Пра дэмакратыю і грошы, альбо 25 год пост-савецкаму свету

|

Як гэта было і што з сябе ўяўляе пост-савецкі свет сёння, калі мы назіраем ужо непрыхаваную спробу “развярнуць” гісторыю і адрадзіць новую Імперыю? “Твой стыль” прыгадвае ключавыя падзеі, якія адбываліся ў 1989 г. на тэрыторыі СССР.

На фоне апісаных вышэй падзеяў кардынальна змянялася сітуацыя ў краінах былога камуністычнага блоку. Пачынаюць валіцца камуністычныя рэжымы ў Польшчы, ГДР, Чэхаславакіі, Румыніі, Венгрыі, Балгарыі, віруе Югаславія, у Кітаі танкамі на пляцы Цяньаньмынь душаць студэнтаў.

 

У самім Саюзе камуністы яшчэ намагаюцца ўтрымаць сваю ўладу з дапамогай сілы. Апагеем гэтых намаганняў становіцца разгон мірнай дэманстрацыі ў Тбілісі, у час якой савецкія вайскоўцы па загадзе камандавання з ужываннем сапёрных рыдлёвак забіваюць 16 чалавек. Пройдзе яшчэ паўгады – і гэты ўчынак будзе афіцыйна асуджаны на З’ездзе народных дэпутатаў СССР.

 

Пройдуць яшчэ два гады — і СССР сканае канчаткова. Паўсталыя на яго месцы краіны шукалі свой шлях развіцця. Чаму адныя з іх змаглі стаць дэмакратычнымі і багатымі, другія засталіся недэмакратычнымі і беднымі, а ў трэціх на фоне эканамічнага росту жорстка душацца правы чалавека?

 

Журналісты брытанскай “Гардыян” зрабілі нядаўна агляд сітуацыі ў кожнай з былых савецкіх рэспублік. Мы выбралі з гэтай інфармацыі звесткі, якія сведчаць пра ўзровень свабоды (аналізаваліся, наколькі свабоднымі і справядлівымі былі выбары прэзідэнтаў і парламентаў у гэтых краінах), а таксама ўзровень дабрабыту (сярэдні прыбытак на душу чалавека ў далярах).

Наколькі залежаць адзін ад аднаго ўзровень дэмакратыі і ўзровень дабрабыту ў краіне? Адказаць на гэтае пытанне мы папрасілі беларускіх навукоўцаў Аляксандра Пагарэлага і Таццяну Чуліцкую.

 

align=”left” width=”276″ height=”219″ >Аляксандр Пагарэлы, антраполаг, гісторык, стажаваўся ў Цэнтры Беларускіх даследванняў (Вінфілд, Канзас, ЗША), зараз супрацоўнік інстытута “Палітычная сфера”:


Можна сказаць, што дадзеныя інфаграфікі добра паказваюць ролю, якую адыгрывалі постсавецкія эліты ў трансфармацыі пасля камунізму.

 

Выбар на карысць таго ці іншага сцэнару развіцця ў значнай ступені залежыў ад якасці тых людзей якія знаходзяцца пры ўладзе, іх культурнага капіталу, гістарычнай памяці і ментальнага гарызонту.

 

Калі казаць пра асаблівасць Балтыі, то ў савецкі час яна ўспрымалася як своеасаблівы «блізкі Захад», яна дастаткова выразна адрозніваліся ад іншых савецкіх рэспублік.

 

Эстонія, Літва і Латвія вылучаліся тым, што іх камуністычныя эліты ўважліва ставіліся да інтарэсаў уласных краін. У адрозненні ад таго ж БССР камуністычныя кіраўнікі Балтыі не столькі праяўлялі звышлаяльнасць да Масквы, колькі стараліся прыстасаваць савецкія інстытуты і практыку размеркавання рэсурсаў КПСС, дзе гэта было магчыма, на захаванне ўласнай нацыянальнай адметнасці.

Паміж эстонскай савецкай інтэлігенцыяй і эстонцамі ў Швецыі ў 1970–1980-я гг. было больш кантактаў і яны былі больш разнастайнымі, чым, скажам, кантакты паміж беларускай савецкай інтэлігенцыяй і беларускай дыяспарай на Захадзе.

