Чатыры гарадзенскія каманды згулялі ў Encounter, каб дапамагчы сябру

|

Гарадзенскія гульцы кажуць, што самыя коды пад час гэтай гульні былі напісаныя так, што іх было нялёгка адшукаць. Таму ніводная з гарадзенскіх каманд нават не ўвайшла ў першую сотню пераможцаў. “Аднак галоўнай была не перамога, а ўдзел у такім вялікім праэкце”, – кажуць гарадзенскія гульцы. Кожная з гарадзенскіх каманд атрымала за гульню прызы ад кампаніі “Будзьма Беларусамі”.

 

Пра гульню і ідэю яе стварэння распавядае адна з аўтарак – Анастасія Данцова з Пензы: “Ідэя правесці гульню ў дапамогу сябру, у якога здарылася няшчасце, каб прыцягнуць як мага большую колькасць удзельнікаў, прыйшла ў галаву Эдуарду Сталярову з Магілёва (або інакш ПечENьке). Вырашылі паспрабаваць, паклікалі знаёмых арганізатараў з іншых гарадоў, яны паклікалі сваіх знаёмых, так сабралася каля 40 гарадоў з чатырох краін (Расія, Беларусь, Украіна, Казахстан)”.

 

Разам вызначыліся з датай, прабегам гульні. За месяц сабралі неабходную інфармацыю па маршрутах, прыдумалі заданні. 19 кастрычніка гульня адбылася. 175 каманд у розных гарадах адначасова атрымалі заданні і пачалі віртуальна-рэальнае спаборніцтва. У адных гарадах, па розных прычынах, гуляла ўсяго адна каманда: ім было найбольш складана, бо барацьба вялася з нябачнымі супернікамі.

 

“Мы не валанцёры, мы хутчэй сябры, мы не можам застацца ў баку, ведаючы, што ёсць магчымасць дапамагчы. Думаю, калі б я не з’яўлялася адным з арганізатараў гэтай гульні, а мяне б папрасілі стаць лакальным арганізатарам ці нават проста прыняць удзел у якасці гульца – пагадзілася б не разважаючы. Гэта ж вельмі выдатна – весела правесці час з сябрамі і такім чынам яшчэ і дапамагчы чалавеку”.

 

Пра гульню распавядае арганізатар у Маскве Артур Кавалёў:

 

“Ідэю дабрачыннай гульні падхапілі імгненна арганізатары з розных гарадоў і ў выніку ў ёй прынялі ўдзел амаль дзве сотні каманд. Чаму людзі дапамагаюць іншым? Кожны можа апынуцца ў падобнай сітуацыі і гэта нармальна, калі тыя хто побач яму дапамогуць. А ў дадзеным выпадку магчымасць дапамагчы атрымалі тыя, хто аддалены геаграфічна.

 

Праект Encounter аб’ядноўвае людзей. У віртуальных гульнях за адну каманду гуляюць людзі з розных краін. На рэальных міжнародных і міжрэгіянальных гульнях пастаянна перасякаюцца гульцы з розных рэгіёнаў і краін. Таму гэта падзея атрымала вялікі рэзананс у EN-супольнасці, бо Аляксандр Бірлоў вядомая шматлікім гульцам асоба і вельмі многія захацелі дапамагчы яго сям’і”.

 

Валанцёраў на арганізацыю гульні ў Маскве шмат не спатрэбілася – 2-3 чалавекі. Да таго ж аб’ём працы быў невялікі. Хаця і ўдзельнікаў у расійскай сталіцы было няшмат – толькі тры каманды.

 

На дадзены момант удзельнікі Encounter сабралі суму, што троху перавышае чатыры тысячы долараў. Але па словах Аляксандра Бірлова грошы працягваюць паступаць.