БАТЭ здолеў фарсіраваць “Нёман”

|

Вось і дачакаліся мы матчу з удзелам “Нёмана”. Ды толькі стартаваць гарадзенцам у трэцім этапе прыйшлося з паражэння. “Нёман” гасцяваў ў лідара чэмпіянату – барысаўскага БАТЭ, і саступіў у самай канцоўцы сустрэчы.

 

Гарадзенцы і барысаўчане заўсёды імкнуцца паказваць відовішчны футбол. Варта ўспомніць матч першага круга чэмпіянату, калі “Нёман” на сваім полі абыграў БАТЭ з лікам 2:1. Але гэта быў толькі пачатак. Цяпер “Нёману” супрацьстаяў “раззлаваны” БАТЭ, які ніяк не можа ўзлезці на вяршыню табліцы.

Пачатак матчу застаўся за “Нёманам”. На трэцяй хвіліне добры момант быў у Зубовіча, але мяч пасля яго ўдару праляцеў міма брамы. Пасля яшчэ некалькі момантаў меў той жа Зубовіч, але Ягор не вырашаўся прабіць.

 

Барысаўчане на 20 хвіліне не толькі выраўнавалі гульню, але і завалодалі ініцыятывай. Атака за атакай абвальваліся на вароты “Нёмана”, але, на шчасце для Гродна, упэўнена гулялі абаронцы на чале з Чэрнікам. Назіраліся правалы, як у Вітуса, так і Садаўнічага, але пасля хлопцам удалося рэабілітавацца.

У першым тайме ў складзе “Нёмана” варта адзначыць гульню Савіцкага, які не аднойчы абвастраў левы фланг. Паўлу ўдавалася прабягаць магутную абарону барысаўчан, а пасля і аддаваць добрую перадачу.

 

Увесь другі тайм гарадзенцы абараняліся, біліся да канца. І нават у канцоўцы сустрэчы маглі выйсці наперад , але, мабыць не хапіла сіл і каманда настраiвалася на нічыю.

 

Ішла 90 хвіліна матчу, Яблана збіваюць у цэнтры поля і Мiльян пакідае яго. Праз цэнтр барысаўчане разыгралі новую атаку, якая скончылася ўзяццем варот. Варта было Яблану пакінуць цэнтр, як каманда прапусціла. Барысаўчанам усё ж удалося фарсіраваць Нёман.

У сустрэчы з БАТЭ Дзмітрый Раўнейка правёў 240 матч за гарадзенскі клуб. Тым самым ён становіцца рэкардсменам па гульнях у майцы “Нёмана”. На другім месцы Артур Крыванос – 239 матчаў, а на трэцім месцы Дзмітрый Кавалёнак – 237 матчаў.

 

Пасля матчу Сяргей Саладоўнiкаў:

 

“Перш за ўсё я хацеў бы падзякаваць камандзе за гэты матч – бескампрамісны і цікавы. Думаю, ён спадабаўся заўзятарам. Нам для перамогі не хапіла дзвюх рэчаў. Па-першае – забітага мяча. Хоць былі перспектыўныя атакі, якія мы не давялі да канца. У Зубовіча меўся стоадсоткавы момант на першых хвілінах. Па-другое – раўнацэнных замен. У цэлым хачу падзякаваць сваім хлопцам за гэты паядынак. Таму што цяжка гуляць без кваліфікаваных запасных”.

 

Мы тым часам чакаем наступнай гульні, у якой супернікам “Нёмана” будзе мінскае “Дынама”, якое жадае помсты. Матч адбудзецца 22 верасня ў Гродне.

 

Здымкі fcbate.by