Польскае консульства ў Гродне лідзіруе па колькасці выдадзеных шматгадовых візаў

|

Такія дадзеныя вынікаюць з апублікаваных польскім парталам Порт Еўропа звестак пра колькасць візаў, якія ў 2011, 2012 і ў першай палове 2013 г. выдалі польскія пасольствы і консульствы ў Беларусі і Ўкраіне.

 

Так, за першыя 6 месяцаў 2013 г. у Гродне была выдадзена 20 341 шэнгенскіх візаў тэрмінам да 1 года (у Брэсце, для параўнання, 27316 візаў).

 

Затое па колькасці шэнгенскіх візаў, якія выдаюцца на некалькі год, консульства ў Гродне нашмат апярэдзіла аналагічную польскую дыпламатычную пляцоўку ў Брэсце.

 

У Гродне ў гэты перыяд было выдадзена 3033 візы тэрмінам дзеяння 3 гады, 140 візаў тэрмінам на 4 гады і 101 віза на 5 год. У Брэсце гэтыя лічбы складаюць адпаведна 46, 4 і 2 візы.

 

Нашмат больш у Гродне выдаюць таксама польскіх нацыянальных візаў. Іх у першым паўгоддзі было выдадзена 15243 (у Брэсце – 11492).

 

Порт Еўропа вядзе кампанію, накіраваную на тое, каб польскія консульствы ў Беларусі і Ўкраіне выдавалі больш шматгадовых візаў

 

На думку аднаго з ініцыятараў кампаніі Якуба Логінава (Jakub Łoginow), выдаванне кароткатэрміновых візаў дазваляе павышаць статыстыку, але прыводзіць да гіганцкіх чэргаў каля консульстваў ды іншых негатыўных з’яваў. Па яго словах, Міністэрства замежных справаў Польшчы рэкамендавала консулам выдаваць больш пяцігадовых візаў.

 

– Гэта яшчэ не спраўджана практыкай, але хіба што нешта ў гэтай справе зрушыла з месца – цытуе Логінава gazeta.pl