Feel The Same і Beach Boogie Band: канцэрт пры пустой зале

Калі па плане павінна было ўжо прайсці паўгадзіны канцэрта, нехта вынес афішу са словамі: “Наляпіце на ўваходзе, каб бачылі хоць, якія гурты граюць”. Між тым, у чаканні надыходзячай аўдыторыі музыкі рызыкавалі страціць тую, якая сядзела і чакала. “Фігня нейкая, нічога не пачынаюць”, – з такімі словамі пара адыходзіла і вярталася каля трох разоў.

Нарэшце, дзесьці ў 19.45, пачулася: “Пачынаем!”. Першымі выступалі Beach Boogie Band. Трэба сказаць, музыкі трымаліся годна, нягледзячы на залу, якую цяжка назваць нават паўпустой. Сабралася чалавек 20. “У нас аншлаг сёння”, – пажартаваў вакаліст Аляксандр Гайваронскі. Вельмі дарэчы былі словы з песні “Рок-н-рол этой ночи”: “Я думал, будет хорошо, а вышло не очень”.

Настолькі малая колькасць прысутных стварала амаль што сямейную абстаноўку. Некаторыя, сапраўды, пачуваліся як дома. Хлопцы вывалаклі барныя крэслы на сярэдзіну залы і сядзелі, папіваючы піва і слухаючы музыку. Але хутка падыйшоў ахоўнік і растлумачыў, што так рабіць нельга.

З асаблівым захапленнем публіка сустрэла кавер на песню Bon Jovi “It’s my life”.

 

Затым сцэну выйшлі Feel The Same. Большасць іх песен была драйвовай і вясёлай, але трапілася таксама павольная і драматычная “Conversation”. Пра новую песню “Сон” вакаліст патлумачыў: “Яна пра тое, чаго няма, але мы хочам, каб здарылася”. Гурт парадаваў яркімі гітарнымі сола і харызматычным салодкагалосым вакалістам.

Пасля канцэрту наведвальнікі ў адзін голас казалі, людзей прыйшло мала, бо не было ніякой рэкламы: “Нават асобную суполку Укантакце на зрабілі. Людзі проста не ведалі”. На маю заўвагу: “Але вы ж прышлі”, яны ўсміхнуліся і казалі: “Проста мы ведаем гурты”. Увогуле, сярод наведвальнікаў былі дзяўчыны і сябры музыкантаў.

 

Іншыя музыкі таксама пагадзіліся, што ўся справа – у адсутнасці рэкламы. Арцём Малышка: “Калі б мне не сказаў Косця (бас-гітарыст Feel The Same), я б і не ведаў. Афішу толькі гадзіну назад павесілі! Калі ў “ОфицероFF” нешта праводзілі, дык за нядзелю ўсё вісела!”.

 

Між тым, музыкі многае прынялі на свой рахунак. Косця Салейка, бас-гітарыст Feel The Same:

 

“Мы не разумем, чаму так выйшла. Холадна ж, а мы прапануем увайсці за 30 тысяч, выпіць куфаль піва, паслухаць добрую музыку. Я не ведаю…”

 

Габрыель Абатураў, бас-гітарыст Beach Boogie Band:

 

“Я рассылаў запрашэнні ўсім знаемым, нават неяк расчараваўся, што прыйшло так мала людзей. Мы чакалі хаця б 50 чалавек”.

 

З іншага боку, гэтым разам усе дакладна прыйшлі на любімую музыку любімых гуртоў, а не таму што “ўсе ішлі”. Можа, горад стаміўся ад канцэртаў? Або камусьці не цікава прасоўваць больш сур’ёзную музыку, на якую не валяць масава аматары выпіць і патрэсці галавой пад пякельныя гукі? Нягледзячы ні на што, для музыкаў, па іх жа словах, пустая зала МЦ “Гродна” стала яшчэ адной прыступкай на шляху да прызнання.