“Вострая і нязручная” Ірына Шатыронак прэзентавала новую кнігу

|

Творчасць Ірыны Шатыронак мала каго пакідае абыякавым. Год таму яна стала прадметам абмеркавання праўладнага Саюза пісьменнікаў Беларусі. Сёлета выступоўцы таксама не шкадавалі часу і эмоцый на прыхільную ці адмоўную ацэнку.

Вострым і нязручным чалавекам назвала Ірыну Сяргееўну старшыня гарадзенскай суполкі “Беларускага саюзу жанчын” Ірына Сенчанкова. “Ад яе дастаецца і маладым аўтарам, і тым, хто мае званні. Шмат каму гэта не спадабаецца”, – выказала меркаванне Ірына Пятроўна. Адначасова выступоўца адзначыла, што спадарыня Шатыронак – патрыётка, якая ахвяруе сваім спакоем дзеля ідэі і бярэ на сябе адказнасць выказваць свой пункт гледжання адкрыта ў час, калі вялікая літаратура страчвае аўтарытэт.

Прафесар Аляксей Пяткевіч распачаў крытыку ад упарадкавання паняццяў. Ірына Сяргееўна называе сябе “беларускай пісьменніцай, якая піша па-руску”. Спадар Пяткевіч прапанаваў называць аўтарку “рускай пісьменніцай Беларусі”. Як асноўную заўвагу да яе творчасці Аляксей Міхайлавіч адзначыў занадта шмат атруты ў тэкстах. Па яго меркаванні, шмат хто не заслугоўвае такіх нізкіх ацэнак, якія выказвала Ірына Шатыронак у стасунку.

Асабліва расхваляваўся спадар Аляксей, кажучы пра ганебную ацэнку творчасці навукоўцаў, якую паставіла аўтарка ў сваёй кнізе, і падкрэсліў сваю абсалютную нязгоду з яе поглядам. Прафесар прапанаваў аўтарцы ўвогуле не рэагаваць на бязгустоўную літаратуру, у якой пяройдзены этычныя рамкі, а тым больш не цытаваць такія творы ў сваёй кнізе. Разам з тым, Аляксей Міхайлавіч прызнаўся, што ўпадабаў мастацкую прозу Шатыронак і заахвочваў яе цалкам прысвяціць сябе гэтаму напрамку літаратуры.

Сама Ірына Сяргееўна вызнала, што яна не крытык, і што больш за крытычныя матэрыялы любіць пісаць апавяданні. Аднак яе характар не дазваляе ёй маўчаць, бачачы неякасную літаратуру і нізкапробных пісьменнікаў. Спадарыня Шатыронак прызналася, што ёй таксама не падабаецца атрымліваць пінкі ў адказ, тым больш што пакрыўджаным лягчэй ёй адпомсціць, крытыкуючы яе творчасць.

Каторы раз яна абяцала сысці са шляху крытыка і заглыбіцца ў спакой празаічнай творчасці. Аднак, па яе словах, “гэта як звон, які разагналі, і ён гудзе”, і не дае жыць спакойна. Некаторыя прысутныя падтрымалі і ўхвалілі аўтарку ў яе неабыякавасці і пажадалі, каб яе “звон гудзеў” надалей.