Гарадзенскія дзяўчыны перамаглі ў міжнародным турніры чырлідараў

|

Спаборніцтвы праходзілі ў Гомелі, дзе гарадзенская каманда “Iceberg” – група падтрымкі ХК “Нёман” выйграла ў прэстыжнай намінацыі Freestyle Team. Дзяўчыны паказвалі танцавальны нумар “Тайм-аўт”.

 

Гэта першы сур’ёзны поспех гарадзенскіх чырлідарак. Некалькі гадоў таму дзяўчыны змаглі падняцца толькі на трэцяе месца. Да таго ж, стала выступаць на падобных турнірах няма магчымасці – увесь вольны час яны рыхтуюцца да выступленняў на хакейных матчах.

 

Капітан каманды Наталля Вялічка, спецыяльна для “Твайго стылю” падзялілася ўражаннямі аб турніры:

 

align=”” alt=”чирлидеры, Гродно, Неман, группа поддержки” >

“З’яўляючыся афіцыйнай групай падтрымкі хакейнага клуба “Нёман”, у нас няма вялікай магчымасці рыхтавацца і ездзіць на спаборніцтвы. Апошні такі досвед быў два гады таму, тады былі на трэцім месцы.

 

Атрымаўшы зараз запрашэнне ад арганізатараў фестывалю, я сур’ёзна задумалася і прапанавала дзяўчынкам. Многія адразу падхапілі ідэю, магчыма, засумавалі па адрэналіне, драйве, напале і духу суперніцтва. Выбралі чырлідарскую намінацыю “Freestyle Team”, бо яна найбольш танцавальная, а нам гэта бліжэй, бо на хакейных матчах мы выконваем менавіта танцавальныя шоу.

 

Калектыў у нас дружны і зладжаны, таму падчас падрыхтоўкі і самога конкурсу праблем не ўзнікала, тым больш паехала самая баявая сямёрка з каманды. Часу на падрыхтоўку было мала, але мы не падалі духам і на апошнім тыдні сустракаліся кожны дзень, каб на спаборніцтвах паказаць сябе ўсё на лепшым узроўні.

 

У выніку мы перамаглі і цяпер вар’яцка шчаслівыя. Магчыма, дзесьцi нават і не чакалі, бо не частыя госці падобных спаборніцтваў. Але адчуванні невымоўныя. Адразу разумееш, што клопаты нездарма, што пакуты трэніровак ўзнагароджаныя і доўгая дарога ў Гомель апынулася толькі ў радасць.

 

Цяпер зарадзіліся і разумеем, што хочам яшчэ і яшчэ ўдзельнічаць у розных спаборніцтвах. Зразумелі, што можам і што, не гледзячы на занятасьць на хакейных матчах, пры вялікім жаданні, можна паспець усюды. Бо так выдатна, калі твая праца ў радасць, ды яшчэ і ўзнагароджваецца найлепшай пахвалой!”

 

Бліжэйшая гульня “Нёмана” ў гарадзенскiм лядовым палацы пройдзе 16 лютага, праціўнікам каманды будуць хакеісты мiнскага “Юнацтва”. На гэтым матчы можна будзе ўбачыць выступленне нашых чэмпіёнак.