Дзе Раўнейка?

|

Праз лічаныя дні абноўлены гарадзенскі “Нёман” правядзе свой першы афіцыйны матч у новым сезоне.

 

У Барысаве падапечныя Сяргея Саладоўнікава будуць змагацца з чэмпіёнам краіны за выхад у паўфінал Кубка Беларусі.

 

Каманда амаль сабрана і гатовая да гульняў, але дзе заслужаны гулец каманды Дзмітрый Раўнейка?

 

Футбаліст не аб’яўляў аб завяршэнні кар’еры, гэтак жа яго не было бачна і на трэніроўках гарадзенскай каманды.

 

Куды ж знiк дасведчаны абаронца?

 

За адказам мы звярнуліся да кіраўніцтва клуба.

 

– Дзіма ўжо аплаціў вучобу і будзе трэнерам. Вам лепш з ім пагутарыць, ён вам больш раскажа.

 

Сам Дзіма Раўнейка распавёў, што кар’еру футбаліста яшчэ не завяршаў і гуляць гатовы, вось толькі дзе і калі – пакуль не вядома.

 

Што тычыцца трэнерскай кар’еры, то абаронца не адмаўляе, што вывучае трэнерскую справу, толькі гэта ніяк не паўплывае на гульнявую практыку, калі гулец працягне кар’еру футбаліста.

 

Калі завяршаць кар’еру, то толькі ў Гродне – адзначыў абаронца.

 

Статыстыка Дзмітрыя Раўнейка:

 

1998-2002 “Нёман” Гродна – 110 гульняў, 0 галоў

 

2003-2005 “Тарпеда” Масква – 32 гульні, 1 гол

 

2004 “Ротар” Валгаград (арэнда) – 6 гульняў, 1 гол

 

2006 “Шахцёр” Салiгорск- 11 гульняў, 1 гол

 

2006-2007 “Нёман” Гродна – 30 гульняў, 0 галоў

 

2008 “Днепр” Магiлёў – 29 гульняў, 0 галоў

 

2009-2014 “Нёман” Гродна-132 гульні, 3 галы.

 

Такія гульцы, як Дзмітрый Раўнейка, заслугоўваюць на годнае заканчэнне кар’еры футбаліста.

 

Напрыклад, іншаму Дзмітрыю, які Кавалёнак, прапанавалі новы кантракт і гулец працягне кар’еру ў “Нёмане”, бо досвед, атрыманы з гадамі, напэўна спатрэбіцца гарадзенскай моладзі.

 

Што да Раўнейкі, то яго будучыня яшчэ пад пытаннем.

 

… У апошнім матчы мінулага сезону абаронца са зламаным рабром працягнуў гуляць у матчы і нават адзначыўся голам у браму бабруйскай “Белшыны”.

 

Гэты ўчынак і многія іншыя надоўга запомнілі гарадзенскія заўзятары, вось толькі ці ўспомніць пра гэта кіраўніцтва клуба – застаецца пытаннем.