 

Посткамуністычныя эліты краін Балтыі вельмі добра ўсведамлялі гістарычны вопыт незалежнасці, якую мелі Эстонія, Літва і Латвія паміж дзвюма сусветнымі войнамі.

Легендарны жывы ланцуг, які ў 1989 г. злучыў два міліёны літоўцаў, латвійцаў і эстонцаў у іх імкненні да незалежнасці


Але апрача перавагаў такіх фактараў, як кантакты з краінамі Скандынавіі (тая ж Фінляндыя ўвесь час спрыяла інтэграцыі Эстоніі ў еўраатлантычныя структуры і дапамагала ў ажыццяўленні рэформ і ў энергетычнай сферы) і балтыйскімі дыяспарамі там і ў іншых краінах, прызнанне за імі статуса акупаваных дзяржаў пасля 1940 года на Захадзе эліты краін Балтыі ўсведамлялі неабходнасць пазбягаць памылак мінулага.

 

Напрыклад, калі ў 1930-я гг. тры рэспублікі не выступалі разам на арэне еўрапейскай палітыкі, не супрацоўнічалі і не шукалі агульных інтарэсаў, што і прывяло да паглынання іх СССР, то на рубяжы 1980–1990-х гг. яны імкнуліся праводзіць узгодненую і дабрасуседскую палітыку, скіраваную на далучэнне да Еўразвязу і НАТО.

 

Тое ж самае можна сказаць і пра вопыт аўтарытарызму і дыктатуры міжваеннага перыяду. Гэта стала своеасаблівай прышчэпкай, якая дапамагла пазбегнуць паўтарэння ранейшых памылак і стварыць эфектыўныя дэмакратычныя інстытуты.

 

Шлях посткамуністычнай трансфармацыі Балтыі быў дастаткова балючым, але тыя ж эліты, якія вырашылі парваць з камунізмам і з СССР (як Эдгар Савісаар і Арнольд Руйтэль у Эстоніі ці Вітаўтас Ландсбергіс у Літве) пайшлі на тое, каб пазбыцца навязанай ім у пасляваенны перыяд савецкай індустрыялізацыі, пазбыцца большасці неэфектыўных заводаў і развіваць замест гэтага ІТ-сектар, сферу паслуг, стварыць эфектыўную сельскую гаспадарку.

 

Усё гэта не было б магчымым без дакладнага разумення будучыні краін Балтыі, усведамлення свайго месца ў Еўропе, гістарычнага вопыту і рашучасці і скансалідаванасці з боку элітаў.

 

У БССР адмову ад уласнай прамысловасці і цеснай сувязі з Масквой большасць элітаў, асабліва кіраўнікі буйных прадпрыемстваў, успрымалі як самагубства, таму гэта ў значнай ступені абумовіла постсавецкую дынаміку развіцця Беларусі і выбар геапалітычнай арыентацыі.

 

Праблемы, натуральна, ёсць і ў Балтыі, і тыя ж лічбы прыбытку на чалавека ў год не сведчаць, што няма значнага сацыяльнага распластавання і што ўсе атрымліваюць гэтую суму, але створаны спрыяльныя ўмовы, каб дасягнуць прымальнага ўзроўню і якасці жыцця.

 

Палітычная канкурэнцыя і свабодныя выбары ў Балтыі — гэта рэальнасць.

 

Пры гэтым у палітычнае жыццё паступова ўцягваюцца і інтэгруюцца т. зв. расейскамоўныя. Яны атрымалі магчымасць пасля ўступлення Балтыі ў Еўразвяз у 2004 годзе жыць і працаваць у іншых краінах Еўропы.

 

Тое, што мы бачым у інфаграфіцы адносна выбараў, прызнаных вольнымі і дэмакратычнымі, і што так вылучае Балтыю, гэта зноў вяртае нас да пытання эліт.

