“Чартова Дюжина 2014”: гарадзенец піша пра канцэрт памяці Міхаіла Гаршанёва і перамогу Ляпісаў

|

За квіткамі прыйшлося ехаць у Маскву. Замовіць іх анлайн у нас з сябрам не атрымалася, бо ў інтэрнэт-касах яны былі або надта дарагімі, або ў самым канцы зала, дзе цяжка што-небудзь убачыць. Нам вельмі хацелася трапіць на танцпол, але квіткоў туды ўжо не засталося, таму мы набылі два месцы ў бельэтаж, якія каштавалі 2 500 расійскіх рублёў. Праз тры дні па радыё сказалі, што квіткоў больш не засталося.

 

Наступіў чаканы дзень канцэрта. Мы прыехалі ў Крокус Сіці Хол за некалькі хвілін да заяўленага часу пачатку мерапрыемства і вельмі пашкадавалі, што не прыехалі раней. Чарга, каб прайсці ахрану, была агромнай і рухалася не вельмі хутка. Заняўшы месца у чарге, мы выйшлі на вуліцу каб папаліць.

 

Каля нас стаяла чалавек сем перакупшчыкаў квіткоў. Прадавалі яны квіткі ў асноўным на танцпол, па 2 500 рублёў (у касе яны былі па 1 500). Мы падыйшлі да іх: “Вы прадаеце квіткі па 2 500, а яны каштуюць 1 500. У нас квіткі ў бельэтаж. Яны каштуюць у касе 2 500. Ці можна з вамі памяняцца на танцпол?” У адказ мы пачулі: “Добра, калі жадаеце абмяняцца, так і быць, за два квіткі даплаціце 3500”. Выкідаць 100 долараў не было ніякага жадання, таму мы дапалілі і пайшлі на свой бельэтаж.

 

Такія мерампрыемствы ніколі не пачынаюцца своечасова, і мы, нягледзячы на чаргу, трапілі акурат на пачатак. Але і тут, ужо трапіўшы ў залу, нас чакаў непрыемны сюрпрыз. Калі мы паспрабавалі заняць свае месцы, нас спыніў ахоўнік. “У мяне загад нікога сюды не пушчаць!”- сказаў ён. Мы паказвалі яму квіткі, тлумачылі, што тут нашыя месцы, але ён быў непахісны. Прыйшлося шукаць спачатку адміністратара, а потым начальніка аховы, якога я застаў ужо ля таго самага ахоўніка – яго акружылі іншыя людзьмі, якіх таксама не пушчалі на іх месцы. Канфлікт быў хутка ўладжаны.

Мерапрыемства прадстаўляла сабой уручэнне прэміі ўперамешку з выступамі гуртоў. Прэміі ў розных катэгорыях атрымалі  Аляксандр Васільеў (Сплін), Дыана Арбеніна (Начныя снайперы), Пілот, Casual, Гільза, ДМЦ, Тараканы, Louna і іншыя. Не абышлося і без беларусаў. Прэмію ў намінацыі “Канцэрт” атрымаў гурт Ляпіс Трубяцкі. Лідар гурта Сяргей Міхалок даволі цікава пракаментаваў узнагароду:

 

“Вялікі дзякуй. На самой справе самы лепшы канцэрт у мінулым годзе даў гурт “Калупатар” з пасёлка гарадскога тыпу Самахвалавічы ў Мінскім раёне. Я быў на гэтым канцэрце. Там быў угар. Нават тры нарады АМАПаўцаў не змаглі спыніць звар’яцелых фанатаў і фанатак, якія прарвалі кардоны ў доме культуры, вырваліся на сцэну і збілі ўсіх музыкаў. Гэта было вельмі добрае відовішча.

Мне падаецца, што ўсе фанаты любяць глядзець канцэрты, калі на іх хто-небудзь што-небудзь злажае. Усе фанаты абмяркоўваюць вялікі канцэрт Black Sabbath, калі п’яны Оззі Осбарн не мог трапіць ні ў адну ноту. Я бачыў вялікі канцэрт Олдзі, калі ён сабраўся дамоў пасля адстройкі, і для мяне гэта таксама было цудам. Таму і мы на сваім канцэрце не змаглі паказаць сваёй алімпійскай формы. Спяваў я вельмі дрэнна, наш гукарэжысёр не змог наладзіць гук. Нават добры свет не змог схаваць, што мы ўжо старыя і даўно не рок-сэксі-пупсы.

 

Таму я нават і не ведаю, ці радавацца мне таму, што мы атрымалі гэтую прэмію, і таму, што ў рускі рок-н-рол таксама пранікла карупцыя, і дзякуючы хабарам мы атрымалі гэтую прэмію, хоць і не заслужаную. Мы перадамо гэтую статуэтку вакалісту “Калупатара”, які знаходзіцца на лячэнні ў аршанскім наркалагічным дыспансеры. Юзік! Ты лепшы!”

 

У намінацыі “Легенда” перамог Міхаіл Гаршанёў, які, нагадаю, ў ноч з 18 на 19 ліпеня нечакана памёр. Прэмію перадалі маці легендарнага музыкі Таццяне Іванаўне Гаршанёвай. Увогуле, значная частка мерапрыемства прахадзіла пад эгідай памяці “Гаршка”. Яго фатаграфіі часта з’яўляліся на маніторах, аб ім шмат размаўлялі, а гурты Княzz (лідар – Андрэй Князеў, экс-вакаліст “Кароль і Шут”) і Кукрыніксы (лідар – Аляксей Гаршанёў, брат Міхаіла) цалкам прысвяцілі свае выступы памяці “Гаршка”.

Княzz спелі “Ляльку калдуна” і “Адэль”. Пад словы “не принимает разум твой уход, не лечат этот факт года” на маніторах свяцілася фота Міхаіла. Кукрыніксы зайгралі “Пракляты стары дом”. Галасы Міхаіла і Аляксея вельмі падобныя, таму песня гучала, быццам яе грае “Кароль і шут”. Разам Кукрыніксы і Княzz спелі песню “Боль”, якая была напісана ў памяць аб легендарным рокере.

 

На Маскоўскай сцэне не абыйшлося і без беларускай мовы. Гурт Ляпіс Трубяцкі пачаў свой выступ з песні “Не быць скотам”. Далей гучалі “Капітал”, “Жалезны”, “Рабкор”, “Танцуй” і “Маніфест”. Магчыма, гэта проста мая асабістая любоў да Ляпісаў, але мне падалося, што іх выступ быў самы “драйвовы” на канцэрце.

Хэдлайнерам прэміі быў гурт “Сплін”, які выступаў са спецыяльнай праграмай. Старых песен было няшмат. У асноўным яны спявалі песні з новага альбому, які паабяцалі выпусціць ужо ў сакавіку.

 

Пасля апошняй песні “Мороз по коже” канцэрт быў скончаны. У зале доўга не ўключаўся свет, і людзі чакалі працягу, крычалі “біс” і “яшчэ”. Нікому не верылася, што ўсё ўжо скончылася. Зал быў перапоўнены энергіяй. Але раптам свет уключыўся, і ўсе кінуліся да гардэробу (многія нават беглі), каб хутчэй забраць свае рэчы і не стаяць у чарзе ў некалькі тысяч чалавек.

 

Здымкі: Сяргей “Дзікі” Дзікевіч