У Беластоку прэзентуюць праект, які распавядае гісторыю польска-беларускага памежжа ў старых фотаздымках

|

Нямногія могуць пахваліцца тым, што часта гартаюць альбомы са старымі здымкамі. Некаторыя іх скануюць, заносяць у камп’ютар, альбо трымаюць  на антрэсолях сярод старых газет ці выносяць на паддашша, дзе чорна-белыя сведкі гісторыі пакрываюцца пылам. А сярод старых сямейных фотаздымкаў часам можна знайсці рэдкія, нават унікальныя, якія могуць шмат распавесці пра даўнія падзеі, дарагіх людзей, жывых і тых, каго ўжо няма з намі.

 

Каб выбраць са стоса старых фотаздымкаў найбольш дарагія для памяці, запісаць звязаныя з імі гісторыі, паглядзець на людзей на старых фотаздымках і высветліць “Хто яны? Чаму і калі былі зроблены гэтыя фота?” аматары фатаграфіі адправіліся ў фатаграфічную археалагічную экспедыцыю на польска-беларускае памежжа.

 

У ліпені, жніўні і верасні яны аб’ехалі сем памежных мясцовасцей. Спачатку ў Польшчы: Кляшчэле і Гарадок. Потым у Беларусі: Сапоцкіна, Лунна, Воўпа, Ваўкавыск і Камянец. Уршуля Дамброўская, удзельніца праекта, зазначае, што гэтыя мясцовасці былі выбраны з-за іх багатай гісторыі, культурнай і нацыянальнай разнастайнасці, невялікай колькасці фатаграфічных матэрыялаў у архівах. Аматары фатаграфіі наведалі больш за 60 дамоў і сабралі каля 2300 архіўных фотаздымкаў з 44 прыватных калекцый жыхароў і трох калекцый аматараў старых фотаздымкаў.


“Усе мы ведаем пра гістарычную каштоўнасць, эстэтычную гожасць, дый проста чалавечую цеплыню старых фотаздымкаў, нават выявы іншых, незнаёмых нам людзей і мясцін часам бываюць такімі прыцягальнымі, – гаворыць Уршуля Дамброўская. – Толькі апошнія сведкі гэтых здымкаў адыходзяць з жыцця, моладзь не надае значэння пачутым гісторыям, многія проста выкідаюць на сметнік старыя дакументы.


У 90-х большасць вёсак наведалі гандляры каштоўнымі рэчамі. Здабытыя імі здымкі пайшлі ў свет, але гэта былі ўжо здымкі пазбаўленыя гісторыі. Спадзяюся, што наш праект натхніць на глыбінныя развагі пра сваё мінулае. Можа, нехта пасля прагляду альбома старых фотаздымкаў, які мы надрукавалі, зразумее, што выкінуць такія здымкі, гэта як кавалак душы адарваць, можа нехта зразумее, што трэба берагчы свае сямейныя каштоўнасці, а не прадаваць іх за бясцэнак, што трэба мець павагу да мінулага і цікавіцца ім”.

 

Гэта была археалагічная экспедыцыя, таму яе ўдзельнікам давялося “капаць” як у прамым, так і ў пераносным сэнсе. Спачатку ў архівах і інтэрнэце, каб паглядзець, якія фатаграфічныя матэрыялы, што датычаць сямі населеных пунктаў, уключаных у праект, ужо былі сабраны. Потым яны сустракаліся з жыхарамі гэтых  мясцовасцей. У людзей, каторыя мелі жаданне падзяліцца гісторыяй сваёй сям’і, давялося капаць ў шуфлядах, у старых скрынях з паперамі, праглядаць альбомы, якія амаль развальваліся ў руках (некаторыя захаваліся падчас розных акупацый толькі дзякуючы таму, што былі закапаныя ў агародзе).

