Баскетбол: у аўторак і пятніцу на паркеце краіны адбыліся выніковыя сустрэчы першага круга

|

Паядынак, які праходзіў у спарткомплексе па вуліцы Гагарына, мяркуючы па шыльдзе, павінен быў прыцягнуць гледачоў, аднак іх зноў было нікчэмна мала. Ізноў, незразумела па якіх прычынах, сустрэча пачыналася ў 17.00 пры поўнай адсутнасці інфармацыі аб пераносе.

 

Першая палова сустрэчы прайшла даволі роўна. Гаспадары спрабавалі знайсці раўнацэнную замену выбыўшаму Юрыю Мішукову на пазіцыю цэнтравога, а госці ўпарта білі па балючым месцы. Як вынік 41-37 на карысць гараджан да вялікага перапынку.

 

Як магло здацца нешматлікай публіцы, сустрэча павінна была працягнуцца ў тым жа ключы, але не. На старце другой паловы гаспадары зрабілі стаўку на хуткi напад і не пралічыліся.

 

Зруйнавальная трэцяя чвэрць (32-9) і зыход супрацьстаяння фактычна вырашаны. На фінальны адрэзак падапечныя Андрэя Ольбрэхта (нагадаем, Мухарэм Вугдалiч пакінуў “Свіслач” па ўласным жаданні) выйшлі з настроем пазбегнуць разгрому (усё ж у камандзе сабраны добрыя гульцы – Іваноў, Вабішчэвіч, Сапегін і нават легіянер Ды Джэй Тэрнер). Але не атрымалася – 95-63 на карысць “93”.

 

Лепшымі ў гаспадароў сталі Канстанцін Яфрэмаў і Дзяніс Пастухоў, якія набралі па 18 балаў, а таксама Андрэй Мастоў з 17 ачкамі.

 

На гадзіну пазней у Мінску пачалася сустрэча “Прынёмання”. На жаль, хлопцы  пакуль не здолелi атрымаць перамогу ў выязных сустрэчах – 86-81 на карысць “Цмокі-Мінск” (2).

 

У пятніцу, у выніковым туры першага круга, падапечныя Віталя Маклакова прымалі віцебскі “Рубон”. “Прынёманне” са стартавага свістка прынялося за справу і да вялікага перапынку мела зачын у 17 ачкоў. Пры гэтым гульцы не забывалі і пра эфектнасць момантаў, часцяком пасылаючы мяч у кошык кідкамі зверху. Больш за астатніх у такіх труках атрымалі поспех Карасевіч, Шулейка і Семянюк. Апошні, дарэчы, бамбардаваў кальцо гасцей і з далёкай дыстанцыі (2 з 3 з-за дугі).

Руслан Байдакоў па ходзе гульні неаднаразова звяртаўся да нетрадыцыйных метадаў і здымаў з гульні адразу ўсю пяцёрку гульцоў. Трэба адзначыць, што спосаб часткова дапамог і калі Аляксандар Дзяржаўцаў трапіў трохачковы, тым самым скараціўшы адставанне да “ -8”, магло здацца, што яшчэ нічога не вырашана. Але своечасова ўзятыя Маклаковым хвілінныя перапынкі дапамаглі “Прынёманню” супакоіцца і атрымаць трэцюю запар хатнюю перамогу – 72-64.

 

“Гродна-93” адправіўся ў Гомель, дзе разам з мясцовым “Сож-ГДУ” пачаў вызначаць лідара чэмпіянату. Прайграючы па ходу першай чвэрці, каманда Андрэя Васілеўкі змагла пераламаць ход паядынку і засталася адзінай камандай ні разу не прайграўшай  са старту чэмпіянату – 88–77 на карысць гараджан. Самымі выніковымі ў гэты вечар сталі Арцём Малькоў – 17, Дзяніс Пастухоў – 16 і Ігар Канюшенка – 15 балаў.

 

Здымкі Віталя Ціллі