Апытанне “Твайго стылю”: Ці рэальна знайсці добрую працу, атрымаўшы дыплом аб вышэйшай адукацыі?

Юлія, 23 гады, дзяржслужачая

Не магу сказаць за ўсе спецыяльнасці, але па маёй (банкаўская справа) знайсці годную працу вельмі складана. Акрамя вышэйшай адукацыі абавязкова патрабуюць вопыт працы, і як правіла, не менш за два гады. А дзе яго набыць – незразумела. Таму дыплом не дае ніякай гарантыі добрага працаўладкавання. Асабліва калі падвязак няма.

 

Аляксандр, 22 гады, маркетолаг

Можна. Трэба забіць на дыплом, не рабіць на яго стаўку, а рабіць на сябе. Вывучаць і развівацца ў той вобласці, якая цікавая табе, пры гэтым пажадана, каб тваё зацікаўленне прадавалася. Нашую краіну ў разлік не бярэм, бо даўно можна зарабляць за мяжой. Пры гэтым асабіста мне дапамагае дыплом і некаторыя веды, магу нават сказаць што сваёй адукацыяй задаволены!

 

Наталля, 22 гады, бухгалтар

У нашай краіне дыплом аб вышэйшай адукацыі не грае ніякай ролі. Для людзей, якія ім не валодаюць, ёсць шмат працы, дзе ён і не патрэбны. Па спецыяльнасці працуе вельмі малая колькасць людзей. Мае значэнне, вядома, ўплыў некаторых людзей, якія маюць выхады на добрую працу праз знаёмых. Для чаго тады дыплом?

 

Павел, 20 гадоў, сантэхнік

Залежыць ад таго, што для чалавека “нармальная” праца. Складана адразу пасля ўніверсітэта знайсці высокааплачваемую працу, калі няма знаёмстваў ці выдатнага таленту. Калі хочаш працаваць не рукамі – практычна нерэальна знайсці працу вышэй за пяць мільёнаў “са старту”. Ды і ў будаўнічых арганізацыях наўрадці прапануюць высокі заробак адразу.

 

Але, без працы нічога не выйдзе. Хутчэй за ўсё, варта пачынаць па спецыяльнасці. Калі падабаецца – працуй год, два. Калі атрымаецца ўсё, то і праца будзе добрая. Не? Тады варта шукаць сябе ў іншым рэчышчы.

 

Міхаіл, 20 гадоў, студэнт

У дадзены момант яшчэ вучуся, так што свайго вопыту працаўладкавання з дыпломам не маю, але па вопыту сяброў можна сказаць, што камусьці шанцуе больш, камусьці менш. Усё залежыць ад спецыяльнасці: знаёмыя выпускнікі аграрнага універсітэта знаходзяць працу без праблем. Іншая справа – аплата тваёй працы, ёй не ўсе рады.

 

Выпускнікам гуманітарных дысцыплін пашанцавала менш, працы для іх практычна няма, не гараць зараз браць на працу маладых, амбіцыйных эканамістаў, юрыстаў, працаўнікоў мас-медыя.

 

Яўген, 20 гадоў, студэнт

Працу знайсці цяжка тым хто вучыцца на платным. Наймальнікі шукаюць работнікаў з вопытам працы. Амаль усе аб’явы аб працы ўтрымліваюць абавязковую ўмову аб вопыце работы па спецыяльнасці не менш за два-тры гады. А дзе ж яго ўзяць, калі студэнт з дыпломам аб вышэйшай адукацыі без вопыту работы, на рынку працы з’яўляецца пустым месцам?

 

Раман, 20 гадоў, беспрацоўны

Знайсці годную працу пасля атрымання дыплома ў Беларусі вельмі цяжка. Маладыя кваліфікаваныя спецыялісты працуюць за капейкі па размеркаванні, а пасля яго заканчэння звальняюцца. Зарплата настаўніка ці інжынера ў Беларусі непараўнальная з заробкам калегаў на Захадзе. У Беларусі вельмі многія людзі нават пасля атрымання вышэйшай адукацыі працуюць на нізка кваліфікаваных пасадах (дапаможны працоўны, грузчык) альбо з’язджаюць зусім з краіны.

 

Мікола, 20 лет, студэнт

Гэта залежыць ад амбіцый і жаданняў чалавека. Фарт таксама грае сваю ролю. Працу ў краіне знайсці даволі лёгка. Але не кожная праца нармальная. З Беларусі можна нават у карпарацыю Скай Спортс патрапіць, прайшоўшы адбор.

 

Аляксандра, 24 гады, ветэрынар

Асабіста ў мяне з маёй адукацыяй нармальнай работы няма, я магу калупацца ў лайне. Мне лёгка, у калгасах заўсёды ветэрынары патрэбныя. Але калі казаць, што нармальная праца – гэта з высокай зарплатай, то ў нашых калгасах шмат не заробіш.

 

Аляксандр, 26 гадоў, выкладчык

У залежнасці ад таго, які ў цябе дыплом і якая спецыяльнасць. Калі ты талковы праграміст, то так, можна. Яны яшчэ на стадыі вучобы знаходзяць будучых працадаўцаў. Работнікі тэхнічных спецыяльнасцяў будуць запатрабаваныя, інжынеры пастаянна патрабуюцца на рынку працы.

