У Гродне адкрыліся фундаменты каралеўскай капліцы XVIII ст.

Першапачаткова капліца месцілася ўнутры палаца, але ўжо пасля соймаў у 1744 ды 1748 гг. гэта палічылі недахопам: сакральнае памяшканне займала зашмат месца ў найбольш ажыўленай частцы будынка. Аўгуст ІІІ зацвердзіў праект капліцы Яхіма Хрысціяна Яўха побач з палацам, і ў 1752 г. яна была скончаная.

Капліца мела адзін паверх, высокі чатырохсхільны дах, пакрыты дахоўкай, а па грэбні даху яе ўпрыгожвалі дэкаратыўныя вазы. З палацам капліца злучалася пераходам, які вёў у Авальную залу.

Пасля падзення Рэчы Паспалітай Новы замак перайшоў да расійскага вайсковага ведамства і набыў функцыі шпіталя. Капліца таксама была перабудаваная і змяніла сваё прызначэнне: яе падзялілі на тры памяшканні і выкарыстоўвалі як склад бялізны. На міжваенных польскіх паштоўках мы яшчэ бачым нічым не прывабны, пазбаўлены сакральных рысаў аднапавярховы будыначак за Новым замкам.

Сваё існаванне капліца канчаткова спыніла падчас Другой сусветнай вайны. Пажар выпаліў усе памяшканні палаца, пацярпела і капліца, якую савецкія архітэктары вырашылі не аднаўляць.

 

Аднаўленне капліцы ў перспектыве не выглядае фантастычным. Па-першае, захаваліся яе дакладныя прамалёўкі ў праекце XVIII ст. Па-другое, фундаменты дазваляюць з дакладнасцю да сантыметра вызначыць яе месцазнаходжанне. Па-трэцяе, што немалаважна, на яе месцы не было ўзведзена іншых будынкаў, якія трэба было б зносіць. На месцы капліцы ніколі не праводзіліся нават археалагічныя працы, якія маглі б даць цікавыя знаходкі, напрыклад, элементы аздаблення будынка.

 

Падобна да таго, што, як і сам гарадзенскі Новы замак, якому крытычна патрэбнае аднаўленне, палацавая капліца будзе чакаць свайго часу.