“Адчыніце, гэта Паша Рыбак”

 – Любоў да футбола прывіў мне тата. Калі шчыра, то ўжо не памятаю, які быў першы матч, што я наведаў, але з тых часоў у мяне ў галаве сядзяць галы Юрыя Мазурчыка, забітыя пасля шматлікіх выхадаў на замену, бліскучая гульня маладога Аляксандра Сулімы, гульня дзёрзкага абаронцы Ігар Кавалевіча, які не мог адыграць матч без карткі.

 

Памятаецца град галоў супербамбардыра тых часоў Сяргея Давыдава. Ну і вядома ж запоўнены стары добры стадыёнчык «Чырвоны сцяг».

 

Затым была рэканструкцыя, пасля якой здарыўся мой першы прыход на фан-сектар. Як цяпер памятаю гэта была гульня са сталічным МТЗ-РЫПО, якая скончылася з лікам 1-1.

 

З фанацкім сектарам звязана мноства як станоўчых, так і адмоўных эмоцый.

 

Са станоўчых хацелася б вылучыць атрыманне мной шасцi маек ад футбалістаў любімага клуба. Гэта майкі Аляксандра Сямёнава, Івана Дзенісевіча, Аляксея Легчылiна, Паўла Рыбака, Ягора Зубовіча, а гэтак жа рэтра-майка клуба «Нёман-Белкард» ад Сяргея Палякова.

 

Распавяду пра тое, як у мяне апынулася майка Рыбака.

 

Набліжалася апошняя гульня сезону 2012/2013 г. Так атрымалася, што Паша Рыбак здымаў кватэру ў маім доме і маім пад’ездзе. Часта нам даводзілася бачыцца, размаўляць пра футбол.

 

І вось за два дні да апошняй гульні сезона сустрэўся мне Паша ля пад’езда. Я не разгубіўся і папрасіў у яго майку.

 

Пасля гульні Паша накіраваўся ў распранальню з майкай, я ўжо расчараваўся, думаў –  нiчога не будзе. Але пад вечар нехта пагрукаў у мае дзверы.

 

На парозе сталі Дзмітрый Кавалёнак і Павал Рыбак (на здымку ўверсе ў цэнтры).

 

Хлопцы зайшлі ў госці, мы крыху паразмаўлялі. Ну і, вядома, я атрымаў абяцаны падарунак і сфатаграфаваўся з хлопцамі на памяць”.

 

Нагадаем, Павал Рыбак не так даўно папоўніў шэрагі салігорскага «Шахцёра», а трансфертных навінаў пра Дзмітрыя Кавалёнка яшчэ няма.

 

Чытайце ў нашым праекце таксама:

 

Майка ад куміра

ТэлеВіталь: Тады нам было 15, а зараз 44


Гісторыі гарадзенскіх заўзятараў: Валерый і падарунак ад Рэкіша


“А Іван зняў майку і кінуў яе нам”


Заўзятарка Таццяна: майка і моцныя абдымкі ад Тарасаўса


«Вярніце майку – гульцу гуляць не ў чым!»