Гарадзенскі соцыум даўней і сёння

Абрады канферэнцыі адбываліся неяк па-асабліваму ўтульна, па-рабочаму засяроджана і напружана, са сваёй адметнай урачыстасцю (уручэнне ІІ узнагароды імя Юзафа Ядкоўскага плённаму гісторыку-краязнаўцу Віктару Саяпіну), з калянавуковым скандалам, карацей – з усімі атрыбутамі і прыкметамі ўдалага навуковага збору.

 

Кожны ўдзельнік атрымаў густоўна аформленыя, з губертаўскай сімволікай, блакноты, асадкі, персанальныя ідэнтыфікатары, ёмістую сумку з лагатыпам Белсата, абеды, а госці – яшчэ жыллё і білеты (пастараліся ТБШ і “Гарадзенская бібліятэка”).

 

Месца абрад – зручная і ўтульная зала Генеральнага консульства Польшчы ў Гародні (асаблівая падзяка генеральнаму консулу, нашаму калегу, гісторыку Анджэю Хадкевічу), выгодная яшчэ тым, што ў ёй няма небяспекі нечаканага візіту супрацьпажарнай аховы ці падаткавай паліцыі – рэальнай пагрозы грамадскіх імпрэз у горадзе, калі іх арганізоўваюць не дзяржаўныя органы.

 

Галоўны ідэйны натхняльнік і арганізатар канферэнцыі – прафесар Алесь Смалянчук – гэтым разам пашырыў яе тэматычны фармат па-за рамкі аднаго горада і тое дало плён у шэрагу новых “свежых” дакладчыкаў з Менску, Варшавы, Вроцлава, Беластока, Вільні і Коўна.

 

Даклады, падзеленыя на дзве секцыі (эпоха Вялікага Княства Літоўскага і XIX – XX ст.), датычылі самых розных, часам нечаканых, аспектаў даўняга жыцця беларускіх гарадоў. Дыяпазон тэм быў сапраўды шырокі: ад “Да пытання пра генезіс Наваградка” ці “Збіццё як элемент крымінальнай штодзённасці…” у Гародні XVI ст. да “Гарадзенскага супраціву 1861 г.” і аповеду, як “гарадзенскі ўніверсітэцкі соцыум” выпіхваў са сваіх шэрагаў прафесара Міхася Ткачова.

 

Гэты наш “універсітэцкі соцыум” (маецца на ўвазе ГрДУ), падобна, не вельмі змяніўся з камуністычных часоў, бо і сёння гэтак жа імпэтна выпіхвае з універсітэту калег, якія нечым не спадабаліся мясцовай, не выбіранай гарадзенцамі ўладзе. З магутнай (колькасна) плеяды ўніверсітэцкіх гісторыкаў на канферэнцыі прысутнічалі адно дзве асобы. Можна толькі здагадвацца аб прычынах.

 

Большасць, зразумела, займаюцца іншымі тэмамі (хоць любому прафесіяналу заўжды цікава паслухаць прыезджых калег). Іншыя, хто мог прапанаваць даклад, не зрабілі гэтага, па маім асабістым меркаванні, са страху, цалкам абгрунтаванага пасля звальненняў гісторыкаў асабіста цяпер ужо былым гарадзенскім начальнікам Сямёнам Шведабойцам (аналогія з візантыйскім імператарам Васілём Балгарабойцам). Але, здаецца, проста прыйсці і паслухаць было не так ужо і небяспечна.

 

Адсюль узнікае пытанне: ці такое вольнае або нявольнае ігнараванне гарадзенскім гістфакам прафесійнай навуковай імпрэзы зашкодзіла навуковаму ўзроўню канферэнцыі? Дакладны адказ, на маю думку такі: яно зашкодзіла ўзроўню самога гістарычнага (ці як яго зараз завуць?) факультэта ГрДУ імя Янкі Купалы.

 

Здымак Яна Лялевіча з архіву “Твайго стылю”