 

У постсавецкай палітычнай культуры пераможца альбо пераможцы атрымліваюць усё, а канкурэнт не павінен мець ніякіх шанцаў. Адсюль — такая колькасць выбарчых фальсіфікацый. Эліты Балтыі адразу мелі акрэсленае ўяўленне пра перавагі палітычнай разнастайнасці, плюралізм і канкурэнцыю як крыніцы ўмацавання і кансалідацыі дэмакратыі.

 

Гэтага нельга сказаць пра рэшту постсавецкага свету за рэдкім выключэннем. Эліты рэшты постсавецкіх грамадстваў навязалі часта штучна выбар паміж свабодай і бяспекай і дабрабытам.

 

Большасць краін зрабіла выбар на карысць толькі апошняга, але ўрэшце рэшт згубіла і свабоду, і дабрабыт. Прычым гэта адбываецца і там, дзе наяўнасць нафты і газу дазваляе купляць лаяльнасць грамадзян (Азербайджан, Казахстан і інш.).

 

Таццяна Чуліцкая, доктар сацыяльных навук, выкладчык ЕГУ (Вільня):

Развіццё постсавецкіх краін дэманструе самыя разнастайныя вектары — ад краін Балтыі, якія рухаюцца па шляху праеўрапейскіх дэмакратычных пераўтварэнняў, Украіны, якая вагаецца ў сваёй палітычнай траекторыі, да адносна стабільнай у недэмакратычным развіцці Беларусі.

 

Адказ на пытанне, чаму так адбываецца, прадугледжвае розныя інтэрпрэтацыі. З аднаго боку, ёсць пэўная ўзаемасувязь паміж узроўнем эканамічнага развіцця і ступенню дэмакратызацыі. Так, як бачна з табліцы, Эстонія, Латвія і Літва, якія маюць высокія паказчыкі валавага ўнутранага прадукта сапраўды далёка прасунуліся ў плане пабудовы і ўмацавання дэмакратычных інстытутаў, у прыватнасці — свабодных выбараў.

 

З іншага боку, аднаго гэтага паказчыка відавочна недастаткова, паколькі ў такім выпадку ўслед за краінамі Балтыі самай дэмакратычнай краінай павінна была б быць Расія..

 

Цытуючы вядомага еўрапейскага палітолага Ф. Шміттэра, можна сказаць, што дэмакратыя не абавязкова раўняецца свабоднай і эфектыўнай рынкавай эканоміцы. Гэта азначае, што прамая ўзаемасувязь і тлумачэнне вышэй адзначанай розніцы толькі эканамічнымі прычынамі не выглядаюць дастатковымі.

 

Для тлумачэння адрозненняў у палітычным развіцці неабходна разглядаць рэфармаванне ўсёй дзяржаўнай сістэмы, комплекснасць гэтага працэсу, змяненні не толькі ў палітычных інстытутах, але і ў прававых, сацыяльных, культурных, а таксама на ўзроўні дзяржаўнага  кіравання і пераўтварэння апошняга ў сістэму публічнага адміністравання.

 

Асабліва важным у дадзеным кантэксце ўяўляецца не толькі дасягненне адпаведных эканамічных паказчыкаў, але і ўстойлівасць і функцыянальнасць эканамічных інстытутаў, а таксама ўключанасць краіны ў сусветныя і рэгіянальныя эканамічныя працэсы.

 

Калі выкарыстоўваць такую рамку для параўнання сітуацыі ў Беларусі і, напрыклад, у Польшчы, менавіта на ўзроўні інстытуцыянальных пераменаў, устойлівасці развіцця, будзе заўважана найбольшая розніца.

 

Калі ў беларускім выпадку пасля прыходу да ўлады А. Лукашэнкі палітычны курс быў на захаванне стабільнай сітуацыі ў краіне за кошт адмовы ад структурных рэформаў, то Польшча радыкальна рэфармавала як палітычныя, так і эканамічныя і іншыя грамадскія  сферы.

 

Вынік адбіўся на ўзроўні ўсёй палітычнай сістэмы. Адначасова з гэтым для лепшага разумення і адэкватнага аналізу працэса пераменаў у постсавецкіх краінах найбольш падыходзячымі інструмантамі будуць комплексныя індыкатары, якія ацэньваюць як эканамічнае, так і сацыяльнае развіццё.