У Гродне адбудзецца Медыя Сняданак

|

Яго ўдзельнікі першымі ў Беларусі атрымаюць інфармацыю пра вынікі Глабальнага Індэксу Старэння і пазіцый Беларусі ў гэтым індэксе, а таксама пра пачатак кампаніі “Горад, прыязны да сталых людзей”, якая пачынаецца сёлета ў Гродне.

 

Глабальны Індэкс Старэння ствараецца з 2013 года міжнароднай арганізацыяй Хэлпэйдж Інтэрнэшнл пры падтрымцы Фонда ААН у галіне народанасельніцтва (ЮНФПА).

 

Месца краін у гэтым рэйтынгу вызначаецца на аснове аналізу матэрыяльнага дабрабыту сталых людзей, стану іх здароўя, магчымасцяў для працы і адукацыі, а таксама наяўнасці спрыяльнага для сталых людзей асяроддзя.

 

Сёлета даследаваннем былі ахопленыя 96 краін свету, у якіх жыве 91% сталых жыхароў нашай планеты.

 

Журналісты, які прыйдуць на сустрэчу, даведаюцца, якое месца займае нашая краіна ў гэтым рэйтынгу, як яна выглядае па розных паказчыках Індэкса ў параўнанні з нашымі суседзямі. Асобная частка сустрэчы будзе прысвечаная прадстаўленню ідэі кампаніі “Горад, прыязны да сталых людзей”.

 

Яе ініцыятарамі з’яўляюцца арганізатары праграмы “Універсітэту Залатога Веку”, якая дзейнічае ў горадзе з 2010 г. на базе грамадскага аб’яднання “Цэнтр “Трэці сектар”.

 

Удзельнікі сустрэчы даведаюцца, што плануецца зрабіць у межах кампаніі, каб у Гродне сапраўды былі б створаныя больш зручныя ўмовы для жыцця сталых людзей, для рэалізацыі іх здольнасцей і інтарэсаў, абароны іх правоў.

 

Прэзентацыя Індэксу і кампаніі “Горад, прыязны да сталых людзей” адбудзецца 1 кастрычніка ў Міжнародны дзень сталых людзей.

 

Пачатак сустрэчы – а 10-й гадзіне ў кавярні “Салодкі пачастунак” (вул. Ажэшкі, 25).