Права на паўнавартаснае і шчаслівае жыццё

Разам у фестывалі прымала ўдзел 220 дзетак з абмежаваннямі з 19 раёнаў вобласці.

 

Сярэдняя школа № 38 была абраная месцам правядзення фестывалю таму, што менавіта гэтая навучальная ўстанова можа пахваліцца так званым безбар’ерным асяроддзем і  забяспечвае навучанне ў ёй дзетак з парушэннем апорна-рухавага апарату з усяго горада, у тым ліку – інвалідаў-калясачнікаў.

Праграма фестывалю прадугледжвала сумесныя выступы дзяцей-інвалідаў і здаровых дзетак. Гэта павінна было лішні раз давесці, што кожнае дзіця, незалежна ад роду захворвання ды паталогіі, мае права на паўнавартаснае і шчаслівае жыццё.

 

“Такія канцэрты станоўча ўплываюць на псіхіку дзяцей, дапамагаюць ім адаптавацца ў грамадстве, пашыраюць кола іх зносін”, – заўважыла дырэктарка Дапаможнай школы №1 (калісці – “чацвёртая школа”, якая ўспрымалася гарадзенцамі як гета для дзяцей, няздольных функцыянаваць у грамадстве – рэд.) у Гродне Ірына Біліда. Яна з гонарам паведаміла, што яе школа з’яўляецца сталым удзельнікам рэспубліканскага фестывалю “Вясёлкавы карагод” для дзетак з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця і займае першыя ды прызавыя месцы прынамсі на ўзроўні абласных этапаў фестывалю.

 

Па словах дырэктаркі, дзякуючы супрацоўніцтву яе школы з партнёрамі з Польшчы, дзеткі з яе школы з польскімі каранямі маюць магчымасць адпачываць у летніку ў суседняй краіне, дзе ахвотна праз гульню вывучаюць мову і культуру нашых заходніх суседзяў.

 

Рэпартаж з польскага летніка быў, дарэчы, прадстаўлены і на фестывалі ў сярэдняй школе № 38. Як расказала ягоная аўтарка, пані Ганна, лагер дзейнічае ў межах праекту, рэалізаванага Польшчай сумесна з краінамі-суседкамі, у тым ліку – Беларуссю, і называецца “ Роўныя у краіне, роўныя ў Еўропе”. Гэта праект, скіраваны да дзяцей з інтэлектуальнымі праблемамі і цяжкасцямі выхавання. Фінансуецца ён Міністэрствам замежных справаў Польшчы, а рэалізуецца Падляшскім ваяводствам краіны-суседкі.