Прывітанне з мінулага ад Deviation

|

Альбом «Чарговы дзень пад акупацыяй» выйшаў вельмі тыповым для гарадзенскіх анарха-панкаў: поўнафарматны, злобны, поўны цяжкіх рыфаў і хуткіх рытмаў, лязгату, з інтра і перарыўнікамі паміж трэкамі. Здаецца, і не было гэтых 8 год, што мінулі з часоў рэлізу апошняй кружэлкі. Можа толькі гук стаў больш цяжкім, аднастайным. Няма ўжо рэгі і іншых адхіленняў, затое ёсць паклон у бок класікаў – песня па матывах Sex Pistols. Разам з музычнымі ўпадабаннямі засталіся такімі ж і палітычныя погляды гурта. Варта толькі пачытаць трэкліст: Забі мяне мент, Сэкс з прэзідэнтам, Будучым ворагам дзяржавы і г.д.

Тут і ёсць галоўная загана альбому. Deviation безнадзейна састарэлі: як Зянон Станіслававіч ці Вітаўт Мартыненка. І гэтаксама катэгарычныя: што ні песня то заклік да дзеяння. Слухаючы гэтае прывітанне з мінулага, разумееш, што Deviation засталіся адны. Гульня ў акупацыю працягваецца, толькі тых, хто гуляецца ў партызан, ужо не засталося. Акрамя Стаса і яго банды. А адзін у полі – не воін.

На жаль, я не застаў лепшыя часы Deviation і ўсёй гарадзенскай сцэны – слухаў тады іншую музыку. На кароткі час захапіўся іх дэструктыўнай творчасцю толькі пасля падзей на Плошчы. А сёння ізноў, мы – шчаслівыя падкормленыя ахвяры канфармізму, якія п’юць колу і глядзяць трансформераў. Калі не, то чаму «Чарговы дзень пад акупацыяй” гучыць для нас так анахранічна?

Яшчэ ён гучыць анархічна. Але гэта далёка не загана – гэта светапогляд. Хто я такі, каб яго каментаваць? Нефармальнасць і пагарда да сістэмы і правілаў – нават у фармаце выкладзеных файлаў. Ogg – не самы папулярны фармат – быў выбраны, бо не мае патэнтных абмежаванняў. «Фармат mp3 – патэнтаваная карпаратыўная шняга», – тлумачаць нам Deviation. А ў іншым месцы: «БМА – камерцыйнае быдла». Адносіцца да гэтай ідэалогіі можна па рознаму, але пакуль будзе існаваць улада як феномен падпарадкавання чалавека чалавеку – будуць і анархісты.

Каб не выглядала надта крытычна: альбом у цэлым добры, роўны, без выразна слабых месцаў. Проста сёння ён выглядае быццам падвешаны сярод пустаты, зусім па-за кантэкстам. Deviation сёння – як зомбі ці прывід, жыве мінулым. Але мінулае тое, трэба аддаць належнае, было гераічным.

Гурт: Deviation

Альбом: Чарговы дзень пад акупацыяй

Год: 2009

Стыль: анархапанк/хардкор

Дзе ўзяць: http://belarus.indymedia.org/17288

Прыватная ацэнка: 5/10