Міністэрства энергетыкі не адмаўляецца ад асушэння Святога балота

Торфараспрацоўкі вакол прадпрыемстваў, такіх як брыкетны завод “Верцялішкі”, пачыналіся ў 50-70-х гадах мінулага стагоддзя. Тэрыторыі, якія зараз разглядаюцца як перспектыўныя для здабычы торфу, ужо тады былі замацаваныя нарматыўнымі актамі ў якасці крыніц сыравіны. Але пазней там былі створаныя “асабліва ахоўваемыя прыродныя тэрыторыі”, якія шкодзяць інтарэсам заводаў.

 

Менавіта таму ў 2011 годзе была прынятая сумнавядомая “антыбалотная” пастанова Савета міністраў №794, згодна з якой мелі быць асушаныя восем балот, у тым ліку кавалак балота Святое, што ля Азёр, памерам 250 гектараў.

 

align=”left” alt=”Леанід Шэнец” >

Як паведаміў першы намеснік міністра энергетыкі Леанід Шэнец, міністэрства не пакідае планы па асушэнні балот. Толькі ў мадэрнізацыю брыкетнага цэха ў Верцялішках было ўкладзена каля 40 мільярдаў рублёў. Запасаў торфу па-за заказнікам “Азёры” засталося толькі на сем год працы, але сённяшнія аб’ёмы здабычы ўсё роўна не дазваляюць працаваць без страт, таму завод “Верцялішкі” можа зачыніцца ўжо ў гэтым годзе, калі толькі не аддаць на торфараспрацоўку частку балота Святое. Калі ж вывесці частку балота з заказніка, можна падоўжыць жыццё прадпрыемства на яшчэ 20 год

 

Па словах Леаніда Шэнеца, у Беларусі для здабычы торфу выкарыстоўваецца менш за 0,5% агульнай плошчы тарфянікаў, а штогод здабыаецца каля 0,03% ад агульнай колькасці запасу торфу ў краіне. Таму Міністэрства энергетыкі лічыць, што здабыча торфу ў сённяшніх аб’ёмах не можа істотна пашкодзіць навакольнаму асяроддзю.

 

Намеснік міністра згадаў таксама, што плануюцца кампенсацыйныя мерапрыемствы: паўторнае забалочванне, пабудова супрацьфільтрацыйных дамбаў і іншае. Мінэнерга лічыць, што такім чынам уплыў торфараспрацоўкі на заказнік “Азёры” будзе амаль не заўважны.

 

У канцы канферэнцыі Леанід Шэнец паведаміў, што ягонае міністэрства катэгарычна супраць закрыцця завода “Верцялішкі”, які дае працу для 160 чалавек. Зварот супраць закрыцця накіравала больш за 600 чалавек. “Ці гэта не воля народа?” – задаў рытарычнае пытанне намміністра.

Нагадаем, што ў час грамадскіх слуханняў у Азёрах, якія праходзілі 2 лістапада, прысутныя выказваліся рашуча супраць торфараспрацовак. Згодна з меркаваннем эколагаў, торфараспрацоўкі прывядуць не толькі да асушэння балот, знішчэння флоры і фаўны на дзялянцы ў 270 га, але і да паступовага высыхання суседніх азёр Глінец і Шчуч’е, заільвання і зарастання возера Доўгае. Таксама гэта можа адбіцца на ўзроўні і якасці вады ў калодзежах, што непакоіць мясцовых жыхароў.

 

Таксама на слуханнях “Твой стыль” даведаўся, што многія шэраговыя супрацоўнікі завода “Верцялішкі” не надта гатовыя бараніць прадпрыемства. Заробкі там не самыя высокія: афіцыйна сярэдні – 3 млн., неафіцыйна – 1,5-2. Куды больш грошай мясцоваму насельніцтву прыносіць сезонны збор грыбоў ды ягадаў, ураджай якіх напрамую залежыць ад экалогіі рэгіёну. Таксама на слуханнях мы пачулі, што СПК “Верцялішкі”, калі што, згоднае прадставіць каля 100 вакантных працоўных месцаў.

     
 

Чытай таксама:


Лёс Святога балота яшчэ не вырашаны, але мінпрыроды паслядоўна бароніць заказнік