 

Іншая справа – заробак. Будаўнічыя спецыяльнасці – так, працу на нармальную зарплату знайсці можна. Складаней за ўсё гуманітарыям. Філолагі – добра калі праз пяць гадоў пасля выпуску адна трэцяя працуе па спецыяльнасці. Юрысты ці эканамісты – іх зашмат, а працадаўцам патрэбныя людзі з вопытам працы.

 

Ягор, 23 гады, беспрацоўны

Многія выбіраюць не па дыпломе, а па зарплаце. Вось заробкі па спецыяльнасці бываюць не ахці, ды і на працу не заўсёды бяруць. Шматлікім маім знаёмым з дыпломам даводзіцца шукаць працу не па спецыяльнасці, з-за недахопу месцаў ці ад нізкай зарплаты.

 

Яўген, 21 год, беспрацоўны

Мне 21 год, я атрымаў вышэйшую адукацыю. Падчас вучобы на дзённай форме навучання, сродкаў для існавання было вельмі мала. Мы, студэнты, выжывалі як маглі. З-за праблем з вучобай мне прыйшлося змяніць тры месцы працы. Працаваў у асноўным у крамах, на выходных падпрацоўваў на будоўлі. Пасля заканчэння ВНУ я думаў, што змагу знайсці высокааплачваемую працу, але… З маім вопытам у гандлі каля году і з вышэйшай адукацыяй, я магу пайсці максімум у краму прадаўцом за 300 даляраў у месяц.

 

Мая дзяўчына скончыла той жа ўнiверсiтэт, што і я. Цяпер яна прадавец-кансультант у краме спартыўнага адзення. Працуе за 250 даляраў  у месяц. Так і жывем. Пры тым, што для працы ў краме вышэйшай адукацыі не трэба. Прыходзіцца адмаўляць сабе ва ўсім.

 

Марына, 20 гадоў, студэнтка

Я на бюджэце, у мяне адпрацоўка, і месца па турызме на адпрацоўку знайсці вельмі цяжка. Асабліва ў Гродне, даводзіцца выбіраць па раёнах. Людзям са свабодным дыпломам прасцей, яны могуць пайсці не па спецыяльнасці. Што тычыцца высокааплочваемай працы, дык трэба быць не абы якім спецыялістам. Але з вышэйшай адукацыяй, плюс са стажам працы, больш шанцаў уладкавацца.

 

Канстанцін, 24 гады, выкладчык

Я б паставіў пытанне па-іншаму. Ці патрэбны дыплом аб вышэйшай адукацыі для атрымання нармальнай працы. І што такое нармальная праца? Высокааплачваемая? Якая прыносіць задавальненне? І тое, і другое? Найлепшая праца – высокааплачваемае хобі. Але так бывае нячаста.

 

Каб мець нармальную працу, дыплом не заўсёды патрэбны. Вось у нашай краіне зашмат юрыстаў і эканамістаў і мала рабочых спецыяльнасцяў. Але ўсё роўна, кожны год тысячы маладых людзей паступаюць у ВНУ, хоць некаторым гэта не трэба. Бо проста “так трэба”, бо “з паперкай ты чалавек”. Ці каб адкасіць ад войска, ці іншыя прычыны.

 

Яшчэ адна праблема – размеркаванне. Часцей за ўсё маладых людзей адпраўляюць у вёскі, а пасля адпрацоўкі большасць з іх звальняецца. Таму, думаю, што дыплом ВНУ не гарантуе хуткага знаходжання добрай працы.

 

Аляксандр, 21 год, студэнт

Я вучуся ў БДУІР на ІТ-спецыяльнасці і з упэўненасцю магу сказаць, што пасля атрымання дыплома змагу ўладкавацца на выдатную, добрааплачваемую працу. Іншае становішча ў моладзi, якая вучацца на педагогаў, гісторыкаў, тых жа лекараў і г.д. Ім вельмі складана патрапіць на добрую працу. Тыя ж будаўнікі, працуючы ў пыле і брудзе, атрымліваюць больш, чым людзі з вышэйшай адукацыяй. Таму я схільны падзяліць усіх выпускнікоў ВНУ на тых, хто працуе ў ІТ і жыве прыпяваючы, і тых , хто не працуе ў ІТ і жыве ад зарплаты да зарплаты.

 

Яраслаў, 22 гады, працуе ў мадэльным бізнэсе

Лёгка калі ты батан, адзін з лепшых у сваім выпуску, і атрымліваеш добрае размеркаванне! Або ў цябе ад пачатку ўсе перспектывы былі намаляваныя, бо твой пратэжэ (тата, добры знаёмы) ужо паклапаціліся аб тваім працоўным месцы. А ты атрымаў “корачку” проста так, каб не засмучаць сентыментальнага кадравіка…

 

Калі ты вучыўся не афігенна, але атрымаў дыплом, то альбо паехаў па размеркаванні на кепскіх умовах адпрацоўваць кантракт, альбо па вольным дыпломе шукаеш месца там, дзе ты не патрэбны. Але, калі ты круцейшы, калі ж ты разважлівы, то адчыняеш ІП або прадпрыемства па кампетэнтнай вобласці дзейнасці і ўжо сам наймаеш такіх жа лузераў, як ты…