“Пра паэзію павінны казаць паэты”

|

Адкрыў вечарыну рэдактар кнігі, прафесар Гродзенскага ўніверсітэта, Аляксей Пяткевіч. Ён распавёў, што з  паэзіяй Наталлі Арсенневай пазнаёміўся яшчэ ў пятым-шостым класе, падчас вайны, калі збіраў падшыўку часопіса “Новы Шлях”, у якім друкавалася паэтка.

“Шлях да Беларусі” – гэта першая кніга пра Арсенневу, але менавіта тым яна і цікавая”, – адзначыў Аляксей Пяткевіч.

Ала Петрушкевіч расказала пра тое, што Наталля Арсеннева вучылася ў рускай гімназіі і ажно да юнацкага ўзросту ніколі блізка не сутыкалася з беларушчынай.  Паэтка прыйшла да Беларусі дзякуючы свайму выкладчыку Максіму Гарэцкаму, у якім яна закахалася. І, каб звярнуць на сябе ягоную ўвагу, Наталля пачала вывучаць беларускую мову.

Гарадзенскі паэт Анатоль Брусевіч, які меўся дэкламаваць адзін з вершаў паэткі, адмовіўся ад гэтага, таму што, на яго думку, усе вершы Наталлі Арсенневай дасканалыя і вартыя публічнасці. “І,  каб не пакрыўдзіць ні воднага з іх, верш чытаць не буду”, – заявіў творца, які з’яўляецца да таго ж рэцэнзентам кнігі Алы Петрушкевіч. У гэтай якасці паэт адзначыў, што кніга “Шлях да Беларусі” напісаная вельмі добрай мовай: “Я перакананы, што пра паэзію павінны казаць толькі паэты. Пра Арсенневу напісала паэтка і гэта вельмі добра. Гэтая кніга адлюстроўвае душу нацыі, яе свядомасць. “Шлях да Беларусі” – гэта  матыў ідэі вяртання, што і адлюстравана ў назве”.

 

Вечарына прайшла ў цёплай атмасферы. Пазнаёміцца з кнігай пра Наталлю Арсенневу і яе аўтаркай прыйшлі не толькі прыхільнікі таленту паэткі, але таксама былыя і сённяшнія студэнты Алы Петрушкевіч. Некаторыя з іх чыталі вершы Наталлі Арсенневай, спявалі беларускія народныя песні.

Ала Петрушкевіч, аўтарка кнігі

 

Завяршылася вечарына спяваннем гімну “Магутны Божа”, словы якога дасканала ведалі ўсе прысутныя.

 

Здымкі Яна Лялевіча