 

“Як правіла было так, што нават калі спачатку нехта не меў асаблівага жадання з намі размаўляць, то потым не мог перастаць распавядаць і не хаваў эмоцый, калі пачынаў гаварыць пра важныя, пераломныя моманты ў сваім жыцці, – працягвае Уршуля. – Найбольш глыбока мы капалі, хіба, у чалавечай памяці. Мы “рылі” таксама фізічна, на старым даху ў Кляшчэлях, дзе некалі жыў Ежы Костка, фатограф. У пілавінні мы знайшлі найвялікшае акдрыццё нашай экспедыцыі – старыя негатывы. Самыя старыя фотаздымкі, якія нам пашчасціла знайсці, паходзяць з 80-х гадоў ХІХ ст., а сама гісторыя фатаграфіі пачынаецца ў 1839 г.

 

Беларускі журналіст Анджэй Пачобут, які таксама прымаў удзел у праекце, падкрэслівае, што старыя чорна-белыя здымкі будзяць успаміны. Добрыя і не вельмі, часта яны нясуць інфармацыю аб часах вайны і таталітарызму і ўвогуле дакументуюць драматычную гісторыю памежжа:

 

“ХХ стагоддзе для польска-беларускага памежжа было бязлітасным. Тут сустракаліся, а часам жорстка змагаліся розныя нацыянальныя погляды. Ці гісторыя можа мець колеры? Ці магчыма ў былых падзеях разглядзець розныя адценні, падзяліць іх на больш светлыя і больш цёмныя? Калі паслухаць апавяданні палякаў і беларусаў, што падзяліліся сваімі прыватнымі архівамі, калі паглядзець на старыя здымкі, якія часта былі адзінымі сведкамі чалавечых лёсаў і трагедый, то напрошваецца такі вынік: ў адрозненні ад фотаздымкаў, гісторыя польска-беларускага памежжа не з’яўляецца чорна-белай. Гэта просты, але па-ранейшаму патрэбны і палякам, і беларусам урок.

 

У асноўным “даследчыкі” падарожнічалі шляхам вясковых фатографаў: Бэркоўскага, Абраміцкага, Язерскага, Косткі, якія рабілі сапраўды ўнікальныя здымкі з незвычайнай кампазіцыяй, цікавым асвятленнем, на якіх можна пабачыць простых людзей, выявы мястэчак… Здымкі распавядаюць лёсы людзей, нясуць шмат інфармацыі пра тое, якім было іх жыццё, адлюстроўваюць знакавыя моманты.

 

“Падчас падарожжаў мы чулі ад старэйшых людзей, што іх бабкі і прабабкі адчувалі пэўны недавер да здымкаў, падобны да таго, што мелі жыхары Афрыкі, якія лічылі, што фатаграфаванне забірае кавалак душы, – зазначае журналіст Гжэгаж Дамброўскі, удзельнік праекта. – Яны загадвалі пазбягаць фатаграфавання нованароджаных дзяцей. Але зыходзячы з гэтага магічнага прынцыпа, можна сітуацыю разглядзець у адваротным ключы – калі падчас фатаграфавання забіраецца кавалак душы, то яна захоўваецца. Можа таму старыя фотаздымкі ананімных людзей так уражваюць?”

 

Фатаграфічная археалагічная экспедыцыя на польска-беларускае памежжа была рэалізавана ў межах праграмы „Супольныя польска-беларускія дзеянні 2013” Міністэрства замежных спраў Польшчы. Аўтарам праекта з’яўляецца Асацыяцыя па культурніцкай адукацыі “Widok”.

 

Унікальныя старыя фотаздымкі, сабраныя падчас фотаэкспедыцыі, відэазапісы падарожжа на польска-беларускае памежжа можна знайсці на старонцы www.albom.pl. Храналагічная дакументацыя падарожжа змешчана таксама на старонцы ў Facebook.

 

Мастацкім падсумаваннем праекта будзе кніга фотаздымкаў, якую можна будзе пабачыць падчас прэзентацыі ў Беластоку 15 снежня. Плануецца, што ў Беларусі таксама адбудзецца прэзентацыя праекта. Пра дату і месца прэзентацыі арганізатары паведамяць дадаткова.