павіншаваў Васіля Быкава з пяцідзесяцігадовым юбілеем.