Горад, прыязны да сталых людзей

|

Інфармацыя пра пачатак кампаніі была агучаная 1 кастрычніка ў час Медыя Сняданку для журналістаў, арганізаванага арганізатарамі і актывістамі праграмы “Універсітэт Залатога Веку”, якая працуе ў Гродне з 2010 г.

 

Мэтай кампаніі з’яўляецца заангажаванне прадстаўнікоў грамадскіх, дзяржаўных, камерцыйных арганізацый, прадстаўнікоў акадэмічнай супольнасці да выпрацоўкі канкрэтных дзеяняў, накіраваных па паляпшэнне якасці жыцця сталых людзей і выкарыстанне іх патэнцыялу на карысць грамадства.

 

Прыкладамі такіх дзеянняў можа стаць далучэнне Гродна (у якасці першага беларускага горада) да міжнароднай сеткі Гарадоў, прыязных да сталых людзей, стварэнне Гарадзенскай «Залатой Карткі» для сталых людзей, паводле якой сталыя людзі маглі б атрымліваць зніжкі на тавары і паслугі, пры наведванні кавярняў, кінатэатраў і г.д.

 

Ініцыятары кампаніі спадзяюцца таксама зрабіць Гродна месцам правядзення рэгіянальных, нацыянальных і транспамежных Фестываляў творчасці сталых людзей, паспрыяць стварэнню ў горадзе новых адукацыйных, інфармацыйных і іншых пляцовак для тых, хто ўжо выйшаў на пенсію.

 

Першую сустрэчу ўсіх зацікаўленых у рэалізацыі такой кампаніі людзей плануецца зладзіць яшчэ да канца бягучага года.

 

Дата абвяшчэння пра пачатак кампаніі “Горад, прыязны да сталых людзей”, была абраная не выпадкова. Менавіта 1 кастрычніка ў свеце адзначаецца Міжнародны дзень сталых людзей. 

 

У час Медыя Сняданку гарадзенскім журналістам таксама быў прадстаўлены найноўшы Глабальны Індэкс Старэння, які з’явіўся ў публічным доступе толькі 1 кастрычніка.

 

Фота Варвары Злобінай