Аляксей Лягчылін: “Хацелася даказаць сабе, што яшчэ на нешта здольны”

|

Віншуем з дэбютам у гэтым сезоне! Раскажы, як прайшло вяртанне?

 

Усё прайшло добра. Апошні раз у старце я выходзіў ажно ў далёкім верасні 2011 года, у матчы з “Тарпеда”. У першую чаргу хацелася даказаць самому сабе, што яшчэ на нешта здольны. У другую чаргу, хацелася б адзначыць трэніроўкі, якія дапамаглі мне прыйсці ў сябе. Пасля траўмы ў старт адразу не выходзіш, я зноў пачынаў з дубля. Стараўся даказваць на трэніроўках, што здольны згуляць у стартавым складзе. Мне далі шанец, а як згуляў, гэта ўжо няхай судзяць іншыя.

 

У час матчу ты шмат ляжаў і сядзеў на газоне – з чым гэта звязана? Старыя траўмы не даюць пра сябе забыць?

 

У адным са стыкаў пацягнуў мышцу, думаў што пабегаю і ўсё будзе добра, але боль не сыходзіў. Таму здаралася прысесці. А тая старая траўма мяне ўжо не трывожыць. Спадзяюся, гэта ўжо ў мінулым.

 

На якой пазіцыі ты зараз канкрэтна граеш?

 

Бывае абаронца, бывае паўабаронца. Дзе паставяць, там і буду.

 

Што можаш сказаць наконт гэтай перамогі, за кошт чаго “Нёману” ўдалося абыграць БАТЭ?

 

За кошт самааддачы, згуртаванасці калектыву і, вядома ж, за кошт поспеху. Сёння фартуна была на нашым баку.

 

Як ты думаеш, калі б за БАТЭ выступаў Глеб, “Нёману” прыйшлося б цяжэй?

 

Пры такім самым жаданні перамагчы, якое было, не думаю, што нешта б памянялася.

 

Як рыхтаваў Сяргей Вітальевіч да гульні з БАТЭ?

 

Гуляць шчыльна і агрэсіўна. Многія каманды не любяць, калі так з імі гуляюць. Думаю мы выканалі ўстаноўку трэнера. Вынік – перамога.

 

Як узаемадзейнічаеш з пачаткоўцамі, якія дапамагаюць табе ў цэнтры (Эссаме і Салавей), што можаш сказаць пра іх?

 

Сэм – як настаўнік. Ён іграў на высокім узроўні і яму ёсць чаму навучыць маладых. Трэніравацца, гуляць з ім адно задавальненне. Салавей – машына! Думаю, ён яшчэ не набраў сваю аптымальную форму, але гэта справа часу! Лёгка гуляць, калі побач з табой такія гульцы.

 

Далей гульня з “Дынама”, чаго варта чакаць ад “Нёмана”? Ці будуць гарадзенцы змагацца за тройку, ці можа чацвёртае месца гэта мяжа?

 

“Нёман” неаднаразова ў гэтым сезоне даказываў, што яму ўсё супернікі па зубах! Вядома, будзем выціскаць з сябе максімум, каб дамагчыся максімальнага выніку. У верхняй шасцёрцы абыгрывалі ўсіх, акрамя “Тарпеда” – была нічыя. Таму баяцца няма чаго. Будзем змагацца!