“Ляпіс Трубяцкі” на Кірава, ДАІшнікі ды ціхары на Леніна

Сілавікі падрыхтаваліся да акцыі значна лепш, чым уладальнікі аўто. На плошчы Тызенгаўза дыжурыў эвакуатар, цэнтр горада поўніўся ДАІшнікамі, а таксама “дружыннікамі” пры ДАІ (яны стаялі на пераходах). У раёне плошчы Леніна па двое гулялі супрацоўнікі ў цывільным, а таксама некалькі АМАПаўцаў.

 

Арганізаваных ды зацяжных сігналаў не было чуваць, хоць, напрыклад, на Кірава хлопцы ўрубілі на поўную “Ляпіса”, якога праз адкрытае вакно салона пачула паўвуліцы.

 

Пра затрыманых альбо аштрафаваных у Гродне як тыдзень таму, так і зараз інфармацыі няма (калі вы валодаеце падобнымі звесткамі – пішыце ў каментарах).

 

Нагадаем, роўна тыдзень таму ў Мінску ды абласных цэнтрах краіны прайшла першая акцыя “Стоп-падатак”: машыны пасля 18.00 хорам сігналілі, праязджаючы каля цэнтральнай плошчы горада. У Гродна сігналы можна было пачуць уздоўж плошчы Леніна.

 

Здымак Дзяніса Івашына