Таямніца нямецкага надмагілля: у Гродне ля чыгуначнага мосту знайшлі пліту з імёнам нямецкіх афіцэраў

|

Каля будынка па вул. Падольнай 43, дзе зараз праводзяцца будаўнічыя працы і мае неўзабавае адчыніцца гандлёвы цэнтр, былі выяўленыя дзве гранітныя пліты з выразнымі слядамі апрацоўкі. Адна пліта аказалася чыстай, а вось на іншай рабочыя заўважылі надпісы: Hans”, “Kaiser і дата – 1915.

Нягледзячы на дрэнны стан, тое-сёе адчытаць на пліце ўсё ж магчыма: зверху ідзе эпітафія, дзе і згадваецца, што жаўнеры загінулі “за Кайзера”. Ніжэй пліта падзелена на дзве часткі – па розныя бакі ідуць дадзеныя двух нямецкіх вайскоўцаў, адзін з якіх – Ганс – быў лейтэнантам. Яшчэ ніжэй – зусім неразборлівыя каардынаты падраздзяленняў і даты нараджэння і, нарэшце, агульная дата смерці: 27.2.1915.

“Хутчэй за ўсё гэта ахвяры баёў з 20-м корпусам расейцаў падчас лютаўскага наступу 1915, – распавядае гісторык Андрэй Вашкевіч, – тады баі ішлі не ў самім горадзе, а ў ваколіцах: у прыватнасці на Сапоцкіншчыне”.

 

Пліты паходзяць з вайсковых могілак?

 

Але чаму пад надмагіллямі не было знойдзена парэшткаў? Ды і ляжалі яны падазрона блізка да будынку. Пры гэтым у Гродне існавалі сталыя месцы, дзе хавалі ў Першую сусветную нямецкіх жаўнераў. Гэта вайсковыя могілкі на вул. Белуша ды могілкі каля скрыжавання Астроўскага і Дзяржынскага (па іх застаўся толькі фрагмент каменнай агароджы). Дык як пліта магла апынуцца каля чыгуначнага мосту?

Нямецкія вайсковыя могілкі ў Гродне

 

Першая версія: як вынік вандалізму. Нямецкі комплекс на вайсковых могілках быў цалкам знішчаны пры саветах, а камяні маглі выкарыстоўвацца ў гаспадарчых патрэбах – як прыступкі, напрыклад. Аналагічныя выпадкі вядомыя з жыдоўскімі надмагіллямі, якія пасля пабудовы стадыёну “Чырвонае Знамя” апынуліся ў фундаментах прыватных дамоў ды прыбудоваў. Тым больш, што вайсковыя могілкі знаходзяцца нібы адносна недалёка…

 

Адначасова здзівіла форма пліт: апрацаванай была толькі верхняя частка, бакавыя сценкі выглядаюць грубавата. Магчыма, большая частка пліты танула ў зямлі, а зверху заставалася наўпрост гладкая паверхня з надпісам: то бок надмагілле над зямлёй амаль не падымалася. На ўзор амерыканскіх альбо заходнееўрапейскіх пахаванняў, якія часам мы бачым у фільмах. Аднак акурат такіх магілаў не было на вайсковых могілках, прынамсі, згодна з захаваўшыміся фота. Была каменная піраміда пасярэдзіне, былі крыжы, агароджа, брама… Ды і цягнуць такую пліту з вайсковых могілак каб зрабіць прыступкі – зусім не лёгкая праца.

 

Узарваны мост і нямецкая практычнасць

 

І тут акурат варта больш уважліва прыгледзецца да месца знаходкі. Чыгуначны мост, які знаходзіцца зусім поруч, быў узарваны расейскімі войскамі пры адступленні і ў 1916 адноўлены немцамі. Калі прыгледзецца да старых фота, бачна, што апора, якая злучала яго з берагам, была абліцаваная вельмі падобнымі гранітнымі блокамі (нечым падобныя дагэтуль можна ўбачыць на апоры старога мосту з боку вул. Гарнавых, фота ніжэй). То бок немцы, хутчэй за ўсё, па-гаспадарску знайшлі як выкарыстаць элементы разбуранай апоры!

Немцы адбудоўваюць чыгуначны мост у 1916 – звярніце ўвагу на пліты на апорах

 

А што з будынкам на Падольнай, 43?

 

“Першапачаткова гэта быў палац Румеля, – працягвае Вашкевіч, – яшчэ ў XVIII ст. Але з часам будынак перабудавалі пад Аляксандраўскае рамеснае вучылішча, якое адчынілася ў 1890 годзе”.

 

Усё, нарэшце, стае на свае месцы: будынак вучэльні, а мажліва і нешта з прыладаў, немцы маглі выкарыстоўваць для апрацоўкі каменных пліт з разбуранага мосту. І іх ужо, у сваю чаргу, везці куды заўгодна. Гэтая версія дае адказ на пытанне: чаму адзін з камянёў неапрацаваны? Ён цалкам можа быць нарыхтоўкай, якую не паспелі выкарыстаць.

 

Дзе шукаць парэшткі Ганса?

 

Але чаму ў майстэрні засталася і другая пліта? Магчыма, немцы не паспелі яе скончыць альбо наўпрост транспартаваць на месца прызначэння: у сувязі з сітуацыяй на фронце, напрыклад. Верагодна, спачатку над магіламі ставіліся драўляныя крыжы і толькі з часам замаўляліся бетонныя альбо гранітныя надмагіллі.

 

Расшыфроўка часткі надпісу з каардынатамі часткі, у якой служылі жаўнеры, наперадзе. Магчыма, яна дазволіць меркаваць аб месцы ды абставінах іх смерці, а таксама дазволіць меркаваць, дзе ж ляжаць парэшткі лейтэнанта Ганса, які памёр “за Кайзера”…

Цягам будоўлі рабочым трапляліся таксама манеты, асколкі керамікі, старадаўняя напольная плітка і нават медная ступка (на фота). Дырэктар будучага гандлёвага цэнтру плануе змясціць знаходкі, якія распавядаюць пра гісторыю будынка, на стэндзе пры ўваходзе. Спадзяемся, што і пліта з імёнамі нямецкіх жаўнераў зойме сваё пачэснае месца. Тым больш сімвалічна, што знойдзена яна ў 100 гадавіну пачатку І Сусветнай Вайны.

 

     
  У канцы мінулага году ў час будаўнічых прац на вул. Падольнай, 43 будаўнікі знайшлі таксама ходнікавыя пліты міжваеннага часу.  
     

 

 

Фота аўтара і А.Хацько