У Гродне працуе выстава арыстакратычнай моды

|

Тыя, хто завітаў на выставу “Как денди лондонский одет”, змаглі ўбачыць не толькі модныя ў канцы XVIII-XIX стст. вопратку і аксэсуары, але і паслухаць спевы эпохі дэндзізму – выстава пачалася з невялікай інсцэнізацыі паводле пушкінскага “Яўгена Анегіна” (галоўны герой – тыповы дэндзі).

 

Выстава прыехала ў Гродна з гістарычнага музею ў літоўскіх Троках. Гэта першы вынік супрацоўніцтва паміж двума музеямі, якое распачалося вясной гэтага году. Дырэктарка гарадзенскага музею Рыта Янчалоўская і дырэктар музею ў Троках Віргіліус Павілюнас упэўненыя, што гэта толькі пачатак. У наступным годзе экспанаты з Гродна павінны адправіцца ў Літву.

 

 

Экскурсавод жвава і весела пазнаёміла з тым, як і чаму паўстал стыль дэндзі, і чым гэтыя франты выдзяляліся з натоўпу. Гэтак, дэндзізм стаў адказам традыцыйнай англійскай арыстакратыі на з’яўленне новай буржуазіі, якую тыя называлі выскачкамі і нуварышамі.

 

 

На выставе асаблівую цікавасць прадстаўляе калекцыя курыцельных люлек, якую музей у Троках набыў толькі ў гэтым годзе і якая нідзе раней не выстаўлялася. Прылады для курэння тытуню і нюхання табакі – важны атрыбут мужчыны ХІХ стагоддзя. На фота ніжэй справа можна пабачыць незвычайную люльку ў выглядзе галавы князя Вітаўта.

 

 

На выставе можна пабачыць капялюшы-цыліндры, гадзіннікі, акуляры і іншае. А адзін з элементаў вопраткі дэндзі – камізэлька – наогул аказаўся важным палітычным сімвалам. Камізэлькі распаўсюдзіліся ў Еўропе пасля Вялікай французскай рэвалюцыі і расійскі імператар Павел І быў упэўнены, што яны рэвалюцыю і зрабілі. Таму ён забараніў насіць камізэлькі ў Расіі.

 

Фота і відэа аўтара