На “Каложскім дабравесце” выступілі хоры стараабраднікаў і Армянскай Царквы (відэа + аўдыя)

Прадстаўнікамі Маскоўскага старабрадніцкага сабора былі выключна мужчыны, а прадстаўнікамі армянскага хору – выключна жанчыны. Выкананне духоўных песнапенняў адрознівалася ў абодвух хораў сваёй спецыфікай.

Выступы доўжылася каля дзвюх гадзін: прыблізна па гадзіне для кожнага хору. Свой выступ калектывы пачыналі з кароткай гісторыі іх паўстання, якую прэзентавалі духоўныя кіраўнікі.

Асабліва цікавым падаўся выступ хору “Аватамк” – усё ж Армянская Апостальская Царква мае багацейшую традыцыю. Сам хор яшчэ даволі малады, бо быў створаны ў 2010 годзе, і ад таго часу актыўна ўдзельнічае ў фестывалях, дае канцэрты ў сваё царкве, на грамадскіх мерапрыемствах, выступае ў шпіталях і вайсковых частках. У рэпертуары хору – не толькі духоўная музыка, але і народныя армянскія творы ў сучаснай апрацоўцы, творы еўрапейскіх кампазітараў.

Сваімі эмоцыямі і ўражаннямі ад беларускай публікі падзялілася маладая ўдзельніца хору: “Мы прыехалі сюды і атрымалі цудоўныя ўражанні ад вашага горада, ад вашай гасціннасці. Усе мы вельмі ўдзячныя арганізатарам якія нас цёпла прынялі. Гэты прыём для нас вельмі шмат значыць, бо многія чальцы хору з’яўляюцца пакуль яшчэ новымі людзьмі”.