З гарадзенскага ўніверсітэту звальняюць яшчэ двух гісторыкаў

|

Першай пра сваё хуткае звальненне напісала 15 снежня ў сваім акаўнце ў Фэйсбуку Святлана Куль-Сяльвёрстава:

 

– “усё, з 29.12.14 не працую ў Гродзенскім універсітэце. Кантракт на 0,25 стаўкі не аднаўляюць. Кажуць, не адпавядаю. Гэта радуе. Цяпер адпавядаць універсітэту ў Гродне – гэта сорам”.

 

Святлана працавала ва ўніверсітэце з 80-х гадоў. Апошнім часам чытала курс беларускага скорапісу і беларускай гістарычнай храналогіі, спалучаючы гэта з выкладаннем ў беластоцкай Палітэхніцы.

 

Генадзь Семянчук з’яўляецца вядомым беларускім гісторыкам і археолагам і таксама шмат гадоў адпрацаваў на кафедры археалогіі і этналогіі ГрДУ.

 

17 снежня стала вядома, што адміністрацыя ўніверсітэту папярэдзіла яго, што працоўны кантракт, тэрмін дзеяння якога сканчаецца 27 студзеня 2015 года, працягнуты не будзе. Тлумачэнняў прычын для такога рашэння не прыкладалася.

 

Абодва спецыялісты карысталіся павагай студэнтаў і аўтарытэтам сярод калегаў. І Святлана і Генадзь вызначаліся таксама сваёй грамадскай пазіцыяй. На думку многіх, менавіта гэта і стала рэальнай прычынай звальнення.

 

Гарадзенскі ўніверсітэт ужо не першы раз за апошнія гады фігуруе ў скандальных гісторыях, звязаных са звальненнем вядомых выкладчыкаў.

 

Так, з гістфаку ГрДУ былі звольненыя гісторыкі Іна Соркіна, Вячаслаў Швед, Андрэй Чарнякевіч і Вольга Сабалеўская.

 

Па ўласнай волі ў знак пратэсту з юрыдычнага факультэту звольніўся Ігар Кузьмініч

 

Такія дзеянні адміністрацыі ўніверсітэту ставяць пад пагрозу не толькі міжнародны аўтарытэт і міжнародныя праекты, у якіх задзейнічаны ГрДУ, але і далучэнне Беларусі да Балонскага працэсу.

 

Нагадаем, што адной з галоўных умоваў удзелу Беларусі ў еўрапейскай прасторы вышэйшай адукацыі з’яўляецца павага да акадэмічных свабодаў у краіне.

 

Менавіта парушэнні акадэмічных свабодаў у беларускіх ВНУ не дазволілі нашай краіне далучыцца ў 2012 г. да Балонскага працэсу.

 

Чарговыя звальненні гарадзенскіх выкладчыкаў моцна аслабляюць беларускую заяўку на далучэння да гэтага працэсу ў 2015 г.