“Ён і сёння застаецца для нас таямніцай”

24 верасня, у дзень нараджэння Юрыя Гуменюка, ягоныя сябры і прыхільні сабраліся ў мастацкай галерэі “Крыга”. Партрэт, кветкі, таварышы з Саюза пісьменнікаў, сівая маці… Вёў вечар паэт Анатоль Брусевіч.

“Творчасць Юры цалкам унікальная, таму цяжкая нават для перакладаў, – адзначыў літаратар Алесь Аркуш (на здымку), – добры паэт як добрае віно: з часам ягоныя вершы толькі набрыньваюць сэнсамі”.

Людзей поўна – спачатку цяжка нават развярнуцца, не тое што пабачыць выступоўцаў.

“Юры быў таямнічай, складанай, нечаканай асобай, – дзеліцца ўспамінамі прафесар Аляксей Пяткевіч. – Ягоная паэзія элітарная, не для ўсіх. Ён і сёння застаецца для нас таямніцай – дык будзем чытаць і разгадваць!”

 

Цягам вечару можна было прыдбаць за ахвяру пасмяротны зборнік Гуменюка “Назаві мяне геніем”, які выйшаў у серыі “Гарадзенская бібліятэка”. Ахвяраваныя грошы маюць пайсці на помнік паэту.


“Ён браў эстэтычна-нізкае і пачварнае ды ўздымаў, выкрышталізоўваў да высокага, – заўважыла паэтка Ала Петрушкевіч, – чым і ствараў сваю таямніцу, ствараў нешта неверагоднае”.

Музычную частку вечару забяспечвалі Уладзімір Захараў, Таццяна Салаўёва, Вольга Хвашчынская, якія выконвалі кампазіцыі на вершы Гуменюка.

Нагадаем, паэт і журналіст Юры Гуменюк трагічна загінуў пры невысветленых абставінах 19 студзеня 2013 году: упаў з дзявятага паверху інтэрната. Сёлета яму б споўнілася 44 гады.

 

Здымкі Яна Лялевіча