Зберажом вяртлявую чаротаўку і дзеркача

Актывісты Гродзенскага аддзяелення арганізацыі “Ахова птушак Бацькаўшчыны” пазначаць месцы пасялення вяртлявай чаротаўкі і дзеркача. Па словах Дзмітрыя Вінчэўскага, старшыні савета Гродзенскага аддзялення “АПБ”, у Беларусі жыве 60% сусветнай папуляцыі чаротаўкі, і ад таго, як будуць яе ахоўваць у Беларусі, будзе залежаць захаванне або знікненне дадзенага віду.

– Спецыяльны стэнд ўсталююць у арніталагічным заказніку мясцовага значэння “Свіслач”, які знаходзіцца на мяжы Гродзенскага і Бераставіцкага раёнаў. Абазначым самую цікавую частку – балота Дзікое, якое ўключана ў частку Белавежскай пушчы, – паведаміў “Твайму Стылю” Дзмітрый Вінчэўскі.- Тут якраз водзіцца вяртлявая чаротаўка. На інфастэндзе акрамя засцерагальнага надпісу будзе міжнародны знак – Глабальнай прыродаахоўнай асацыяцыі BirdLifeInternational, які зразумелы ва ўсім свеце.

Інфастэнд пазначае не толькі тэрыторыю, важную для птушак, але і гаворыць пра тое, што тут знаходзіцца куток дзікай прыроды. Там нельга пагаршаць гідралагічны рэжым – асушаць балоты, і мусіць быць асабліва пільнае назіранне, каб не ўзнікала пажараў. Гэта таксама і пэўнае прыцягненне для турыстаў, бо ўсё-ткі куткоў дзікай прыроды застаецца ўсё менш.

Яшчэ ёсць праблема – на іншай тэрыторыі, дзе таксама селіцца вяртлявая чаротаўка, шаша на Свіслач падзяліла балота на дзве частка. Адна з іх уваходзіць у Бераставіцкі раён і адносіцца да тэрыторыі заказніка, а частка па Гродзенскім раёне ў заказнік не ўвайшла і таму не знаходзіцца пад якой-кольвек аховай.

У Беларусі з восені 2008 года рэалізуецца сумесны праект “Аховы птушак Бацькаўшчыны” і Шведскага арніталагічнага таварыства па стварэнні ў Беларусі “сеткі ахоўнікаў тэрыторый, важных для птушак”. Праектам прадугледжаны выраб і ўсталяванне спецыяльных аншлагаў – інфармацыйных стэндаў у месцах пасялення птушак, якія адносяцца да віду, які без дапамогі людзей ужо выжыць не зможа. У кожнай з абласцей Беларусі будуць пазначаныя па адной такой тэрыторыі.

На сёння ў Беларусі каля 50 тэрыторый, важных для птушак.

Здымак з novaya.com.ua